— Выяўленне і падтрымка адораных дзяцей, стварэнне спрыяльных умоў, якія садзейнічаюць развіццю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дашкольнікаў, іх сацыялізацыі ў грамадстве — адна з актуальных задач сучаснай сістэмы дашкольнай адукацыі, — гаворыць метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама Л.У.Лойка. — Шляхоў развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу дзяцей шмат, але ўласная даследчая практыка з’яўляецца адным з самых эфектыўных.
У дашкольных установах Ляхавіцкага раёна асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю пазнавальных інтарэсаў і навыкаў, даследчых уменняў выхаванцаў. З мэтай выяўлення дзяцей, якія праяўляюць павышаную пазнавальную актыўнасць, ужо другі год ладзіцца раённы конкурс даследчых работ дашкольнікаў “Я — даследчык”.
У сёлетнім спаборніцтве ўдзельнічалі 13 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прэзентавалі даследчыя работы ў намінацыях “Дзіця і прырода” і “Незвычайнае ў звычайным”. Работы паказалі, што свет фантазій і інтарэсаў выхаванцаў бязмежны.
— Для маленькіх даследчыкаў уд зел у конкурсе — гэта вялікае дасягненне, першая перамога, таму лепшыя работы адзначаліся спецыяльнымі дыпломамі, каб матываваць дзяцей да далейшай плённай дзейнасці, — адзначыла Л.У.Лойка. — У намінацыі “Дзіця і прырода” была адзначана работа Агаты Фядотавай з ясляў-сада № 1 Ляхавіч “Незвычайныя ператварэнні вады і масла”. Юная даследчыца доследным шляхам выявіла рэчыва, якое растварае тлушчы. Дзяўчынка прыйшла да высновы, што з мэтай аховы вадаплаўных птушак ні ў якім разе нельга выліваць мыльную ваду ў вадаёмы, бо яна дрэнна ўплывае на птушынае пер’е і здольнасць добра плаваць.
У гэтай жа намінацыі за пазнавальныя адносіны да навакольнага свету былі адзначаны работы Максіма Марахіна з Тухавіцкага дзіцячага сада “Эканомім паперу — выратоўваем лес” і Паліны Спірыдонавай з Навасёлкаўскага дзіцячага сада “Цыбуля — паратунак ад 7 хвароб”. Максім узняў праблему марнатраўнага стаўлення людзей да лясных рэсурсаў і прапанаваў рэалізаваць на практыцы розныя спосабы іх захавання шляхам эканоміі паперы і збору макулатуры. Так, на занятках па выяўленчай дзейнасці ў дзіцячым садку юны даследчык прапанаваў выкарыстоўваць паперу ўласнага вырабу. А вось Паліна даказала ў сваёй рабоце карысныя ўласцівасці цыбулі для здароўя людзей.
У намінацыі “Незвычайнае ў звычайным” не засталася без увагі работа Паўла Кляўца з ясляў-сада № 4 Ляхавіч. Хлопчык даследаваў незвычайныя ўласцівасці звычайнага лімона. Алег Таўпека з Зубялевіцкага дзіцячага сада вывучыў уплыў кока-колы на арганізм чалавека. У выніку эксперыментаў дашкольнік прыйшоў да высновы, што гэты напітак небяспечны для здароўя. Парадавала членаў журы цікавым і яркім выступленнем Ілона Міклашэвіч з Начаўскага дзіцячага сада, якая падрыхтавала работу “Цуда-бочачка” (пра курынае яйка).
— Выступленні юных даследчыкаў суправаджаліся прэзентацыямі, — расказала Л.У.Лойка. — Дзеці праводзілі доследы, даказвалі вылучаныя гіпотэзы. Дашкольнікі здзіўлялі дарослых захопленасцю, дзелавітасцю, цікаўнасцю, адкрытасцю і непасрэднасцю, уменнем бачыць незвычайнае ў звычайным.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.