Не баяцца адкрытага абмеркавання праблем

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Эканамічны блок пытанняў будзе прыярытэтным на асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая мае адбыцца. Аб гэтым заявіў на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка.

“Усяго на сённяшні дзень на разглядзе ў пастаянных камісіях знаходзяцца 37 законапраектаў, да пачатку сесіі гэтая лічба значна вырасце. Час, што застаўся, неабходна максімальна выкарыстаць для таго, каб да наступнага пасяджэння Савета, якое пройдзе ў верасні і дзе будзе разгледжаны праект парадку дня асенняй сесіі, мы падышлі з пакетам узгодненых законапраектаў. Неабгрунтаванага зацягвання і фармальнага стаўлення да законапраектнай работы быць не павінна”, — падкрэсліў спікер.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, у цэнтры ўвагі дэпутацкага корпуса будзе блок пытанняў, звязаны з фарміраваннем бюджэтнай і падатковай палітыкі. “Тут асноўны акцэнт неабходна зрабіць на рэалізацыі рашэнняў прэзідэнта па стымуляванні дзелавой ініцыятывы грамадзян, падтрымцы сярэдняга і малога бізнесу, фарміраванні збалансаванага, зразумелага людзям і суб’ектам гаспадарання падатковага заканадаўства. Пры гэтым вельмі ўважліва неабходна падысці да выканання дзяржавай сваіх сацыяльных абавязацельстваў. Трэба цесна супрацоўнічаць з урадам у рамках міжведамасных груп, ужо цяпер уносіць і адстойваць свае прапановы, каб пасля афіцыйнага ўнясення пакета законапраектаў у частцы бюджэту і падаткаў у Палату прадстаўнікоў мы не патанулі ў дробязях, а маглі сканцэнтравацца на разглядзе канцэптуальных пытанняў”, — сказаў спікер.

На асенняй сесіі давядзецца завяршыць разгляд ініцыіраваных дэпутатамі законапраектаў па пытаннях інвестыцый. “Мы дамовіліся правесці парламенцкае слуханне па гэтай актуальнай для краіны тэматыцы, яго арганізацыя — за профільнай камісіяй. Галоўнае — падрыхтаваць якасныя, адпаведныя часу рэкамендацыі, якія маюць практычную каштоўнасць для эканомікі краіны”, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Асаблівая ўвага будзе таксама ўдзелена законапраектам, нацэленым на ўдасканаленне жыллёвага і працоўнага заканадаўства. Яны закранаюць інтарэсы практычна кожнага беларуса і ўжо цяпер выклікаюць жывыя дыскусіі ў грамадстве. “Неабходна забяспечыць іх аператыўнае, усебаковае абмеркаванне з прыцягненнем усіх зацікаўленых. Форм работы ў дэпутацкага корпуса дастаткова: гэта пашыраныя пасяджэнні пастаянных камісій, рабочых груп, круглыя сталы. Галоўнае, не баяцца адкрытага абмеркавання праблем, актыўней прыцягваць да сваёй работы СМІ. Медыйнае асвятленне такіх парламенцкіх дэбатаў павінна служыць эфектыўным інструментам павышэння не толькі якасці прававога рэгулявання, але і ўзроўню культуры грамадзян, на што неаднаразова нацэльваў нас кіраўнік дзяржавы”, — рэзюмаваў спікер.