Школьнік з Асіповіч Кірыл Альховік пабудаваў разумны дом для пчол

- 14:36Новости

У чаканні новага сезона на пчальніку навучэнец сярэдняй школы № 3 Асіповіч Кірыл Альховік пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы і бацькі майструе новыя “рагатыя” вуллі­-трансформеры. Менавіта за іх распрацоўку сёлета аўтар атрымаў шэраг перамог у розных конкурсах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кірыл займаецца ў школьным экалагічным маладзёжным аб’яднанні “Дзеля жыцця на Зямлі”, якім больш за чвэрць стагоддзя кіруе настаўніца хіміі і біялогіі Святлана Зайцава. Сярод мноства тэм даследаванняў гэтага аб’яднання пчаліная займае асаблівае месца. Першай ёй захапілася Алёна Альховік, старэйшая сястра хлопца. І вось ужо некалькі гадоў даследаванні на пчальніку праводзіць і Кірыл. Ён вучыцца ў 9 класе, але мядовае захапленне сям’і пачаў падтрымліваць яшчэ да школы.

Ірына Станіславаўна Альховік, мама Кірыла, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вяззеўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна, расказвае:

— Пчаліныя клопаты аб’ядналі ажно 5 пакаленняў нашай сям’і. Прадзед, дзед і бацька — і мае, і мужа — займаліся пчалярс­твам. Цяпер асноўную работу па доглядзе пчол узялі на сябе мы з мужам, а дапамагаюць нам нашы дзеці. Я, праўда, не так многа часу магу ўдзяляць догляду пчол, але калі ідзе збор мёду, мы ўсе пры справе, бо гэта вельмі працаёмкі працэс. Акрамя таго, дапамагаю Кірылу на нашым пчальніку як фатограф, разам мы дасле­дуем меданосы, іх тэрытарыяльнае размяшчэнне, назіраем за пчоламі. Муж дапамагае сыну рабіць разлікі, складаць табліцы, а навуковы кіраўнік Святлана Уладзіміраўна ўсю атрыманую намі інфармацыю сістэматызуе, дапаўняе сумеснымі хімічнымі даследаваннямі, якія яны з Кірылам праводзяць у школьнай лабараторыі, і дапамагае перавесці ў навуковае рэчышча.

Бацькі не памятаюць дакладна, у якім узросце сын упершыню стаў дапамагаць ім, але, мяркуючы па фотаздымках, у свае 5 гадоў ён ужо быў іх адказным памочнікам.

— Тады ў нас была яшчэ ручная медагонка і круціць яе ручку дзіцяці было цяжка, але ён вельмі гэтага хацеў, — успамінае мама Кірыла. — Таму тата змайстраваў электраматор — цяпер кіраваць электрамедагонкай для Кірыла адно задавальненне. Я ж раскрываю соты ў рамках, фасую мёд. Муж больш заняты доглядам вуллёў, а мой тата з-за свайго ўзросту перайшоў у памочнікі, дзеліцца з намі сваім багатым пчалярскім вопытам.

Святлана Зайцава, навуковы кіраўнік юнака, дадае:

— Кірыл з 10 гадоў працуе над сваімі даследаваннямі пад маім кіраўніцтвам, і боль­шасць яго праектаў якраз тычылася пчол. Гэтым разам ён распрацаваў канструкцыю вулея. У яго аснове — вулей вядомага пчаляра Міхаіла Палівады, але Кірыл яго мадэрнізаваў і ўдасканаліў. Новая канструкцыя зацікавіла журы многіх раённых і абласных конкурсаў. Акрамя таго, на рэспуб­ліканскім конкурсе “Квітней, мой лес!” хлопцу прысудзілі 1-е месца. Не адыходзілі ад вулея наведвальнікі экалагічнай міжнароднай выставы ў Мінску. Зацікавіла распрацоўка Кірыла і экспертаў рэспуб­ліканскага форуму маладых даследчыкаў “Шлях у навуку”, які нядаўна праходзіў у Рэс­публіканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.

Сам Кірыл тлумачыць поспех праекта арыгінальнасцю вулея: ён просты ў абслугоўванні, вырабе і зручны ў транспарціроўцы, бо яго, як канструктар, можна разаб­раць і зноў сабраць. Але галоўная перавага ў тым, што ў такім прасторным жыллі вытворчасць пчоламі мёду ў тры разы большая, чым у традыцыйным вулеі, і можа дасягаць 70 кг за сезон. А пашыраецца жылплошча за кошт канструкцыі.

У сваім аб’яднанні “Дзеля жыцця на Зямлі” Святлана Зайцава вырасціла 32 лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод іх і Алёна Альховік. Мяркуючы па захопленасці даследаваннямі яе брата Кірыла, ён мае ўсе шансы паўтарыць поспех сястры.

— Кожны элемент гэтага вулея мацуецца адзін да аднаго з дапамогай выступаў, якія нагадваюць рогі. За іх кошт забяспеч­ваецца трыва­ласць і ўстойлі­васць канструкцыі. Атрымліваецца свое­асаблівы модульны будынак, — тлумачыць тонкасці Кірыл. — Спачатку ён складаецца з трох карпусоў: два ніжнія выкарыстоўваюцца для гадоўлі, а ў верхнім, трэцім, захоўваецца запас мёду на зіму. Па меры павелічэння пчалінай сям’і па чарзе дастаўляюцца яшчэ 3 корпусы, якія аддзяляюцца ад ніжніх спецыяльнай рашоткай, праз адтуліны якой пчолы дастаўляюць мёд на верхнія ярусы, а матка для вывядзення расплоду застаецца ўнізе.

Яшчэ адна адметнасць — у нашым вулеі сеткаватае дно, што дазваляе пазбаўляцца ад кляшчоў. Калі пчала змагаецца з ім і скідвае яго ўніз, у традыцыйным вулеі з дашчатым дном ён падае і зноў паднімаецца, а ў гэтым правальваецца праз сетку. Акрамя таго, з гэтым вулеем мінімізуецца работа пчаляра. Так, калі ў звычайным вулеі не ўцяпліць пчол на зіму падушкамі, то яны замерз­нуць. У гэтым жа канструкцыяй прадугледжаны два віды ўцяпляльніка, а века знутры абцягваецца спецыяльнай плёнкай, якая стварае эфект тэрмаса, таму пчолам у ім цёпла.

Да гэтага моманту вельмі скептычна аднёсся Кірылаў дзядуля, які ўсё жыццё ўцяпляў сваіх пчол. Але 5 сезонаў выдатнай пчалінай зімоўкі ў новых вуллях пераканалі яго ў мэтазгоднас­ці новага метаду. Хлопец зрабіў ужо 15 такіх вуллёў, але ў перспектыве хоча замяніць усе старыя вуллі на новыя. Яшчэ адзін вулей Кірыл хоча падарыць мясцоваму лясгасу, каб сумесна з яго супрацоўнікам-пчаляром, сваёй настаўніцай і бацькам правесці наступнае даследаванне і высветліць, як гэты вулей паўплывае на меданоснасць новай пароды пчол бакфаст.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва героя