Не толькі цікавасць, але і канкрэтныя перспектывы супрацоўніцтва

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў далейшым развіцці дружалюбных адносін з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пра гэта ён заявіў на перагаворах з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам, які ўпершыню наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.

“Нас звязваюць даўнія добрыя адносіны, больш за тое — дружалюбныя адносіны. І я шчыра рады сустракаць вас у Беларусі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што паміж дзвюма краінамі, эканоміка гэта ці палітыка, няма ніякіх праблем або спрэчных пытанняў. “Думаю, нашы адносіны будуць развівацца ў такім жа дружалюбным напрамку. Фундаментам любых палітычных адносін з’яўляецца эканоміка, гандаль. Тут нам ёсць над чым працаваць. Упэўнены, што ваш візіт у Беларусь надасць сур’ёзную дынаміку ў гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным плане”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Мы знойдзем напрамкі нашага супрацоўніцтва, тым больш што закрытых тэм і закрытых сфер для адносін паміж Эміратамі і Беларуссю няма”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэн­ка.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што гэта першы візіт у Беларусь наследнага прынца. “Вы толькі што сказалі, што вам спадабалася ў Беларусі і спадабаліся нашы людзі. У любы час на любы тэрмін прыязджайце да нас адпачыць. Тым больш лета, ды і пачатак восені ў вас (у ААЭ. — Заўвага БелТА.), з нашага пункту гледжання, час гарачы — пад 40 градусаў, а часам і вышэй. Таму мы гатовы прадаставіць усе паслугі, каб вы маглі гэты час правесці ў Беларусі”, — сказаў прэзідэнт.

“Вы былі ў многіх краінах. У Беларусі першы раз. Але ведайце, што гэта не чужая вам зямля. Тым больш у вас тут свой дом”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля завяршэння сустрэчы з кіраўніком дзяржавы наследны прынц Абу-Дабі пасадзіў дрэва на алеі ганаровых гасцей ля Палаца Незалежнасці.

Як патлумачыў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, у Беларусі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў ёсць узаемная зацікаўленасць у развіцці і паглыбленні двухбаковага супрацоўніцтва.

“Мы бачым не толькі цікавасць, але і канкрэтныя перспектывы і галіны, дзе гэтае супрацоўніцтва можа развівацца. Мы вырабляем шэраг рэчаў, у якіх зацікаўлены ААЭ, і наадварот. Узаемны інтарэс прысутнічае. Ёсць разуменне таго, што неабходна стратэгічнае бачанне развіцця нашага супрацоўніцтва. Гэтым і тлумачыцца сённяшні афіцыйны візіт наследнага прынца ў Беларусь”, — сказаў міністр.

Ён адзначыў, што ў бягучым годзе паміж краінамі назіраецца значны рост тавараабароту, у тым ліку беларускага экспарту. “Гэта не толькі адзінкавыя нейкія рэчы, а шырокая наменклатура прадукцыі — і прамысловай, і сельскагаспадарчай. Мы маем намер захаваць гэтую дынаміку і ў далейшым”, — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Міністр выказаў упэўненасць, што сустрэча і перагаворы на найвышэйшым узроўні нададуць новы сур’ёзны імпульс развіццю доўгатэрміновага стратэгічнага супрацоўніцтва з ААЭ ва ўсіх сферах.

Узаемны гандаль Беларусі і ААЭ дынамічна развіваецца. Са студзеня па ліпень 2019 года тавараабарот дасягнуў $55,1 млн (133,4 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года), экспарт склаў $44 млн і павялічыўся на 33,8 працэнта, імпарт — $11,1 млн, павялічыўся на 32,5 працэнта. У 2018 годзе тавараабарот склаўся на ўзроўні $72,3 млн, з якіх $58 млн прыпала на экспарт, $14,3 млн — на імпарт. У Беларусь з ААЭ паступіла $44 млн прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў 2018 годзе (гэта ў 2,3 разу больш, чым у 2017-м). За студзень — чэрвень бягучага года аб’ём інвестыцый склаў $26,9 млн.