Незабыўныя сустрэчы

- 10:29Рэпартаж

Сапраўдным журналісцкім святам стаў для супрацоўнікаў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”
нядаўні прэс-­тур па Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах.

 

Усяго два дні доўжылася наша камандзіроўка па адметных куточках Брэстчыны, але наколькі насычанымі былі і аўторак, і серада! Мы наведалі дзесяць устаноў адукацыі, пагутарылі з добрай сотняй творчых педагогаў, сабралі матэрыял на некалькі газетных палос, а ўражанняў — як мінімум на цэлы год.

Важнай часткай прэс-туру сталі сустрэчы з кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама раённых аддзелаў па адукацыі. Чарговы раз мы пераканаліся, што поспехі сістэмы адукацыі таго ці іншага раёна ў многім залежаць ад прафесіяналізму, ініцыятыўнас­ці кіраўніка. Калі ў яго сэрцы гарыць агеньчык натхнення, жадання ствараць, удасканальваць, то ён абавязкова будзе гарэць і ў сэрцах педагогаў, а значыць, сістэма адукацыі бу­дзе паказ­ваць высокія вынікі. У гэтым плане Аляксандр Віктаравіч Шамяцюк і Алена Міхайлаўна Саковіч даюць калегам цудоўны прыклад.

У першы дзень прэс-туру мы азнаёміліся з сістэмай адукацыі Кобрыншчыны. Сярэдняя школа № 7 прадставіла вопыт арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі, дзейнасць спартыўных класаў і інтэлектуальнага клуба. Сярэдняя школа № 4 адметная сваім STEAM-цэнтрам і асабліва яго педагогамі — маладымі і крэатыўнымі. Нядзіўна, што і навучэнцы цэнтра ствараюць такія ж крэатыўныя распрацоўкі.

Хочацца адзначыць сельскія ўстановы адукацыі, дзе пануе асаблівая атмасфера сяб­роўства, згуртаванасці. Інакш і не можа быць, бо тут працу­юць сапраўдныя патрыёты малой радзімы. Запомніліся словы загадчыцы Яроміцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Таццяны Мікалаеўны Біч: “Мне неаднаразова прапаноўвалі работу ў горадзе, але я кожны раз адмаўлялася. Хачу ства­раць добрыя ўмовы навучання і выхавання для сельскіх дзяцей. Яшчэ не ўсе задумы рэалізавала. Шмат што трэба зра­біць”. Прыкладна такія словы мы пачулі і ад дырэктара Астроміцкай сярэдняй школы Галіны Ула­дзіміраўны Свянцецкай. Установа, якую яна ўзначальвае, мае ганаровы статус Школы міру і “зялёнай школы”.

Знакамітае выслоўе “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” пацвярджаюць на справе і настаўнікі Бярозаўскага раёна, у прыватнасці, сярэдняй школы вёскі Здзітава, дзе дзейнічаюць клуб “Гвардзеец” і музей баявой славы, а таксама Спораўскай і Здзітаўскай сярэдніх школ. Перад наведваннем Спораўскай школы ў аддзеле па адукацыі нас запэўнівалі, што такога музея, як у гэтай установе адукацыі, мы не пабачым больш нідзе ў Беларусі. Спачатку сумняваліся, бо вядома, што кожны чалавек сваю малую радзіму хваліць. Але гэтыя словы аказаліся праўдай. Уразіла не толькі сама экспазіцыя, прысвечаная рыбалоўству. Зацікавіла і арыгінальная назва музея — “Спораўскі карась”. Не менш унікальная пчаліная школа дзейнічае ў аграгарадку Здзі­тава. Шмат цікавага мясцовыя педагогі расказалі не толькі пра жыццё маленькіх працаўніц, але і пра гісторыю роднага краю.

Гарадскія ўстановы таксама здзівілі. У сярэдняй школе № 2 Бярозы мы пабывалі ў рэсурсным цэнтры па ваенна-патрыятычным выхаванні і STEM-класе. У сярэдняй школе № 3 азнаё­міліся з дзейнасцю турыстычнага клуба “Рамантык” і секцыі па баскетболе, наведалі іх трэніроўкі, а ў Бярозаўскім раённым ЦКРНіР быў прадстаўлены лепшы рэгіянальны вопыт інклюзіўнай адукацыі.

Супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” шмат падарожнічаюць па Беларусі, рэгулярна выяз­джаюць у камандзіроўкі. Знаходзячыся на Брэстчыне, мы ў першую чаргу адзначаем, што тут жы­вуць працавітыя людзі. А калі працаві­тасць спалучаецца з творчасцю, то атрымліваецца ўнікальны педагагічны вопыт. З гэтым вопытам мы і будзем знаёміць чытачоў на старонках выдання.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара