Часта мы ацэньваем чалавека па тым, як ён працуе і як ён ставіцца да іншых людзей. “Галоўнае — прывіць вучням любоў да працы, каб веды, уменні і навыкі, атрыманыя на ўроках працоўнага навучання, спатрэбіліся ім у далейшым жыцці”, — лічыць настаўнік працоўнага навучання Сяргей Зайцаў.
Прыкладам для Сяргея Леанідавіча заўсёды з’яўляўся яго дзядуля, які яшчэ ў дзяцінстве навучыў унука працаваць, рабіць патрэбныя ў гаспадарцы вырабы з дрэва. Вучыў ён хлопчыка спакойна, настойліва, часта хваліў. Гэтыя адносіны да працы, да навучання назаўсёды засталіся ў памяці С.Л.Зайцава.
У школе на Сяргея заўсёды маглі разлічваць: ён і плакат намалюе, і зробіць малюнкі для насценгазеты, і дапаможа аформіць стэнд. Таму і выбар будучай прафесіі быў невыпадковым. У 1997 годзе Сяргей Леанідавіч скончыў мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Настаўнік выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання”. Ужо 20 гадоў яго адзіным месцам працы з’яўляецца гімназія № 3 Віцебска, і С.Л.Зайцаў ніколі не пашкадаваў аб выбранай прафесіі. У гэтай жа ўстанове адукацыі настаўніцай абслуговай працы працуе яго жонка Алена Фёдараўна Зайцава. Іх дачка Настасся вучыцца на мастацка-графічным факультэце ВДУ імя П.М.Машэрава і марыць прадоўжыць сямейную дынастыю настаўнікаў.
Працуючы ў гімназічным калектыве, Сяргей Леанідавіч ніколі не адмовіць у дапамозе — адрамантаваць мэблю, размясціць выставу, прымацаваць карціну. Калі трэба, можа даць добрую параду і падтрымаць калегу.
— Па-першае, настаўнік сам павінен быць прыкладам для вучняў, — упэўнены С.Л.Зайцаў. — Па-другое, на ўроках асаблівую ўвагу ўдзяляю засваенню вучнямі бяспечных метадаў і прыёмаў працы, выкананню патрабаванняў тэхнікі бяспекі, этыцы дзелавых адносін у калектыве. Па-трэцяе, вучу, што пачатую справу неабходна даводзіць да канца, вырабы трэба выконваць якасна, у адведзены тэрмін. Важным лічу выхаванне ў навучэнцаў працавітасці, адказнасці. Пры выкананні заданняў у дзяцей развіваецца самастойнасць прыняцця рашэнняў, творчы падыход. Усё гэта спрыяе фарміраванню навыкаў рацыяналізатарскай дзейнасці — такіх неабходных у сучасным грамадстве.
Адной з частак працоўнага навучання ў гімназіі з’яўляецца вытворчая практыка. Згодна з меркаваннем Сяргея Леанідавіча, працоўная практыка ў брыгадах — гэта вельмі эфектыўная форма працоўнага выхавання. Практыка ў гімназіі праводзіцца ў рамках супрацоўніцтва з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Для правядзення вытворчай практыкі былі створаны брыгады па рамонце мэблі, азеляненні гімназічнай тэрыторыі. Асаблівую каштоўнасць пры гэтым мае ўсведамленне навучэнцамі значнасці сваёй працы. Так, хлопцы, якія займаюцца рамонтам гімназічнай мэблі, ведаюць, што за гэтымі партамі будуць вучыцца і самі, і іх аднакласнікі.
Некаторыя навучэнцы наведваюць факультатыўныя заняткі мастацкай накіраванасці пад кіраўніцтвам Сяргея Леанідавіча. Можа, гэта і будзе іх першым крокам у прафесію, бо побач знаходзіцца настаўнік, які можа навучыць, падтрымаць, дапамагчы паверыць у свае сілы.
Пры правядзенні ўрокаў працоўнага навучання Сяргей Леанідавіч прымяняе як сучасныя, так і традыцыйныя адукацыйныя методыкі. А каб кожны мог праявіць свае здольнасці, настаўнік выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход. Пры падборы заданняў да заняткаў педагог аддае перавагу практыка-арыентаваным. За 20 гадоў плённай працы С.Л.Зайцаў неаднаразова быў узнагароджаны дыпломамі і граматамі раённых і гарадскіх улад.
Сяргей Леанідавіч шмат працуе з адоранымі навучэнцамі, бо ўдзел гімназістаў у выставах, конкурсах, алімпіядах адыгрывае вялікую ролю ў далучэнні дзяцей да актыўнай працоўнай дзейнасці, садзейнічае развіццю іх творчых здольнасцей. Навучэнцы з задавальненнем прымаюць удзел у выставах, асабліва ім падабаюцца гарадскія конкурсы па аўта-, авія- і суднамадэлізме. Вучні 7 класа Ягор Осіпаў, Дзмітрый Філенка за перамогу ў гарадскім конкурсе па суднамадэлізме (2018 год) былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені. Уладзіслаў Таберка, Максім Уракаў, навучэнцы 10 класа, за перамогу ў гарадской выставе тэхнічнай творчасці “Арсенал” (2018 год) таксама атрымалі дыпломы I ступені. Ілья Мазур, навучэнец 11 класа, за перамогу ў 45-й гарадской выставе дзіцячай тэхнічнай творчасці (2017 год) быў узнагароджаны дыпломам I ступені.
У гэтым навучальным годзе гімназічная скарбонка папоўнілася новымі ўзнагародамі ў алімпіядным руху. Так, Улад Таберка заняў 2-е месца, а Максім Уракаў 3-е месца (2018 год) у другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.
За перамогу ў гарадской выставе “Калядная казка” (2018 год) навучэнцы 6 класа Мікіта Ніканенка, Арцём Майсееў былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені. Сямікласнікі Ягор Осіпаў, Дзмітрый Філенка за перамогу ў гарадскім конкурсе ў намінацыі “Лепшыя спартыўныя паказчыкі” (2018 год) атрымалі дыпломы I ступені. Віталь Дубаў, Аляксандр Грачыха, навучэнцы 11 класа, за перамогу ў 46-й гарадской выставе дзіцячай творчасці “Радзіма любімая мая” (2018 год) былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені.
На перапынку зноў зазірнём у майстэрню. Тут заўсёды парадак, пасля працы акуратна складзены інструменты. У шафе выстаўлены вырабы навучэнцаў: скарбонкі, драўляныя разьбяныя дошчачкі, свяцільні, мадэлі аўтамабіляў, самалётаў, караблёў, танкаў. На сценах — прадметы гістарычнай рэканструкцыі. “Гэта толькі некаторыя творчыя работы маіх вучняў. Многія вырабы, зробленыя сваімі рукамі, навучэнцы падарылі татам і мамам на святы і мерапрыемствы. Бацькі задаволены вынікамі працы іх дзяцей”, — адзначае Сяргей Леанідавіч. Хутка перапынак скончыўся, з добрым настроем настаўнік пачаў свой урок, на якім ён вучыць гімназістаў галоўнаму — добрасумленна працаваць на карысць грамадства і сваёй Радзімы.
Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота Валерыя ГАЛУБЦОВА.






