Навучанне з пачуццём свабоды

- 11:48Адукацыйная прастора

Кіраўнікі і метадысты ўстаноў дашкольнай адукацыі прынялі ўдзел у міжнароднай адукацыйнай праграме прафесійнай мабільнасці “Методыкі ранняга развіцця дзяцей: традыцыі і сучаснасць”, якая праходзіла напрыканцы сакавіка ў Варшаве, Празе і Дрэздэне. Арганізатар паездкі — Цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мэтай праграмы было вывучэнне арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ў вядучых еўрапейскіх установах адукацыі, сучасных інавацыйных тэхналогій і методык выхавання і развіцця дзяцей ранняга ўзросту, у прыватнасці методыкі Мантэсоры, а таксама сістэмы падрыхтоўкі кваліфікаваных педагогаў ранняга развіцця дзяцей.

У памяшканнях Мантэсоры-школы.

За дыпломам Мантэсоры-педагога — у Прагу!

Цікаўнасць, бадай, самая моцная рыса дзіцячага характару. Аднак чаму многія дзеці не жадаюць вучыцца, наведваць школу? Над гэтай праблемай на працягу стагоддзяў разважалі многія педагогі-наватары, пісьменнікі. Вялікіх поспехаў (сапраўднага прарыву) у вырашэнні гэтай праблемы дасягнула Марыя Мантэсоры — стваральніца цэласнай педагагічнай сістэмы, заснаванай на ідэі свабоднага выхавання, якое садзейнічае таму, каб кожны чалавек мог задаволіць сваю патрэбу ў пазнанні, раскрыць свой патэнцыял.

Прыхільніца гэтай сістэмы з Чэхіі Міраслава Влчкова не толькі выхоўвае сваіх чацвярых дзяцей на прынцыпах педагогікі Мантэсоры, яна стала заснавальнікам Мантэсоры-інстытута і Мантэсоры-школы Аndílek у Празе.

Інстытут уваходзіць у структуру Міжнароднай асацыяцыі Мантэсоры (AMI), якая была заснавана ў 1929 годзе Марыяй Мантэсоры. Тут займаюцца студэнты з усяго свету. Стандарты навучання ва ўстанове вельмі высокія і ва ўсіх краінах аднолькавыя. Міраслава пазнаёміла беларускіх педагогаў з выкладчыкамі, якія працуюць у інстытуце, а таксама з развіццёвым асяроддзем сваёй установы — Мантэсоры-матэрыяламі, прызначанымі для работы з дзецьмі ад 3 да 6 гадоў і з вучнямі пачатковай школы. Іх выкарыстоўваюць студэнты інстытута пры адпрацоўцы на практыцы тэарэтычных ведаў і пры атрыманні пэўных уменняў і навыкаў. Такія матэрыялы ёсць непасрэдна ў школах Мантэсоры.

У Пражскім інстытуце Мантэсоры можна прайсці курс асістэнта (60 гадзін) з атрыманнем сертыфіката і курс педагога Мантэсоры (600 гадзін) з атрыманнем адпаведнага дыплома. Ёсць курсы па навучанні дзяцей ад 0 да 3 гадоў, ад 3 да 6, ад 6 да 12 і ад 12 да 15 гадоў. Працягласць навучання ад 1,5 да 2,5 года. Ёсць магчымасць вучыцца на англійскай, чэшскай і рускай мове.

Міжнародны сертыфікат аб праходжанні курса асістэнта, напрыклад, дазволіць спецыялісту працаваць у якасці памочніка ў цэнтры ранняга дзяцінства або дашкольным класе Мантэсоры. Па сутнасці, гэта ўводны курс у Мантэсоры-педагогіку і практыку, які падыдзе нават для бацькоў. Для будучых Мантэсоры-педагогаў прапаноўваюцца кур­сы з атрыманнем дыплома аб вывучэнні Мантэсоры-педагогікі і сучасных медыка-псіхалагічных падыходаў да развіцця дзіцяці ад нараджэння да 3 гадоў, аб паглыбленым вывучэнні педагогікі Мантэсоры з акцэнтам на патрэбы развіцця дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, аб асваенні Мантэсоры-педагогікі, развіцці дзяцей і міждысцыплінарнага падыходу да работы з дзецьмі ад 6 да 12 гадоў, набыцці ведаў аб іх імкненнях і зносінах з навакольным светам. У інстытуце таксама прапануюць курсы павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў і адміністратараў школ Мантэсоры і тэматычныя семінары для ўсіх, хто хоча даведацца пра гэтую сістэму.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 44, 18 красавіка.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.