Навучыцца пазнаваць і разумець адно аднаго

Адносіны Беларусі і Савета Еўропы развіваюцца ў вельмі пазітыўным ключы. Аб гэтым заявіў дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні.

“Цяпер адносіны Беларусі і Савета Еўропы вельмі пазітыўныя. Гэта пацвярджае тое, што зараз арганізоўваюцца сумесныя мерапрыемствы: як Беларусь прысутнічае ў Савеце Еўропы, так і прадстаўнікі арганізацыі прыязджаюць у Беларусь”, — сказаў Андрэа Рыгоні.

Прадстаўнік ПАСЕ таксама адзначыў, што прысутнічаў у якасці наглядальніка на праведзеных у Беларусі парламенцкіх выбарах і Савет Еўропы мае намер запрасіць беларускіх дэпутатаў на сваю штогадовую сесію ў студзені. “Мы яшчэ не пазнаёміліся з новым парламентам, але плануем, што ў студзені ў Страсбургу будзе такая магчымасць, — дадаў ён. — Прадстаўнікі Беларусі будуць запрошаны ў палітычную камісію для абмеркавання надзённых пытанняў парадку дня ў рамках адной з сесій Савета Еўропы”.

У сваю чаргу дырэктар Савета Еўропы па палітычных пытаннях Аляксандр Гесэль звярнуў увагу, што апошнія пяць гадоў адносіны паміж Беларуссю і Саветам Еўропы былі перазапушчаны, адбыўся вялікі прагрэс у супрацоўніцтве. У прыватнасці, у Беларусі з’явіўся інфармацыйны пункт Савета Еўропы, і бакі гатовы развіваць узаемадзеянне па розных напрамках. “Штогод мы праводзім прыкладна 45—50 мерапрыемстваў — гэта вельмі шмат для краіны, якая фармальна не з’яўляецца членам Савета Еўропы, — сказаў ён. — Кожны год у Беларусь прыязджае прыкладна 120 экспертаў: нам неабходна сустракацца, пазнаваць адно аднаго і разумець, у якім напрамку развіваць супрацоўніцтва”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *