“Нідзе ў свеце няма такой падтрымкі мацярынства і дзяцінства”

- 10:24Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі прыняты беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы мацярынства і дзяцінства. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера.

“Нідзе ў свеце няма такой падтрымкі мацярынства і дзяцінства, як у Беларусі”, — падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт расказаў, што калі пры абмеркаванні бюджэту на наступны год разглядалася пытанне фінансавання адпаведных расходаў, то ён папрасіў прадставіць яму кансалідаваную інфармацыю наконт гэтага. “Калі сабралі разам на пяць старонак і я гэта прачытаў, сапраўды падумаў, што мы трацім каласальныя грошы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі зацікаўлены ў захаванні і замацаванні дадатных дэмаграфічных тэндэнцый. “Людзі — гэта наша бяспека. Нам трэба хаця б 15 млн насельніцтва, каб не апусцела Беларусь”, — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на важнасць захавання здароўя насельніцтва, аб чым ішла размова ў час наведвання Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера. “Такая ўстанова, што не дай бог сюды трапляць. Але за некалькі мінут яны (медыкі. — Заўв. БелТА.) мяне пераканалі, што калі мы пра сваё здароўе будзем клапаціцца і своечасова дыягнаставаць захворванні, то тут поўнае вылечванне ад самай страшнай хваробы. У нас не адзіная такая ўстанова аховы здароўя. Дзяржава зрабіла вельмі шмат для таго, каб дзеці гадаваліся”, — дадаў беларускі лідар.

Пацыенты распавялі кіраўніку дзяржавы, як праходзіць лячэнне ў дыспансеры. Па іх словах, персанал медустановы вельмі чулы і ўважлівы, а прафесіяналізм урачоў выклікае надзею на хуткае выздараўленне.
“Ім Нобелеўскую прэмію трэба даваць, яны ўсіх тут вылечваюць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым яго падтрымалі і пацыенты дыспансера.

Прэзідэнт пагутарыў з кожным з хворых, сярод якіх былі і дзеці. Практычна ўсе яны прайшлі некалькі курсаў тэрапіі, і ў большасці гэтых пацыентаў прымет вяртання хваробы няма.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзецям і іх бацькам навагоднія падарункі, павіншаваў з надыходзячым святам і пажадаў моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. У сваю чаргу дзеці прэзентавалі кіраўніку дзяржавы свае сувеніры. Адзін з іх — намаляваная дзяўчынкай карціна ў гонар выздараўлення маці — зойме сваё месца ў Палацы Незалежнасці, паабяцаў прэзідэнт.