Не пакідайце дзяцей адных!

- 10:27Інфармацыйная гадзіна

Заключны этап рэспубліканскай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!” паспяхова прайшоў у сталіцы і абласных цэнтрах. Ратавальнікі кожны год імкнуцца парадаваць дзяцей і іх бацькоў новымі крэатыўнымі ідэямі, здзівіць і зрабіць так, каб свята засталося ў памяці не толькі як забаўляльнае мерапрыемства, але і як магчымасць яшчэ раз узгадаць і паўтарыць усёй сям’ёй правілы бяспекі, навучыцца чамусьці новаму і, вядома, з карысцю правесці час.

Ратавальнікі Віцебска кожны год прыцягваюць увагу бацькоў і дзяцей новымі ідэямі. У гэтым годзе маштабы асабліва ўразілі: гульнявыя конкурсы, атракцыёны “Вясёлы альпініст”, “Дымавая заслона”, работа інфармацыйна-прапагандысцкай пляцоўкі “Ганарымся, што навучылі”, дэманстрацыя пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання, роставыя лялькі і фотазона “Ратавальнік”.

Фішкай мерапрыемства стаў забег у паўзунках і парад удзельнікаў адкрытага конкурсу на лепшае афармленне дзіцячых калясак, трохколавых веласіпедаў і педальных аўтамабіляў — у выглядзе пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі.

У Гомельскай вобласці адным з самых цікавых момантаў масавага мерапрыемства стаў конкурс мастацкага майстэрства. Хлопчыкі і дзяўчынкі з дапамогай фарбаў і пэндзлікаў расказалі аб правілах бяспекі ў летні перыяд. Конкурс праходзіў, як гаворыцца, у рэжыме анлайн, і ўдзельнікам прыйшлося нямала папрацаваць, каб за адносна кароткі прамежак часу паказаць уласны погляд на бяспеку, а таксама заслужыць адабрэнне балельшчыкаў і журы.

Магілёўскія ратавальнікі правялі святочнае мерапрыемства ў скверы 40-годдзя Перамогі. Акрамя традыцыйных конкурсаў, былі добраўпарадкаваны і вучэбныя пляцоўкі “Вуліца бяспекі”, дзе бацькі разам з дзецьмі маглі праверыць свае веды ў галіне бяспекі, разгадаць рэбусы і загадкі, знайсці бяспечны выхад з прапанаваных сітуацыйных задач, прымераць баявую вопратку ратавальнікаў.

А рэстаран “101” гасцінна расчыніў дзверы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Пярвічная арганізацыя Магілёва і Чавус “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” ініцыіравала дабрачынную акцыю, прымеркаваную да свята. Работнікі абласнога цэнтра бяспекі жыццядзейнасці правялі з малымі гульні, віктарыны, пасля чаго арганізавалі для іх экскурсію ў музеі гісторыі пажарнай справы Магілёўскай вобласці.

З размахам прайшоў фінальны этап акцыі і ў Мінску. Сталічныя ратавальнікі, работнікі цэнтра “Бяспечнае дзяцінства” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і мінскай ДАІ правялі маштабнае шоу з удзелам самых моцных, адважных і разумных супергерояў.

Дзецям і бацькам была прадастаўлена магчымасць адчуць сябе ў ролі ратавальнікаў і трапіць па мішэні з сапраўднага пажарнага ствала, выратаваць чалавека з палаткі, запоўненай дымам, адказаць на пытанні па АБЖ, навучыцца рабіць непрамы масаж сэрца, прымераць баявую вопратку пажарных-ратавальнікаў і даведацца, навошта ім патрэбны матацыклы. Акрамя гэтага, у дзяцей была ўнікальная магчымасць пазнаёміцца і пагуляць з сабакамі кіналагічнай службы, убачыць і нават дакрануцца да шматлікага прафесійнага абсталявання пажарных і вадалазаў, пакатацца на машыне-перакрутышы. А самыя маленькія вучыліся правільна выклікаць ратавальнікаў, малявалі з бацькамі і ўдзельнічалі ў конкурсах.

Акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!” — своеасаблівы заклік і напамін бацькам аб тым, што бяспека дзіцяці залежыць ад дарослых. Работнікі МНС яшчэ раз растлумачылі, як важна берагчы дзяцей ад небяспекі, вучыць іх правільным паводзінам, клапаціцца, каб дзеці былі заўсёды пад наглядам і не заставаліся адны дома.

Работа працягваецца і падчас летніх канікул. Эстафету бяспекі ад ратавальнікаў прыняла наступная акцыя — “Канікулы без дыму і агню”. Работнікі МНС будуць праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы ў летніх аздараўленчых лагерах. Асноўны акцэнт — на выкананне правіл бяспекі, а таксама на папярэджанне дзіцячага траўматызму.

Іна ЧУГАЙ,
Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.