Цікавымі заданнямі, шумнымі дыскатэкамі, танцавальнай зарадкай, новымі сябрамі, добрымі ўсмешкамі і станоўчымі эмоцыямі запомніцца хлопчыкам і дзяўчынкам летняя змена ў раённым лагеры “Лідар”, які дзейнічаў на базе Ганцавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Брэсцкай вобласці. Адкрыўшыся ў 2014 годзе, лагер заваяваў любоў у юных актывістаў, таму сёлета на месцы ў атрадах быў сапраўдны ажыятаж.
Прыемна, што шосты, важацкі, атрад складаўся з трох былых выхаванцаў лагера. Юбілейная, пятая, змена сабрала ў ім 120 самых ініцыятыўных школьнікаў і 15 творчых выхавальнікаў. Аб’яднаныя ідэяй лідарства ва ўсім, атрады не саступалі адзін аднаму ні ў чым, а таварыскі дух дапамагаў дзецям і важатым знайсці словы падтрымкі і парадавацца за кожнага.
Творча-гульнявы праект “10 лідарскіх вяршынь”, рэалізаваны ў лагеры, садзейнічаў усебаковаму развіццю хлопчыкаў і дзяўчынак праз удзел у розных мерапрыемствах. Пакараючы вяршыні Дружбы, Мэтанакіраванасці, Спорту і Здароўя, Грамадзянскасці і Патрыятызму, дзеці адкрывалі ў сабе новыя здольнасці, набывалі новыя ўменні і, несумненна, рэалізоўвалі творчы патэнцыял.
Дэвіз сёлетняга лагера “Ні дня без адкрыццяў” цалкам апраўдаў чаканні выхаванцаў і задачы арганізатараў змены. Штодзень дзеці пакаралі лідарскія вяршыні, кожнай з якіх адпавядалі лаканічны афарызм і творчае заданне, культурна-адпачынкавыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, прытчы. Вайбер-паляванне “Лета з пазітывам”, творчая майстэрня “Карціны ажываюць”, відэаінтэрв’ю з лідарамі — гэта далёка не поўны пералік заданняў, якія неабходна было выканаць, каб стаць лепшым атрадам па выніках дня. Высокі тэмп, зададзены ў пачатку змены, дазволіў знайсці занятак па душы для кожнага. Самыя яркія моманты з лагернага жыцця адлюстроўваліся ў штодзённым выпуску “Лідар-Time”.
У першы дзень азнаёміцца з традыцыямі і правіламі лагера, а таксама згуртавацца атрадам дапамагла гульнявая праграма “Вяровачны курс”, падчас якой удалося высветліць, што самымі папулярнымі імёнамі ў змене з’яўляюцца Дар’я і Дзмітрый. А для таго каб паспяхова прайсці ўсе станцыі, патрабавалася выпрацаваць камандную тактыку. Вызначыўшы лідараў у атрадах, вечарам дзеці выбралі савет самакіравання.
Цэнтральным мерапрыемствам другога дня стала ўрачыстае адкрыццё змены. Радасную падзею з выхаванцамі падзялілі начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.У.Здрок і першы сакратар райкама БРСМ А.А.Занько. Конкурс візітовак “Толькі дружбе пакараюцца сэрцы” здзівіў журы невычэрпнай творчай энергіяй дзяцей і важатых. Вясёлыя песні ля вогнішча дружбы паказалі, што ў змену трапілі сапраўдныя лідары.
Лепшых інтэлектуалаў лагера дапамагло выявіць інтэлект-шоу “Усё пра ўсё”. Сфарміраваныя напярэдадні рознаўзроставыя каманды паспяхова пакарылі вяршыню Інтэлекту, паказаўшы бліскучую кемлівасць і эрудыцыю.
Конкурсная праграма “Круцейшы за ўсіх!” прадэманстравала розныя таленты выхаванцаў. Цудоўныя спевы і акцёрскае майстэрства дапамаглі перамагчы Ірыне Агалец. Але ніводны з удзельнікаў не застаўся без узнагароды і гучных апладысментаў гледачоў.
Удзельнікі малых алімпійскіх гульняў пакаралі вяршыню Спорту і Здароўя. У госці да дзяцей наведаліся Зеўс, Феміда і Ніка. Дары, прапанаваныя ім, і пантамімы пра розныя віды спорту не пакінулі іх раўнадушнымі. Багі аддзячылі юным лідарам і пажадалі ім не губляць аптымізму і спартыўнага азарту. Вынікам гульняў сталі новыя лідарскія рэкорды і безліч станоўчых эмоцый.
Удзельнікі конкурсна-гульнявой праграмы “Караоке-шоу” лёгка пакарылі вяршыню Творчасці. Галоўным крытэрыем у ацэнцы выступленняў каманд былі не толькі вакальныя даныя, але і творчы падыход, згуртаванасць, уменне хутка ўключаць логіку ў нестандартных сітуацыях.
Самым цікавым і захапляльным мерапрыемствам, на думку дзяцей, стала ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” з удзелам прадстаўнікоў мясцовай вайсковай часці і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Школьнікі з задавальненнем дэманстравалі набытыя навыкі страявой і медыцынскай падрыхтоўкі, прымяралі касцюм ратавальніка і карысталіся сродкамі хімабароны, збівалі мішэні з дапамогай пажарнага рукава, адказвалі на закавырыстыя пытанні па асновах бяспекі жыццядзейнасці, з добрым апетытам прайшлі пікет “Салдацкая каша”.
Харызматычныя, абаяльныя і творчыя ўдзельнікі шоу-праграмы “Лэдзі-Лідар” і “Лідар-Мен” пакарылі сэрцы гледачоў і журы. Перад ім стаяла складаная задача — выбраць самых лепшых. Удзельнікі лёгка адказалі на пытанні, бліскуча справіліся з конкурсам імправізацыі, прайшлі танцавальны марафон, падарылі гледачам цікавыя творчыя нумары. Пераможцамі шоу-праграмы сталі Марыя Піменава і Кірыл Баброўскі.
Пакарэнне вяршыні Мэтанакіраванасці завяршыла спаборніцтвы.
За час змены 76 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі граматы за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці атрада і лагера. Гэта, па ўмовах праекта, дае права на першачарговае залічэнне ў змену наступнага года.
Лепшымі атрадамі прызнаны першы і другі. Сёлета быў устаноўлены новы рэкорд у конкурсе “Салодкая экалогіЯ”: за змену дзеці сабралі 2782 коркі. Важацкі вечар дапамог школьнікам яшчэ раз пераканацца ў тым, што іх важатыя не проста выдатна выканалі сваю работу, але і падарылі кожнаму часцінку свайго сэрца.
Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама.