Не дапусціць сур’ёзнага росту цэн

- 10:44Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не дапусціць сур’ёзнага росту цэн на тытунёвую прадукцыю ў выпадку ўніфікацыі падатковага заканадаўства з Расіяй. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе, дзе абмяркоўваліся пытанні павышэння эфектыўнасці работы тытунёвай галіны.

“Зразумела, што ў Расійскай Федэрацыі тытунь, ды і алкаголь, па цэнах значна вышэйшы, чым у Рэспубліцы Беларусь. Калі раптам уніфікацыя (падатковага заканадаўства адбу­дзецца. — Заўвага БелТА.), гэта можа прывесці да сур’ёзнага росту цэн на тытунёвыя вырабы, што недапушчальна для грамадзян Беларусі”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Як вядома, у перагаворах з Расійскай Федэрацыяй мы ўзнімаем многія пытанні, у тым ліку цэнаўтварэння, асабліва на адчувальныя тавары, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пры ўсім негатыве тытуню, алкаголю гэта сур’ёзныя артыкулы пры фарміраванні нашага бюджэту, таму тут не павінна быць ніякіх шараханняў”.

У час нарады кіраўніку дзяржавы было даложана аб тым, як ідуць справы з вытворчасцю і рэалізацыяй тытунёвых вырабаў, таксама з улікам пераўтварэнняў у галіне, праведзеных амаль год назад. “Мы ў свой час перабудавалі свой рынак — вытворчасць і рэалізацыю. У нас гэтая сфера строга рэгулюецца. У нас ёсць інвестар, які ў свой час узяўся за рэалізацыю тытунёвых вырабаў нашых прадпрыемстваў і абавязаўся значна павысіць плату ў бюджэт, таму мы пайшлі на дагавор з ім”, — адзначыў прэзідэнт. Ён пацікавіўся, як інвестар выконвае свае абавяза­цельствы.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў сваё негатыўнае стаўленне да курэння, але ў той жа час падкрэсліў, што гэта яго асабістае меркаванне: “Я курцоў не падтрымліваю, у мяне асаблівае да гэтага стаўленне. Але адна справа — маё меркаванне, іншая — самога чалавека, які бярэ цыгарэту, купляе за грошы і губіць сваё здароўе. Словам, гэта пэўныя сацыяльныя пытанні”.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў падрыхтавацца да абмеркавання ў будучыні пытанняў вытворчасці і рэалізацыі ў краіне алкагольных тавараў.