Са сцен парламента павінны выходзіць кіраўнікі высокага ўзроўню. Аб гэтым заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Старшыня ЦВК адзначыла, што хацела б бачыць перспектыву людзей, якія будуць выбраны ў парламент. “Са сцен парламента павінны выйсці будучыя кіраўнікі высокага ўзроўню”, — сказала яна. На думку Лідзіі Ярмошынай, парламент — своеасаблівая школа, якая павінна спалучацца з прафесійным вопытам, атрыманым на асноўным месцы работы.
“Чалавек павінен дасягнуць даволі значных вышынь у сваёй прафесіі, атрымаць дзяржаўны вопыт — і далей гэта гатовы рэктар ВНУ, міністр, намеснік міністра, губернатар вобласці і г.д.”, — прадоўжыла яна. Адказваючы на пытанне, якімі, з яе пункту гледжання, якасцямі павінен валодаць парламентарый, Лідзія Ярмошына назвала прыстойнасць, уменне ацэньваць мэтазгоднасць і наступствы прыняцця законапраектаў.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына заклікае ставіцца без істэрыі да міжнароднага назірання на выбарах. “Трэба працаваць у першую чаргу для сваіх выбаршчыкаў і выконваць закон, які мы прынялі і які з’яўляецца нядрэнным. А што ж тычыцца наглядальнікаў, галоўнае, што мы міжнародную грамадскасць клічам і супрацоўнічаем з ёй. Давайце ставіцца да гэтага без істэрыі, бо да такой ступені гэты інстытут міжнароднага назірання дэманізавалі, паставілі на п’едэстал і самі сталі баяцца. Не трэба нічога баяцца, проста да людзей трэба ставіцца адкрыта і добразычліва”, — падкрэсліла Лідзія Ярмошына.
Старшыня ЦВК адзначыла, што важным момантам у выбарчай камісіі з’яўляецца адкрытасць пры падвядзенні вынікаў, для забеспячэння якой таксама прымаецца шэраг мер. “Перш за ўсё гэта доступ наглядальнікаў да многіх лічбаў, якія проста не прапісаны ў законе. Так, у наглядальніка няма права патрабаваць такія даныя, як, напрыклад, колькі выбаршчыкаў у спісе для галасавання або колькі выбаршчыкаў прынялі ўдзел у галасаванні. Лічыцца, што наглядальнік потым азнаёміцца з пратаколам. Цяпер мы абавязваем гэтыя лічбы даваць. Таксама мы абавязваем дапускаць нацыянальных і міжнародных наглядальнікаў да працэдуры перадачы пратаколаў ад участковых камісій да акруговых, да звядзення вынікаў выбараў па акрузе”, — растлумачыла яна. Акрамя таго, Лідзія Ярмошына расказала, што ўчастковыя камісіі будуць абавязаны ствараць умовы для таго, каб наглядальнікі маглі ўбачыць саму працэдуру падліку галасоў.