Прадстаўленыя на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва вырабы Слуцкага дзяржаўнага каледжа, сярод якіх быў пернік памерам 60 х 40 см, выклікалі ў наведвальнікаў сапраўдную цікавасць, паведаміла карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» загадчыца аддзялення грамадскага харчавання і гандлёвай справы навучальнай установы Таццяна Ядчанка.
Спаборніцтва, у якім традыцыйна ўдзельнічалі навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі краіны, праходзіла ў рамках спецыялізаванай выставы-кірмашу «Прадэкспа-2024». Мэта чэмпіянату — правядзенне прафарыентацыйнай работы, удасканаленне прафесійнага майстэрства будучых кандытараў, пашырэнне супрацоўніцтва з прадпрыемствамі сферы гандлю і грамадскага харчавання.
Сёлета ў спаборніцтве прынялі ўдзел навучэнцы 1—3-х курсаў Слуцкага дзяржаўнага каледжа, якія вучацца па розных спецыяльнасцях: абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні, гандлёвае абслугоўванне, выраб малочных прадуктаў і інш. Рыхтавала іх педагог дадатковай адукацыі Ірына Купрыянчык, якая ўмела развівае мастацкія якасці ў моладзі. Усе прадстаўленыя работы прыцягвалі ўвагу сваёй эстэтычнасцю, прыгажосцю, творчым імкненнем стваральнікаў. Напрыклад, у намінацыі «Мастацкая работа з цеста» навучэнцы выраблялі пернікі. Адна з такіх кампазіцый была прысвечана роднай Беларусі, а менавіта — Белавежскай пушчы: на перніку памерам 60 х 40 см размешчаны зубр на фоне дрэў. Таксама былі прадэманстраваны вырабы на казачную тэматыку «Калабок у гасцях у лісы», «Птушыны рай» і інш. Выклікалі цікавасць наведвальнікаў і неверагодныя работы з зефіру. Так, першакурсніца Лізавета Елізарава (спецыяльнасць «Вытворчасць малочных прадуктаў») удзельнічала ў намінацыі «Торт-скульптура ЗD», прысвечанай падрыхтоўцы да Новага года. Дзяўчына выкарыстоўвала разнастайныя кандытарскія інгрэдыенты і па-майстэрску змагла перадаць святочны настрой.
На чэмпіянаце каледж прадставіў 9 работ у намінацыях «Мастацкая работа з цеста, пернікі ручной работы», «Мастацкая работа з масцікі», «Мастацкая работа з цеста». У выніку навучэнцы заваявалі 4 залатыя і 5 сярэбраных медалёў. Віншаванні прымалі Ірына Купрыянчык (яна таксама ўдзельнічала ў конкурсе і атрымала 2 узнагароды) і яе выхаванцы Марына Ачапоўская, Вольга Лясун, Ангеліна Нурава, Лізавета Елізарава, Ульяна Курышка, Максім Грэскі, Ксенія Паляшчук.
У цэлым Мінская вобласць прадставіла на Міжнародны чэмпіянат кандытарскага мастацтва 29 работ у 8 намінацыях. Удзельнікі заваявалі 10 залатых, 10 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў. Акрамя Слуцкага ў спаборніцтве выступалі Барысаўскі, Уздзенскі, Маладзечанскі дзяржаўныя каледжы, Слуцкі дзяржаўны індустрыяльны каледж. Упершыню да іх далучыліся Вілейскі і Смілавіцкі дзяржаўныя каледжы.
Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлены Слуцкім дзяржаўным каледжам