Не проста даты і падзеі: меркаваннямі аб рэспубліканскай кантрольнай па гісторыі Беларусі падзяліліся педагогі і вучні

- 12:20Новости

Рэспубліканскую кантрольную па гісторыі Беларусі напісалі вучні 11-­х класаў — праверылі веды, уменне думаць, аналізаваць, усвядомілі сувязь сучаснасці з мінулым нашай краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гісторыя Беларусі — не проста даты і па­дзеі. Гэта жывы дыялог пакаленняў, дзе кожны ўрок становіцца мостам паміж мінулым і будучыняй.

— Веды па гісторыі Беларусі дазваля­юць фарміраваць гістарычную памяць і свядомасць, выхоўваць грамадзяніна, патрыёта. А рэспубліканская кантрольная работа спрыяе развіццю крытычнага мыслення, уменняў аналізаваць і супастаўляць факты, што з’яўляецца важным аспектам любога кірунку выхавання. Акрамя таго, пры падрыхтоўцы да кантрольнай работы школьнікі вучацца працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, рабіць высновы і аргументаваць свой пункт гледжання. Гэта дапамагае ім не толькі ў вывучэнні гісторыі, але і ў іншых прадметах, развіваючы ўніверсальныя навыкі ХХІ стагоддзя, — адзначыла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 7 Баранавіч імя А.І.Валошына Алена Шалуха.

— Прадметны і метапрадметны кампаненты дапаўняюць адзін аднаго і спрыя­юць больш глыбокаму і якаснаму засваенню ведаў і развіццю навыкаў навучэнцаў, — далучылася да размовы настаўнік-метадыст настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 148 Мінска Людміла Руцкая.

Падрыхтоўка да рэспубліканскай кант­рольнай — справа сур’ёзная, таму педагогі пачалі працу адразу пасля абвяшчэння пра яе правядзенне.

— Сваіх навучэнцаў я рыхтавала на працягу навучальнага года. Мы выкарысталі ўсю інфармацыю ў падручніку па гісторыі Беларусі, выконвалі заданні РКР папярэдніх гадоў, аналізавалі памылкі. А яшчэ складала для сваіх вучняў заданні, набліжаныя да РКР па розных тэмах, — падзялілася Людміла Руцкая.

Незалежная ацэнка ведаў важная для ўсёй сістэмы адукацыі, бо аб’ектыўная карціна вынікаў вучэбных дасягненняў будзе спрыяць далейшаму ўдасканаленню вучэбных праграм і метадаў выкладання.

Алена Шалуха на вучэбных занятках выкарыстоўвала разнастайныя метады пад­рыхтоўкі — ад інтэрактыўных лекцый да групавых праектаў:

Абмяркоўвалі разам з навучэнцамі ключавыя тэмы, аналізавалі гістарычныя дакументы, звярталіся да мультымедыйных рэсурсаў для больш глыбокага разумення матэрыялу. Таксама разбіралі заданні кантрольных работ мінулых гадоў, што дазволіла старшакласнікам прывыкнуць да фармату заданняў і выявіць слабыя месцы ў сваіх ведах.

Сваім меркаваннем падзяліліся і адзі­наццацікласнікі Глеб Петражыцкі з сярэдняй школы № 148 Мінска і Аліна Грыб, прадстаўніца сярэдняй школы № 7 Баранавіч імя А.І.Валошына.

— Складаных заданняў для мяне не было. Самым цікавым было пятае: мне падабаецца працаваць з тэкстам, дыяграмамі, плюс кожны можа адказаць на пытанні па-свойму, — пачаў размову Глеб.

— Заданні кантрольнай не выклікалі ў мяне асаблівых цяжкасцей, таму што яшчэ ў 9 класе мы здавалі экзамен па гісторыі Беларусі і, дзякуючы добрай падрыхтоўцы, атрымалі трывалыя веды. На кантрольную я ішла з упэўненасцю. Хачу сказаць, што для нас падрыхтавалі заданні, якія прымушалі разважаць, аналізаваць, выказваць сваё меркаванне. Мне спадабалася працаваць з інфаграфікай, параўноўваць геапалітычнае становішча па пэўных крытэрыях. А некаторыя факты нават выклікалі гордасць за сваю краіну і яе дасягненні, — далучылася Аліна.

Адзінаццацікласнікі адзначылі неабходнасць ведаў па гісторыі Беларусі ў жыцці.

— Гісторыя дапамагае арыентавацца ў штодзённым жыцці, на ўроках мы часта тлумачым прычынна-выніковыя сувязі, што ў будучыні спатрэбіцца для аналізу сітуацыі і прыняцця важнага рашэння. Акрамя таго, кожны чалавек павінен ведаць гісторыю краіны, каб не паўтараць ранейшых памылак. Ведаючы гісторыю, ты паказваеш сваю неабыякавасць да продкаў, якія так шмат зрабілі для нашай дзяржавы, — адзначыў Глеб Петражыцкі.

— Ва ўмовах глабалізацыі асабліва важна ўсведамляць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Гісторыя ўзбагачае нас ведамі, адкуль пайшоў наш род, які складаны і доўгі шлях пераадолелі нашы продкі, перш чым утварылася беларуская дзяржава. І задача для нас, нашчадкаў, — не забыць гэты вопыт, не здрадзіць таму, што здабывалася так няпроста. Да таго ж планую звя­заць сваё прафесійнае жыццё з педагогікай, а гэта значыць, што і ад мяне будзе зале­жаць, наколькі добра мае выхаванцы будуць ведаць гісторыю, адэкватна рэагаваць на выклікі сучаснасці, — лічыць Аліна Грыб.

Прыклад задання

Азнаёмцеся з наступнымі крыніцамі інфармацыі:

1) з заўваг і прапаноў Э.Ветцэля па генеральным плане “Ост” (27 красавіка 1942 года);

2) акт камісіі з прадстаўнікоў вайсковай часці Чырвонай Арміі і мясцовай грамадскасці аб зверствах і здзеках нямецкіх фашыстаў над савецкімі людзьмі ў канцлагеры каля мястэчка Азарычы Даманавіцкага раёна Палескай вобласці (не раней за 19 сакавіка 1944 года);

3) Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго (прынята Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1948 года).

Сфармулюйце тры аргументы, якія пацвярджаюць выснову, што дзеянні германскіх захопнікаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца генацыдам беларускага народа.

 Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар