Навучэнка 11-га класа гімназіі № 3 Барысава Сафія Красавіна атрымала ганаровую прэмію пасла КНР і значную прызавую суму за бездакорнае валоданне кітайскай мовай. Пра шлях да поспеху дзяўчыны даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Заснавальнікі прэміі ацэньвалі работу намінантаў за некалькі гадоў, — тлумачыць дырэктар гімназіі Ірына Кірык. — А ў скарбонцы Сафіі мноства ўзнагарод і дыпломаў з разнастайных конкурсаў, алімпіяд і навуковых канферэнцый па кітайскай мове. Дзякуючы таму, што наша ўстанова адукацыі супрацоўнічае з Інстытутам Канфуцыя БДУ, навучэнцы могуць дадаткова вывучаць кітайскую мову.
Пазмагацца за прэмію пасла КНР прапанавала дзяўчынцы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Алена Карасёва. Сафія адразу пагадзілася, але не чакала, што стане пераможцай.
— Мы разам з Аленай Веньямінаўнай сабралі ўсе дыпломы і перамогі, якія былі заваяваны падчас удзелу ў навуковых канферэнцыях, падрыхтавалі неабходныя дакументы і накіравалі іх арганізатарам конкурсу, — гаворыць С. Красавіна. — Не перадаць, як былі здзіўлены, калі атрымалі запрашэнне на цырымонію ўзнагароджання ў Мінск. Прэмія стала для мяне сапраўдным падарункам і вялікай нечаканасцю. Справа ў тым, што сярод стыпендыятаў не толькі школьнікі, але і студэнты.
Прэмію пасла КНР можа атрымаць школьнік або студэнт, які дасягнуў значных поспехаў у вывучэнні кітайскай мовы. Пачынаючы з 2016-га такой узнагароды ўдастоены 264 навучэнцы з Беларусі.
Кітайскай мовай Сафія займаецца ўжо 4 гады. Успамінае, што была самая малодшая ў групе:
— Калі даведалася, што ў гімназіі з’явіўся факультатыў і выкладаць будзе непасрэдна носьбіт кітайскай мовы, адразу захацела туды пайсці. Але была праблема: заняткі прызначаліся для адзінаццацікласнікаў, а я была толькі ў 8-м.
Бачачы, як дзяўчынка хоча паглыбіцца ў вывучэнне незнаёмай дысцыпліны, І. Кірык дазволіла наведваць факультатыў. Спачатку Сафіі было вельмі складана авалодаць вуснай мовай і пісьмом. Разумеючы гэта, педагог Чэнь Е на першых занятках гаварыла з ёй выключна на англійскай мове.
— Маё жаданне дапамагло з усім справіцца, — прызнаецца С. Красавіна. — Мяне заўсёды прыцягвала Азія, яе культура, таму з вялікім захапленнем слухала кожнае слова педагога. Мне хацелася авалодаць кітайскай мовай на самым высокім узроўні. Сёння магу сказаць, што амаль дасягнула гэтай мэты.
Сафія ўжо дакладна ведае, з якой сферай звяжа сваю будучыню:
— Збіраюся выбраць прафесію, якая мае дачыненне да кітайскай мовы, аддам перавагу кірунку «міжнародныя зносіны». Лічу, што кітайская мова — самая перспектыўная замежная мова. Да таго ж нашу краіну і КНР звязвае даўняе сяброўства і моцныя эканамічныя зносіны.
Чатыры гады назад, калі прыйшла займацца на тэматычны факультатыў, дзяўчынка загадала жаданне. Сёння яго смела агучвае, бо яно амаль збылося. Сафія хацела з’ездзіць у Кітай, каб яшчэ больш наблізіцца да культуры і традыцый гэтай краіны. Дзякуючы атрыманай грашовай прэміі ўжо плануе паездку і складае турыстычны маршрут па тых мясцінах, якія ёй больш за ўсё даспадобы.
Наталля САХНО
Фота прадастаўлены суразмоўніцай