Навучэнцам — абноўленыя школы, настаўнікам — новыя магчымасці

- 12:17Актуально

Першы ўрок у новым навучальным годзе пройдзе па тэме “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!” Гэты і іншыя аспекты падрыхтоўкі да новага навучальнага года былі ў цэнтры ўвагі падчас прэс-канферэнцыі міністра адукацыі нашай краіны Сяргея Аляксандравіча Маскевіча, якая адбылася ў чацвер.

Першага верасня свае дзверы адчыняць 3206 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку гімназій — 219, ліцэяў — 28, кадэцкіх вучыліш — 8. А першы вераснёўскі званок прагучыць для больш як 915 тыс. навучэнцаў. Разам з тым, у адпаведнасці з дэмаграфічнай сітуацыяй і асаблівасцямі развіцця рэгіёнаў, да пачатку новага навучальнага года плануецца закрыць 109 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 21 вячэрнюю школу і 22 міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Акрамя таго, 121 школа і 8 устаноў спецыяльнай адукацыі будуць рэарганізаваны.

Школьныя парогі пераступяць больш як 99 тысяч першакласнікаў, што на 6 з паловай тысяч больш, чым у мінулым годзе. У сістэме спецыяльнай адукацыі паслугамі будзе ахоплена каля 130 тысяч дзяцей. Будуць функцыянаваць 1 тыс. 200 спецыяльных і 726 інтэграваных груп, 200 спецыяльных і 5466 класаў інтэграванага навучання і выхавання, 2943 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Як адзначыў міністр, за кошт усіх крыніц фінансавання будуюцца 111 аб’ектаў адукацыі, 90 аб’ектаў камунальнай гаспадаркі, 21 аб’ект рэспубліканскай уласнасці. Да пачатку навучальнага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 10 аб’ектаў, сярод якіх тры сярэднія школы: на 216 месцаў у вёсцы Доцішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці; на 1020 месцаў у мікрараёне Лошыца-4 Мінска; вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа на 950 месцаў у Салігорску (школа на 720 месцаў і дзіцячы сад на 230 месцаў).

Да новага навучальнага года будзе адрамантавана больш за 3,5 тысячы аб’ектаў сістэмы адукацыі. На 12 жніўня 76 працэнтаў устаноў адукацыі маюць або гатовы да падпісання пашпартоў гатоўнасці. Мяркуецца, што да 25 жніўня свой пашпарт гатоўнасці будзе мець кожная ўстанова адукацыі. Акрамя таго, завяршаюцца работы па рамонце і ўсталяванні агароджаў.

Для ажыццяўлення вучэбна-выхаваўчага працэсу падрыхтавана неабходнае праграмна-метадычнае забеспячэнне. Інструктыўна-метадычныя пісьмы па прадметах размешчаны на сайце Мінадукацыі, значная колькасць матэрыялаў ужо надрукавана ў “Настаўніцкай газеце”.

Адказваючы на пытанне пра ступень забяспечанасці школьнікаў краіны вучэбнай літаратурай, міністр адзначыў, што ўсе навучальныя ўстановы будуць ёй забяспечаны. На 2013 год запланаваны выхад 191 наймення падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў агульным тыражом 3 мільёны 428 экзэмпляраў. Для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць выдадзены 94 найменні, для ўстаноў спецыяльнай адукацыі — 97. Да першага верасня павінны быць выдадзены 143 найменні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. На сёння ў вытворчасці знаходзяцца 37 найменняў, але, мяркуецца, што да 1 верасня работа будзе завершана.

Карэктывы ў падручніках часцей за ўсё звязаны з новымі дасягненнямі навукі. Па словах міністра, праблема якаснага і зразумелага падручніка — адна з самых важных для адукацыі. Разам з тым Сяргей Аляксандравіч звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі створана свая сістэма па падрыхтоўцы новых вучэбных выданняў для школ. “З’яўленню падручніка на школьнай парце папярэднічае сур’ёзная работа аўтарскіх калектываў. Іх рукапісы праходзяць праз конкурс, апрабацыю і эксперымент. Канечне, хацелася б, каб падручнікі падабаліся ўсім. Я лічу, што нашы падручнікі ў асноўным разлічаны на ўдумлівых і гатовых да навучання дзяцей, а таксама на крэатыўных прафесійных настаўнікаў, якія, калі спатрэбіцца, змогуць знайсці дадатковы матэрыял”, — адзначыў міністр.

Плануецца, што да дашкольных устаноў і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе забяспечаны падвоз каля 76 тысяч выхаванцаў і навучэнцаў. Для гэтых мэт маецца 1272 аўтобусы. Па словах міністра, з 1 ліпеня вадзіцелям аўтобусаў на 25 працэнтаў павышана заработная плата. На сёння патрэба ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў у аўтобусах для падвозу дзяцей, якія навучаюцца ў сельскай мясцовасці, складае 149 адзінак. Па стане на 1 жніўня набыта 30 аўтобусаў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Яшчэ 60 будзе закуплена банкам развіцця Рэспублікі Беларусь, а 59 (да 1 верасня ) закупяць на сродкі мясцовых бюджэтаў.

Ва ўсіх навучальных установах будзе арганізавана гарачае харчаванне. А цяпер у галіновым ведамстве абмяркоўваецца перагляд грашовых нормаў, адведзеных на харчаванне.

Акрамя таго, зацверджаны новыя ўзоры школьнага адзення дзелавога стылю. Для дзяўчынак распрацавана 270 мадэляў адзення, а для хлопчыкаў 250. Кошт аптымальнага набору для навучэнца (адзенне, абутак, школьныя пісьмовыя і канцылярскія прылады) складае: для вучняў 1—4 класаў ад 870 тысяч да 3 мільёнаў 800 тысяч рублёў, для вучняў 5—11 класаў ад 1 мільёна 060 тысяч да 4 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Палову гэтай сумы бацькі трацяць на адзенне і абутак.

У Беларусі няма вострага недахопу кадраў ва ўстановах адукацыі. Па словах міністра, на сённяшні момант у сістэме налічваецца каля 250 тысяч педагагічных работнікаў. Каля 6000 маладых спецыялістаў пачалі працаваць 15 жніўня. На гэты момант у асобных месцах па асобных вакансіях назіраецца недахоп спецыялістаў, але, як адзначыў міністр, гэта не з’яўляецца праблемай. Насамрэч, гэта магчымасць працаўладкавання.

“Напрыклад, у Мінску ёсць вакансіі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, а ў некаторых рэгіёнах не хапае настаўнікаў фізікі або пачатковага навучання. Мы лічым, што гэта добрая магчымасць для студэнтаў старэйшых курсаў уладкавацца на працу, каб паспрабаваць сябе ў практычнай дзейнасці. Таксама сваю прафесійную дзейнасць могуць працягнуць педагогі пенсіённага ўзросту, якія вызначаюцца сваёй высокай кваліфікацыяй”, — сказаў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.

Як ужо вядома, у мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання працы настаўнікаў, удасканалення структуры працоўнага часу шляхам павелічэння нарміраванай часткі гэтага часу вырашана з 1 верасні 2013 года павысіць настаўнікам норму педагагічнай нагрузкі. Стаўка павялічана з 18 да 20 гадзін у тыдзень. Для аднолькавага падыходу ў пытаннях нарміравання працы прынята рашэнне аб павелічэнні нормы гадзін педнагрузкі не толькі настаўнікам, але і педагогам дадатковай адукацыі (з 18 да 20 гадзін на тыдзень), выкладчыкам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (з 720 да 800 гадзін у год ).
Прычым, як падкрэсліў міністр, дакумент Міністэрства адукацыі, які рэгулюе павышэнне нагрузкі настаўнікам і іншым катэгорыям педагагічных работнікаў, звязаны з пастановай Савета Міністраў аб павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям педагагічных работнікаў. Плануецца, што заработная плата гэтых катэгорый педагагічных работнікаў павысіцца на 25% ужо з 1 верасня.

Зарплата настаўніка ў беларускіх установах сярэдняй адукацыі залежала і залежыць ад колькасці гадзін, якія ён вядзе. Па словах міністра, усё залежыць ад таго, колькі канкрэтны настаўнік жадае працаваць: “Калі ён вёў адну стаўку або паўстаўкі і асабліва не хацеў напружвацца — будзе адна заработная плата. Калі педагог меў большую колькасць гадзін, займаўся з вучнямі дадаткова, то і атрымліваць з новага навучальнага года ён будзе больш”. Пры гэтым Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што ў мінулым годзе сярэдняя нагрузка на настаўніка складала 22 гадзіны на тыдзень.

Міністр патлумачыў, што пры павелічэнні з 1 верасня нагрузкі, перад установамі адукацыі пастаўлена задача стварыць для настаўніка магчымасці мець такую нагрузку. “Мы ні ў якім разе не плануем скарачаць спецыялістаў — для іх будуць створаны ўсе ўмовы для таго, каб выйсці на годны ўзровень зарплаты. Канечне, калі гэтага захоча сам настаўнік”, — зазначыў С.А.Маскевіч. Пры гэтым міністр адзначыў, што, згодна з рознымі даследаваннямі, нагрузка менш за 20 гадзін на тыдзень лічыцца няпоўнай. Зараз прадугледжваюцца магчымасці для таго, каб дагрузіць настаўніка.

“Трэба пачынаць з перагляду сістэмы перападрыхтоўкі спецыялістаў, каб, напрыклад, настаўнікі геаграфіі, якім цяжка набраць гадзін на стаўку, маглі весці некалькі прадметаў. Ужо ў гэтым навучальным годзе будзе арганізавана такая падрыхтоўка ў АПА і рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі. Але гэта не азначае, што трэба ўсіх адразу пасадзіць за парты. Тут патрэбен індывідуальны падыход, каб улічыць унутраныя патрэбы і інтарэсы кожнага педагога”, — растлумачыў міністр.

Далей, адказваючы на пытанне пра магчымасць вывучэння гісторыі Беларусі і геаграфіі на беларускай мове, міністр падкрэсліў: “Гэтыя прадметы будуць вывучацца на той мове, якую выбярэ вучань і яго бацькі. Канечне, хацелася б, каб гэтыя прадметы выкладаліся на беларускай мове, бо гісторыя Беларусі, натуральна, больш блізкая, калі гучыць на роднай мове. Увогуле ж праблемы вывучэння прадметаў на беларускай мове няма — хочуць бацькі, каб яго дзіця навучалася па-беларуску, калі ласка, — гэта магчыма. Акрамя таго, цяпер актыўна вывучаецца англійская мова, бо гэтага патрабуе час”, — адзначыў міністр.

З новага навучальнага года Міністэрства адукацыі прадаставіла магчымасць школам выкарыстоўваць гадзіны факультатыўных заняткаў для вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні. Такое рашэнне могуць прыняць у любой навучальнай установе пры ўмове дамоўленасці з настаўнікамі, бацькамі і вучнямі і наяўнасці неабходных рэсурсаў. “Для ажыццяўлення такога навучання асобных праграм і вучэбных дапаможнікаў не патрабуецца. А дадатковыя гадзіны неабходны для рашэння большай колькасці задач і звароту да большай колькасці прыкладаў”, — сказаў міністр. А далей падкрэсліў, што гэтае новаўвядзенне не з’яўляецца абавязковым для ўсіх школ. Калі настаўнік і дзеці не гатовы да такой работы, то і не трэба. Напрамкі, па якіх будзе арганізавана такое вывучэнне, вызначаны зыходзячы з магчымасцей установы адукацыі, запытаў вучняў і іх законных прадстаўнікоў, запатрабаванасці пэўных прафесій на рынку працы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by