Не толькі адпачыць, але і зарабіць. Розныя варыянты працоўнага лета ў гімназіі Пружан прадставіла дырэктар установы

- 17:14Новости

Не толькі адпачыць, але і зарабіць. Розныя варыянты працоўнага лета ў гімназіі Пружан прадставіла дырэктар установы Ала Сомава. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ала Мікалаеўна — той чалавек, які па сабе ведае, наколькі прыемна пажы­наць плады ўласнай працы. Амаль 20 гадоў яна стварае кветкавы аазіс на сваім прысядзібным участку, доўгі час вучыла гэтаму дзяцей у Слабадской сярэдняй школе Пружанскага раёна, а цяпер, працуючы ў гімназіі, гэтае імкненне — упрыгожваць свет вакол сябе — яна перадае гімназістам.

— Ва ўстанове працоўнае навучанне дзяцей арганізавана ў розных кірунках. Гэта і грамадска карысная праца, і летняя працоўная практыка, працоўная брыгада, і студэнцкі атрад, — расказвае А.М.Сомава. — Для грамадска карыснай працы ў нас выдзяляецца па 1 гадзіне ў тыдзень для навучэнцаў 3—8 класаў, і па 2 гадзіны — для 9—11 класаў. У асноўным гэта работа на нашым участку, найчасцей — з раслінамі. Яшчэ зімой мы планавалі, кветкі якіх гатункаў і колераў мы сабе хочам пасадзіць, а пачынаючы з лютага высявалі іх, пікіравалі, дасвечвалі, падкормлівалі. Нашы вучні жывуць у асноўным у кватэрах і гэтага працэсу не ведаюць — бачаць толькі пышныя букеты і іх кошт на рынку і, мабыць, таму ахвотна падключыліся да гэтай справы.

Вынік сумеснай работы бачны на тэрыторыі гімназіі: яна патанае ў зеляніне і кветках. Духмяныя травы, кампазіцыі з падабраных па тонах браткаў, петуніі ўсіх колераў вясёлкі і многія іншыя кветкі — гэта толькі парадная зона тэрыторыі. Гаспадарс­кая рука адчуваецца ў кожным куточку. На тэрыторыі пастаянна мяняюцца міксбордары: не паспелі адцвісці першацветы, як іх змяняюць кветкі летняга цвіцення. Аб’ём тэрыторыі надаюць самыя розныя хвойнікі.

Да таго ж у гімназістаў ёсць шыкоўны пладовы сад — пад яго адведзена 19 сотак. Тут старшакласнікі атрымліваюць першыя веды па доглядзе яблынь, груш і іншых пладовых дрэў, даведваюцца, калі і як праводзіць іх абрэзку, пабелку. У маі, калі сад у квецені, і ў верасні, калі галіны ўвешаны ураджаем, гэта любімая фотазона гімназістаў. Дарэчы, акрамя таго, што сад дазваляе дзецям падвітамініцца, продаж ура­джаю дазваляе яшчэ і зарабіць грошай на патрэбы гімназіі.

Ягадным водарам напоўнены і вучэбна-доследны ўчастак. Пад летнімі даж­джамі і шчодрым сонцам тут спее плантацыя клубніц. Вялікі ўчастак выдзелены і пад агародніну, якая ідзе на патанненне харчавання школьнікаў, а рэшткі — на продаж. Але, па словах Алы Мікалаеўны, галоўны даход з агарода ўстанове дае цыбуля. У гімназіі вырошчваюць цыбулю на пяро і рэалізоўваюць яго насельніцтву круглы год. Вясной не меншым попытам карыстаецца расада таматаў і перцаў. Але ўсё ж галоўная стаўка ў гімназіі зроблена на кветкі.

— Вось у гэтай 10-метровай цяпліцы мы пікіравалі і дарошчвалі расаду кветак, а потым рэалізоўвалі яе нашаму насельніц­тву, а таксама ЖКГ для азелянення вуліц горада, — праводзіць экскурсію кіраўнік установы. — Тут нашы парнікі. Гэты адве­дзены пад дарошчванне чаранкоў руж. Якраз цяпер яны яшчэ ўкараняюцца, а восенню мы іх будзем рэалізоўваць — у нас ужо актыўна ідуць на іх заказы. Гэтая справа — размнажэнне руж — у нашых дзяцей вельмі папулярная, бо саджанцы дарагія, а размно­жыць іх пры жаданні можа кожны. Гэта добры стымул для прадпрымальніцкай дзейнасці, таму дзеці ўжо добра ведаюць, колькі пупышак павінен мець чаранок, як яго пасадзіць, як дагля­даць, чым падкормліваць і апрацоў­ваць. А гэта гадавальнік туй. Яго мы залажылі ў мінулым годзе, яны ўкараніліся, і цяпер мы іх толькі падрошч­ваем да таварнага выгляду. Дзеці веда­юць, якая іх цана на рынку, і гэта іх вельмі стымулюе. Праўда, не ўсе ўяўляюць, колькі часу і сіл патрабуе вырошчванне адной таварнай туі. А ў гэтым гадавальніку наш галоўны канёк — хрызантэма мультыфлора. Дзеці з дапамогай педагога вучацца захоўваць зімой матачныя расліны, у лютым з іх пасынкаваць і ўкараняць маладыя расліны. Яны толькі набіраюць сілу, яшчэ крыху — і ператворацца ў каляровыя шары. Пружанцы ўжо чакаюць гэтую нашу прадукцыю.

Дарэчы, у мінулым годзе гімназісты прымалі ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне тэрыторыі Пружанскага раёна. Былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені і грашовай прэміяй.

На работу з раслінамі ў асноўным накіравана і дзейнасць працоўнай брыгады. Сёлета ў ёй было 8 чалавек. Старшакласнікі займаліся перакопкай, праполкай, пікіроўкай і пасадкай кветак, а таксама чысцілі і фарбавалі гімназічную агароджу. А вось студатрад сёлета меў нечаканы профіль.

— У мінулым годзе нашы навучэнцы працавалі на Пружанскім кансервавым заводзе, дзе знаёміліся з тэхналогіяй кансервавання. Яны мылі і закладвалі ў слоікі агуркі. Туды ж нашы дзеці адправіліся і сёлета, працуюць там з 4 ліпеня. А вось у чэрвені мы рызыкнулі змяніць сферу дзейнасці: наш студатрад працаваў у сельскагаспадарчым кірунку ў ААТ “Пружанскае”. Уявіце сабе: нашы хлопцы, у асноўным гарадскія, якія не маюць уяўлення пра сельскую гаспадарку, адправіліся карміць кароў, цялят і … чыс­ціць кароўнік. Я баялася, што бу­дуць абурэнні з боку і навучэнцаў, і бацькоў, але дзеці на дзіва нармальна ўспрынялі такую работу і ўсе да аднаго ездзяць у гаспадарку працаваць, — дзеліцца Ала Сомава.

Пра тое, наколькі запатрабаваная сярод гімназістаў магчымасць папрацаваць летам і зарабіць, сведчыць колькасць жадаючых. У працоўныя брыгады хлопцы і дзяўчаты запісваюцца яшчэ з верасня. Забяспечыць усе запыты гімназія, канечне, не можа: вакантныя месцы аддаюцца ў першую чаргу дзецям з малазабяспечаных сем’яў і тым, хто патрабуе асаблівай педагагічнай увагі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА