Навукоўцы аб’ядналіся дзеля захавання гістарычнай праўды

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Беларускія і расійскія гісторыкі выдалі першы вучэбны дапаможнік “Расія і Беларусь: нарысы сумеснай гісторыі” ў маштабным цыкле сумесных работ “Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі”, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

“У 850-старонкавым даследаванні прыведзена шмат унікальных дакументаў, якія публікуюцца ўпершыню. Пры падрыхтоўцы выдання выкарыстаны матэрыялы архіваў Расіі, Беларусі, Украіны, Германіі, Польшчы. У дапаможніку раскрываюцца падыходы расійскіх і беларускіх гісторыкаў да перадумоў і прычын, характару і ходу Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, укладу народаў Савецкага Саюза ў агульную перамогу. Даецца агляд развіцця палітыкі СССР у першыя пасляваенныя гады. Асобная ўвага ўдзяляецца месцу і ролі Вялікай Айчыннай вайны ў развіцці культуры і мастацтва народаў Беларусі і Расіі з пачатку 40-х гадоў да сучаснасці”, — расказалі ў прэс-службе.

Кніга падрыхтавана пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандра Кавалені і доктара гістарычных навук члена-карэспандэнта РАН Яфіма Півавара.

Вучэбны дапаможнік прызначаны перш за ўсё для настаўнікаў гісторыі Беларусі і Расіі, уяўляе цікавасць для выкладчыкаў гістарычных і іншых гуманітарных дысцыплін у ВНУ, школьнікаў і студэнтаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Нарысы могуць быць выкарыстаны пры выкладанні гісторыі ў іншых краінах СНД. На думку аўтараў, дакументальны, статыстычны, ілюстрацыйны матэрыял, выкарыстаны ў дапаможніку, дапаможа настаўніку пры правядзенні ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў сфарміраваць у вучняў праў­дзівае ўяўленне пра вайну.

Рабочая група гісторыкаў Расіі і Беларусі па падрыхтоўцы серыі дапаможнікаў пад агульнай назвай “Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі” была сфарміравана ў 2018 годзе з мэтай недапушчэння перапісвання гісторыі перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па гэтым праекце плануец­ца выданне дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай адукацыі, накіраваных на захаванне калектыўнай гістарычнай памяці беларускага і расійскага народаў.