У рамках ІКТ-форуму “ТІБО-2021” прайшла ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 20-годдзю дзейнасці кампаніі Huawei на рынку Беларусі і старту чарговага этапу адукацыйнай праграмы “Насенне будучыні — 2021”. На цырымоніі прысутнічалі ганаровыя госці: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Се Сяоюн, міністр сувязі і інфарматызацыі К.К.Шульган, першы намеснік міністра адукацыі І.А.Старавойтава, генеральны дырэктар ТАА “Бел Хуавэй Тэхноладжыс” Ван Чэнь, а таксама госці з вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і партнёры кампаніі.
Сёння прадукцыяй кампаніі Huawei карыстаецца больш за трэць насельніцтва планеты. Прадукты і паслугі даступны больш чым у 170 краінах свету. Кампанія Huawei ўваходзіць у топ-100 Global Innovators, займае 49-е месца ў рэйтынгу Fortune Global 500, выручка ад продажаў у 2020 годзе склала 136,7 млрд долараў. У кампаніі 190 тысяч супрацоўнікаў, 20 уласных навукова-даследчых цэнтраў. У 2001 годзе кампанія Huawei афіцыйна пачала развіваць бізнес у Беларусі. У 2015-м пабудавала ў нашай краіне першую камерцыйную сетку LTE. У 2020 годзе пачалося супрацоўніцтва ў сферы 5G з Кітайска-Беларускім індустрыяльным паркам “Вялікі камень”.
Huawei не забывае аб сваёй сацыяльнай адказнасці перад грамадствам і ўдзяляе асаблівую ўвагу адукацыйным ініцыятывам. Для навучання таленавітай моладзі кампанія адкрыла вучэбныя цэнтры на базе ВНУ Беларусі. Пачынаючы з 2015 года штогод 10—20 лепшых студэнтаў з Беларусі праходзяць навучанне ў Кітаі ў рамках праграмы “Насенне будучыні” за кошт кампаніі. Гэтая глабальная праграма заснавана ў 2008 годзе. У яе рамках студэнты з больш чым 500 вядучых ВНУ планеты атрымліваюць магчымасць наведаць штаб-кватэру кампаніі Huawei, азнаёміцца з перадавымі тэхналогіямі, сустрэцца з лепшымі экспертамі, вывучыць кітайскую тэхналагічную экасістэму і багатую культуру, папрацаваць на самым сучасным абсталяванні ў інавацыйных лабараторыях вядучай ІКТ-кампаніі.
Як адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Анатольеўна Старавойтава, за 6 гадоў існавання праекта ў Беларусі такі адукацыйны тур здзейснілі больш за 80 маладых спецыялістаў, 55 з іх прайшлі навучанне непасрэдна на тэрыторыі Кітая. Прызёры і пераможцы праграмы працягнулі сваё навучанне і працоўную дзейнасць у Беларусі, 2 з якіх непасрэдна ў кампаніі ТАА “Бел Хуавэй Тэхноладжыс”. Калі ў 2019 годзе пераможцамі і лаўрэатамі праекта сталі 10 студэнтаў з 2 устаноў вышэйшай адукацыі, то ў 2020 годзе — ужо 30 студэнтаў з 8 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.
У 2021 годзе ў нашай краіне праграма праекта “Насенне будучыні” пройдзе 7 раз. З-за абмежаванняў, выкліканых пандэміяй COVID-19, яна пройдзе ў анлайн-фармаце. Па выніках адборачных этапаў будуць вызначаны 20 фіналістаў, якія прымуць удзел у 8-дзённай анлайн-праграме. Удзельнікаў чакае праходжанне базавых і прасунутых курсаў па 5G, воблачных вылічэннях, штучным інтэлекце; знаёмства з традыцыйным і сучасным Кітаем з дапамогай віртуальных экскурсій; лекцыі і семінары з экспертамі Huawei; пагружэнне ў інтэрактыўныя заняткі, дзе будуць праводзіцца групавыя дыскусіі, дэбаты, дыялогі за круглым сталом; удзел у групавым праекце Tech4Good; віртуальныя наведванні выставачных залаў, кампусаў і інавацыйных цэнтраў.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Васіля Кузьмічкіна.