Неабходна больш сустракацца з людзьмі на месцах

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

Выпрацаваць план эстэтызацыі гарадскога асяроддзя неабходна для Мінска. Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.

Работа па добраўпарадкаванні ў сталіцы вядзецца на сістэмнай аснове, аднак ёсць прабелы. “Неабходна актыўней працаваць з сектарам індывідуальнай забудовы. І мне бачыцца, што на 2018 год трэба распрацаваць не проста планы па замацаванні тэрыторый за адказнымі, сёння патрэбны план эстэтызацыі гарадскога асяроддзя. Мінск — гэта асаблівы горад, сталіца. Ён павінен быць прыкладам ва ўсім: у афармленні, устаноўцы білбордаў, малых архітэктурных форм, фарбаванні фасадаў”, — адзначыла Наталля Качанава.

Да тэмы аднастайнасці гарадскога асяроддзя ў Мінску звярталіся не раз, і чакаецца, што 2018 год стане пераломным у гэтым пытанні для сталіцы.

Таксама кіраўнік Адміністрацыі адзначыла неабходнасць прапрацоўкі праграм па азеляненні горада. “Пераканаўчая просьба: узгадняйце праекты з мінімальным ліквідаваннем дрэў. Не чапайце зялёныя пасадкі. Мінск тым і славіцца, што ў яго добрыя паркавыя зоны, зеляніны шмат, таму мінімальны знос, а ўсё астатняе трэба захоўваць”, — сказала Наталля Качанава.

“Работу са зваротамі грамадзян трэба ўзяць на самы строгі кантроль, — адзначыла таксама Наталля Качанава, звяртаючыся да кіраўнікоў адміністрацый раёнаў. — Паглядзіце іншыя формы і метады. Гэта не толькі суботнія прамыя тэлефонныя лініі, не толькі прыёмы ва ўстаноўленыя дні. Гэта дадатковыя сустрэчы з насельніцтвам”.

Неабходна больш сустракацца з людзьмі на месцах і правяраць рэальныя ўмовы іх жыцця, у тым ліку каб выключыць спекуляцыі. Ідэальны варыянт, на думку кіраўніка Адміністрацыі, калі людзі ідуць у нізавое звяно, і там іх пытанне вырашаецца. Не ствараючы вал зваротаў у вышэйшыя органы.

Асаблівую ўвагу Наталля Качанава звярнула на колькасць пытанняў у сферы ЖКГ. Тэмы, звязаныя з ушчыльненнем, рассяленнем, па-ранейшаму прысутнічаюць на парадку дня. Але з’явілася і шмат пытанняў, што датычацца няякаснага капітальнага рамонту. Такога, каб пасля капітальнага рамонту даводзілася яшчэ і ўстараняць недахопы, быць не павінна. Гэта нонсэнс, заявіла Наталля Качанава. “Калі мы гаворым аб тым, што ў нас ёсць выбар сярод падрадных арганізацый, то працуйце адзін з адным. Навошта такая арганізацыя, калі пасля яе работы людзі звяртаюцца са скаргамі? Дайце ёй такую характарыстыку, каб яна больш ні на адзін аб’ект не трапіла. Вы ведаеце, наколькі цяпер актуальна пытанне капітальнага рамонту”, — дадала кіраўнік Адміністрацыі.

Варта таксама звярнуць увагу на органы самакіравання ў дамах, дваровых тэрыторыях, мікрараёнах.