Навуковы інтарэс — біяхімія

- 9:00Апошнія запісы

Сёння наша гераіня — Святлана Грыневіч — малады выкладчык БДУ, перспектыўны вучоны, улюбёны ў сваю справу, і маладая мама, якая ўдала сумяшчае навуковую, педагагічную дзейнасць і сямейныя клопаты.

Амаль 15 гадоў жыццё Святланы Уладзіміраўны звязана з навукай. Спачатку яна скончыла біялагічны факультэт БДУ, затым магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі і аспірантуру Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі па спецыяльнасці “Біяфізіка”. За апошнія шэсць гадоў паспела папрацаваць у лабараторыі біяфізікі і інжынерыі клеткі, лабараторыі імуналогіі і клетачнай біяфізікі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі. Да таго ж з 2019 года яна — старшы выкладчык кафедры біяхіміі біялагічнага факультэта БДУ. Сёння займаецца вывучэннем нейрахіміі і біяэнергетыкі.

У школьныя гады дзяўчыне асабліва падабаліся матэматыка, геаграфія і біялогія. Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, яна ўпэўнена адправілася паступаць на біёлага. Стаўшы студэнткай біялагічнага факультэта, захапілася яшчэ і біяхіміяй. “У час вучобы я пастаянна адкрывала нешта новае. І аднойчы ўзнікла цікавасць да біяхіміі, мне захацелася зразумець, як адбываецца рэгуляцыя таго ці іншага працэсу ў клетцы, якія эфекты ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні розных рэчываў. А дзякуючы таленавітым выкладчыкам дацэнтам кафедры біяхіміі біялагічнага факультэта Аксане Ігараўне Губіч і Сяргею Віктаравічу Федаровічу, маё захапленне перарасло ў справу жыцця”, — дадала С.У.Грыневіч.

Святлана Грыневіч:
— У час вучобы я пастаянна адкрывала нешта новае. І аднойчы ўзнікла цікавасць да біяхіміі, мне захацелася зразумець, як адбываецца рэгуляцыя таго ці іншага працэсу ў клетцы, якія эфекты ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні розных рэчываў.

Працуючы над дыпломнай работай “Даследаванне цытапратэктарных уласцівасцей сінтэтычных аналагаў 11-дэзоксі-простагландзіну Е1 на клеткавай мадэлі пашкоджання печані хлараформам”, С.У.Грыневіч вырашыла даследаваць, як простагландзін дапамагае клеткам абараняцца ад таксічнага ўздзеяння хлараформу. “Гэта біягенныя фізіялагічна актыўныя рэчывы, якія адрозніваюцца хімічнай будовай і фізіялагічнай (фармакалагічнай) актыўнасцю і адносяцца да класа тлустых кіслот. Такія рэчывы з’яўляюцца высокаактыўнымі, таму магчыма іх выкарыстанне ў медыка-фармакалагічнай практыцы, а таксама ў эксперыментальнай рабоце ў якасці рэгулятараў фізіялагічных і біяхімічных працэсаў”, — расказала яна.

Калі ж патлумачыць гэта больш простымі словамі, то варта нагадаць, што хлараформ — адзін з першых прэпаратаў, які шырока прымяняўся з сярэдзіны ХІХ і да сярэдзіны ХХ стагоддзя ў анестэзіялагічнай практыцы. “Сёння даказана, што хлараформ вельмі таксічны і здольны выклікаць парушэнні сардэчнага рытму, дыстрафічныя змяненні ў міякардзе, цыроз і атрафію печані. Тым не менш яго да гэтага часу шырока выкарыстоўваюць у якасці прамысловага растваральніку і кампанента прэпаратаў бытавой хіміі”, — акцэнтавала ўвагу выкладчыца.

Акрамя таго, С.У.Грыневіч вывучала механізм уздзеяння кетагеннай дыеты на сінаптычную трансмісію. І калі ўсе ведаюць, што такое кета-дыета, то вось што такое сінаптычная трансмісія — відавочна, толькі адзінкі. Аказваецца, для лячэння некаторых устойлівых форм эпілепсіі і хваробы Альцгеймера выкарыстоўваецца кетагенная дыета. Нагадаем, у яе аснове ляжыць замяшчэнне вугляводаў у ежы на тлушчы, з якіх далей у арганізме ўтвараюцца кетонавыя цельцы, што таксама могуць выкарыстоўвацца мозгам у якасці крыніцы энергіі.

“Такая замена мае тэрапеўтычнае ўздзеянне. Механізмы ахоўнага дзеяння кетагеннай дыеты не вельмі зразумелыя. У літаратуры абмяркоўваюцца магчымыя антыаксідантныя і эпігенетычныя механізмы ўздзеяння кетонавых цельцаў і дапускаецца, што яны з’яўляюцца больш эфектыўнымі энергетычнымі субстратамі для нейронаў у параўнанні з глюкозай. У час нашага даследавання мы паказалі, што неглікалітычныя энергетычныя субстраты могуць выкарыстоўвацца замест глюкозы ў якасці крыніц энергіі”, — паведаміла Святлана Уладзіміраўна.

Сёння яна не толькі працягвае свае даследаванні, але і перадае свае веды студэнтам. Шмат цікавага даведваюцца яны ў час лекцый па курсах “Аналіз і кантроль якасці лекавых сродкаў” і “Біяхімічная і малекулярна-біялагічная ацэнка бяспекі харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў”. Парада, якой пасля яе заняткаў дзеляцца ўсе: абавязкова звяртаць увагу на склад прадукту, яго знешні выгляд і колькасць харчовых дабавак і, канечне, выбіраць прадукцыю правераных вытворцаў.

Па прызнанні С.У.Грыневіч, цяпер больш часу яна аддае педагагічнай дзейнасці. І на маё пытанне, якім павінен быць і сучасны педагог, і сучасны вучоны, сцісла адказала: “Добрым спецыялістам, прыстойным чалавекам, валодаць цярпеннем, мець жаданне пастаянна вучыцца і ўмець вучыць іншых”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.