Павышаць прэстыж навукі і адукацыі трэба таксама за кошт эканамічнага стымулявання вучоных з улікам іх эфектыўнасці. Такое меркаванне выказаў дэлегат II з’езда вучоных Беларусі, загадчык кафедры бяспекі жыццядзейнасці, дацэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Шчур.
Паводле яго слоў, у Беларусі наспела праблема падрыхтоўкі і захавання навуковых кадраў. У краіне востра стаіць пытанне старэння вучоных, моладзь неахвотна ідзе ў навуку па прычыне невысокай заработнай платы. “Гэта вядзе да вымывання найбольш таленавітых кадраў з навукі і адукацыі. Нельга эканоміць на адукацыі і навуцы, без іх нам не ўдасца стварыць квітнеючую краіну, і прыклад развітых краін гэта паказвае”, — адзначыў Аляксандр Шчур.
На думку вучонага, у найбліжэйшыя гады неабходна сканцэнтраваць намаганні на ўдасканаленні сістэмы ўзнаўлення навуковых кадраў, павышэнні ўзроўню эканамічнай і сацыяльнай абароненасці вучоных, амаладжэнні кадравага складу навукі, забяспечыць развіццё цьютарскага руху, у тым ліку за кошт эканамічных механізмаў.
Ад з’езда, які мае адбыцца, Аляксандр Шчур перш за ўсё чакае разумення напрамкаў і перспектыў развіцця беларускай навукі. “Па многіх галінах мы цалкам канкурэнтаздольныя на сусветным узроўні, але па некаторых яшчэ адстаём. На мой погляд, беларускія ВНУ ў адпаведнасці з сусветным вопытам павінны выконваць не толькі адукацыйную і навуковую функцыю, але і займацца камерцыялізацыяй найноўшых тэхналогій, больш актыўным іх укараненнем у вытворчасць. Як паказвае практыка, гэта таксама адзін з дзейсных інструментаў стымулявання развіцця навукі”, — лічыць вучоны.