Ад аптымізацыі ў МУС нікуды не дзецца, але неразумнага скарачэння быць не павінна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.
Кіраўніку краіны было даложана аб выніках дзейнасці органаў унутраных спраў у 2016 годзе, запланаваных арганізацыйных і практычных мерапрыемствах, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці МУС. Асобнай тэмай даклада стала аптымізацыя структуры міністэрства.
“Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Вы пастаянна мне дакладваеце, што крымінагенная сітуацыя паляпшаецца, значыць, нам паступова трэба ісці да скарачэння, але не да бяздумнага, а да аптымізацыі структур”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сэканомленыя за кошт гэтага сродкі застануцца на балансе ведамства. “Калі ласка, дабаўляйце аклады, купляйце службовую маёмасць, узбраенне і гэтак далей. Так будзе і ў далейшым: усё, што вы скароціце, застанецца ў вас. Плюс я яшчэ ў два разы павялічу гэтую лічбу і дабаўлю. Гэта значыць, скарацілі на Br10 млн, атрымаеце Br20 млн — Br10 млн скарочаных і Br10 млн дадаткова з бюджэту, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Таму вы павінны быць зацікаўлены ў гэтым, але не на шкоду службе. Не павінна быць аптымізацыі дзеля неразумнага скарачэння. Тым больш нельга крыўдзіць прыстойных людзей у міліцыі. Калі яны заслугоўваюць далей прадаўжаць сваю службу і запатрабаваны, значыць, іх трэба захаваць. Хто не хоча, не можа, хто дрэнна нясе службу, ад іх трэба вызваляцца. Таму павінна быць разумная аптымізацыя”.
Як заявіў журналістам па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, міністэрства выканала ўсе пастаўленыя перад ведамствам задачы ў 2016 годзе.
“Хоць нямнога, але мы палепшылі асноўныя паказчыкі нашай работы. Тыя крытэрыі, якія былі закладзены ў ацэнку нашай дзейнасці, сведчаць аб тым, што Міністэрства ўнутраных спраў выканала ўсе пастаўленыя перад намі задачы ў 2016 годзе, у тым ліку і па барацьбе з найбольш небяспечнымі відамі злачынстваў, па павелічэнні раскрывальнасці гэтых злачынстваў, па прафілактыцы і гэтак далей”, — расказаў Ігар Шуневіч.
Паводле яго слоў, адной з тэм даклада таксама сталі вынікі работы праваахоўнікаў па кантролі за аднаўленнем сельскагаспадарчай тэхнікі і падрыхтоўкай яе да пасяўной. “Такое распараджэнне нам даў прэзідэнт, і Міністэрства ўнутраных спраў з Генеральнай пракуратурай кантралююць ход аднаўлення страчанай або разукамплектаванай сельскагаспадарчай тэхнікі ў СВК і іншых прадпрыемствах”, — растлумачыў кіраўнік ведамства.
“Прэзідэнтам дадзена распараджэнне ў найбліжэйшы час правесці нараду наконт стварэння ў дзяржаве адзінай сістэмы відэафіксацыі, маніторынгу грамадскай бяспекі. Гэта, на наш погляд, вельмі прагрэсіўная сучасная сістэма гарантавання грамадскай бяспекі, якая прадугледжвае наяўнасць у пэўных аб’ектах дзяржавы відэаманіторынгу з мэтай раскрыцця і прафілактыкі ўчынення злачынстваў і іншых правапарушэнняў”, — растлумачыў Ігар Шуневіч.
Паводле яго слоў, плануецца стварыць пералік аб’ектаў, за якімі ўстановяць відэанагляд. “Сёння частка з іх ужо абсталявана відэакамерамі: банкі, абменныя пункты і гэтак далей. Мы б хацелі, каб такі кантроль у рэжыме анлайн намі ажыццяўляўся за асноўнымі дарожнымі развязкамі, найбольш небяспечнымі скрыжаваннямі, вакзаламі, месцамі знаходжання вялікай колькасці грамадзян, каб гэтая сістэма працавала ў адзіным ключы і да яе мелі доступ не толькі органы ўнутраных спраў, але і іншыя зацікаўленыя, у тым ліку кіраўнікі прадпрыемстваў, якім гэта інфармацыя патрэбна для гарантавання бяспекі на іх аб’ектах. Тут таксама ідзе размова і аб удзеле Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з пункту гледжання іх кампетэнтнасці”, — расказаў кіраўнік ведамства.
Прапаноўваецца, каб інфармацыя з усіх камер відэанагляду акумулявалася ў адзіным цэнтры. “Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся правесці нараду для ўдакладнення ўсіх пытанняў і вызначэння алгарытмаў пабудовы гэтай сістэмы, прыцягнення сродкаў для яе рэалізацыі”, — адзначыў Ігар Шуневіч.
У гэтым пытанні Беларусь не вынаходзіць веласіпед: наяўнасць такіх сістэм маніторынгу грамадскай бяспекі — сусветны вопыт. “Па гэтым шляху пайшлі практычна ўсе краіны, якія заклапочаны грамадскім парадкам, гарантаваннем грамадскай бяспекі. Сістэма працуе вельмі эфектыўна. Нашы эксперты неаднаразова назіралі яе работу ў розных краінах і пераканаліся, што на сённяшні дзень відэафіксацыя дапамагае не толькі аператыўна рэагаваць на ўчыненыя правапарушэнні, парушэнні грамадскага парадку, надзвычайныя здарэнні, але і дакументаваць злачынныя дзеянні, раскрываць злачынствы і эфектыўна лавіць бандытаў і махляроў, знаходзіць прапаўшых людзей і рэчы”, — звярнуў увагу кіраўнік МУС.