Нішто на зямлі не праходзіць бясследна…

- 12:33Культура

Ці ведаеце вы свой радавод так, як ведае яго Георгій Уладзіміравіч Козел, дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі? Больш за 18 гадоў ён даследуе гісторыю сваіх продкаў і сваёй малой радзімы. 

Ніхто не забыты

— Георгій Уладзі­міравіч, вы сабралі інфармацыю пра сваіх продкаў аж да пачатку XVII стагоддзя, прычым як па мужчынскай, так і па жаночай лініі кожнага калена, якіх налічваецца 13. Зараз вы працуеце над кнігай, прысвечанай свайму радаводу. У ёй ужо больш за тысячу старонак. Гэта неверагодна! 

— Але факт! (Усміхаецца.) Кніга пакуль не завершана, існуе ў электронным выглядзе. Каб яе пісаць, асвоіў спецыяльную друкарскую праграму — атрымліваецца прыгожа і ярка. На старонках сістэматызавана размешчана ўсё, што змог знайсці не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Звяртаўся ў архівы Санкт-Пецярбурга, Масквы, Вільнюса, Львова, Кіева, Варшавы, Нью-Ёрка — там ёсць магчымасць атрымаць звесткі дыстанцыйна праз электронны доступ. У кнізе змешчаны афіцыйныя дакументы, фотаздымкі, успаміны і спасылкі на крыніцы інфармацыі. Мару надрукаваць яе, каб дзеці і ро­дзічы ведалі свой радавод. 

— І кім жа былі вашы продкі? 

— Па ўсіх лініях яны простыя сяляне. Мы са старэйшым братам першымі ў сям’і сталі настаўнікамі. Я нарадзіўся на Навагрудчыне, недалёка ад возера Свіцязь мая родная вёска Мастытычы, зараз гэта Баранавіцкі раён. А мае продкі па бацькоўскай лініі родам з вёскі Задвея. У 20-я гады пры панскай Польшчы яны прадалі зямельныя надзелы і выкупілі каля 8 хутароў паміж вёскамі Мастытычы, Лозы, Гаранавічы, Душкаўцы і Насейкі, уздоўж сасновых лясоў, якія называліся Хойнік і Масееўка. Пачынаючы з 30-х гадоў на картах гэтае месца стала значыцца як урочышча Казлы. Жаночыя лініі бяруць пачатак у вёсках Цырын, Савічы, Квачы, Парэчча, Душкаўцы, Гердзені.

— Гісторыя ўсіх населеных пунктаў, дзе жылі вашы продкі, таксама не засталася без увагі? 

— Так, многія з іх больш не існуюць, але іх гісторыя адлюстравана ў кнізе. Таксама я зацікавіўся лёсам цэркваў і касцёлаў, якія былі ў гэтых вёсках, — ад многіх не засталося нават падмуркаў. Высветліў, што толькі ў маіх родных Мастытычах жылі 11 удзельнікаў Першай сусветнай вайны, двое з якіх былі ўзнагароджаны медалямі Георгія Перамаганосца. І аднаму з іх медаль уручалі дочкі імператара Мікалая II у Царскасельскім шпіталі. Удалося аднавіць імёны ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а іх было больш за 30 чалавек, імёны аднавяскоўцаў, якіх фашысты адправілі ў рабства ў Германію. Даведаўся шмат цікавых фактаў: напрыклад, толькі з адной невялікай вёскі Задвея выйшлі чатыры дырэктары каледжаў. 

Георгій Уладзіміравіч Козел скончыў гістарычны і юрыдычны факультэты БДУ, Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. Мае шматлікія ўзнагароды. Аўтар кнігі па гісторыі Фрунзенскага раёна сталіцы. 

— Што цікавага высветлілі ў апошні час? 

— Мой дзядуля Аляксандр Пракопавіч Мянча, які загінуў 15 сакавіка 1945 года, пасмяротна быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Медаль не быў уручаны. Я пісаў пісьмы, спадзяваўся, што ­ўзнагароду перададуць у нашу сям’ю. І вось прыйшоў адказ, што зараз у Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі разглядаецца пытанне аб перадачы нам на захоўванне пасведчання аб гэтым медалі. Вельмі спадзяюся, што наша сям’я атрымае дакумент. Другі мой дзядуля Антон Юльянавіч Козел вызваляў Польшу, прымаў ­удзел ­ва ўзяцці Кёнігсберга, потым удзельнічаў у вайне з мелітарысцкай Японіяй. Другую сусветную вайну закончыў у Паўночнай Карэі, а дамоў вярнуўся толькі ў канцы
1946 года. 

Родам з дзяцінства 

— Калі пачалося ваша захапленне гісторыяй? 

— У школьныя гады. Дзякуй настаўнікам! Менавіта яны сваім прыкладам запалілі гэтую іскру. Перш за ўсё Іван Сцяпанавіч Сільчанка, які выкладаў нам гісторыю, грамадазнаўства і асновы права. Ён быў з Алтайскага краю, прайшоў вайну баявым лётчыкам, прымаў удзел ва ўзяцці Берліна, меў вялікую колькасць узнагарод. І класны кіраўнік Ядвіга Браніславаўна Тась-­
мінская. Яны заўсёды шмат чыталі, былі вельмі цікавымі суразмоўнікамі. З тых часоў і па сённяшні дзень я захаваў любоў да кніг і адношу сябе да той катэгорыі людзей, якія лічаць іх лепшым падарункам. Памятаю, маці давала грошы на кішэнныя патрэбы, а я збіраў і потым купляў кнігі. Баяўся, што бацькі будуць незадаволены, таму хаваў выданні на гарышчы, а ноччу пад коўдрай з ліхтарыкам чытаў. Аднойчы тата знайшоў іх, і бацькі вырашылі, што я здабыў гэтыя экзэмпляры не зусім сумленна. Ох, і дасталася мне тады! Маці пайшла ў кніжны магазін, дзе яе супакоілі і раскрылі маю страшную тайну. (Смяецца.) Зараз у бацькоўскім доме захоўваецца бібліятэка нашай сям’і. Вельмі беражліва да яе стаўлюся. Мы жылі вельмі сціпла. Маці працавала тэхнічкай у школе, бацька — электрыкам у калгасе. Бацькі выхоўвалі дваіх сыноў, а потым забралі да сябе яшчэ чатырох нашых стрыечных братоў, калі тыя сталі сіротамі. Вось такі натоўп гадавалі. І ўсе выйшлі ў людзі.

— З усіх братоў толькі вы захапіліся гісторыяй? 

— Пачалося ўсё са старэйшага брата Ігара. Ён паступіў на гістарычны факультэт БДУ, а я вучыўся ў школе. Падчас канікул забіраў мяне ў сталіцу. І гэта быў космас! Я захапіўся Мінскам. Брат ва­дзіў мяне ў кіно, у тэатры, музеі, нават на лекцыі ва ўніверсітэт. Пазней я працаваў і ў Маскве, і ў Брэсце, але горад майго юнацтва перамог. Так склаўся лёс, што я стаў мінчанінам і тут нарадзіліся мае дзеці. Мой брат пачаў запісваць успаміны нашай радні і складаць радавод. А я падхапіў. Дарэчы, успаміны бабуль, дзядуляў, якія ён паспеў са­браць, бясцэнныя. Яны жывыя, эмацыянальныя, з пад­рабязнасцямі, такую інфармацыю не знойдзеш нідзе. Усё, што я пішу, даю яму на рэдагаванне і заўсёды ўлічваю парады і заўвагі. Брат таксама працуе ў сістэме адукацыі. 

— Мабыць, гэта было закладзена ў генах, бо нават вашы пра­дзеды мелі дачыненне да адукацыі. 

— У пачатку ХХ стагодзя з розніцай у некалькі гадоў яны адкрылі школы для сялянскіх дзяцей. У Нацыянальным гістарычным архіве захоўваецца нямала крымінальных спраў у дачыненні да такіх “народных асветнікаў” за самавольнае адкрыццё школ. Сярод іх і імя майго прадзеда Юльяна Іванавіча Козела — жыхара вёскі Задвея, які на свае сродкі для родных дзяцей і малых аднавяскоўцаў арганізаваў школу ў сваёй хаце. Нехта данёс, і мой продак атрымаў штраф і быў нават арыштаваны на адзін дзень. Падручнікі яму вярнулі, а школу прымусілі закрыць. Фотаздымак прысуду я змясціў у рамачку на памяць. 

— Вы дасканала даследавалі гісторыю сваёй школы. Чаму для вас гэта так важна? 

— Я з гордасцю магу сказаць, што з’яўляюся выпускніком Зеляноўскай (а раней яна называлася Мастытычынскай) школы. На жаль, яе закрылі ў 2013 годзе, а было ёй больш за 100 гадоў. Лічу, што значнасць установы вызначаецца не колькасцю выпускнікоў і нават не колькасцю іх дасягненняў, а народнай памяццю аб настаўніках і тым добрым, разумным, вечным, што пасеялі яны ў душах сваіх вучняў. Напрыклад, Мікалай Трафімавіч Кіеня, які кіраваў школай з 1952 па 1960 год, вясной падчас паводкі два разы ў дзень надзяваў боты і пераносіў маленькіх школьнікаў праз ручай і пры гэтым жартаваў, што вучні селі яму на шыю. Дырэктар Антон Іванавіч Шастак шмат увагі ўдзяляў конкурсам, спаборніцтвам, турзлётам, велапаходам, экскурсіям, зарніцам. Пры ім нарадзілася традыцыя пасля заканчэння навучальнага года выязджаць на паляну “Шкодзішын хутар”, распальваць вялікае вогнішча і ўручаць узнагароды лепшым школьнікам. Вельмі ганарова было атры­маць кнігу з памятным надпісам ад дырэктара. Дарэчы, я ўсе іх захаваў.

Галоўнае — не адчайвацца! 

— Што самае складанае, калі вывучаеш свой радавод? 

— Не страціць цярпенне. Адзін год працаваў з дакументамі і нічога не знаходзіў. І вось тады адольвае роспач. Неабходна знайсці сілы не апусціць рукі. Бо потым прыходзіш, гартаеш дакументы — і на цябе выліваецца лавіна інфармацыі адразу пра пяць, а то і ­шэсць пакаленняў. 

Чым больш людзі будуць ведаць гісторыю свайго роду, чым больш звестак падымуць з глыбіні вякоў, тым лепш. Гэта моцны падмурак, карані, якія дазволяць утрымацца ў складаныя часы і адчуць падтрымку мінулых пакаленняў. Менавіта так фарміруецца любоў да Радзімы, і чалавек становіцца патрыётам. 

— І як не патануць у гэтай лавіне? 

— З гадамі прыхо­дзіць вопыт. Уключаецца 3D-мысленне, як я яго называю. Яно дапамагае раскласці ўсё па паліцах у галаве, а потым перанесці звесткі на паперу і ў камп’ютар. 

— Колькі ж гадзін вы трацілі на пошукі? 

— Ніколі не лічыў. Ды і навошта. Калі табе па-сапраўднаму цікава справа, якой ты займаешся, час заўсёды знойдзецца. 

— Раскажыце пра крыніцы інфармацыі, з якімі працавалі.

— Іх вельмі шмат. Было б жаданне да іх дакрануцца. Пачынаць трэба з простага: успаміны старэйшых пакаленняў, інфармацыя, якая захоўваецца ў загсах, падвор-
ных кнігах сельсаветаў і, на жаль, інфармацыя з пліт продкаў на могілках. Шмат звестак захоўваецца ў рэвізскіх казках (гэта перапіс насельніцтва для платы падаткаў), у дакументах па продажы маёнткаў, у метрычных кнігах, спісах выбаршчыкаў, а таксама рэкрутаў, архівах па крымінальных і адміністратыўных справах. Шмат інфармыцыі можна знайсці на сайтах аб героях Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, бежанцах, рэпрэсіраваных. 

— Вас гэтае захапленне натхняе? 

— Яшчэ як! І яно аказалася заразным. (Усміхаецца.) Шмат маіх калег зацікавілася сваімі каранямі і продкамі. Звяртаюцца да мяне па кансультацыі. Я ж не сквапны — дзялюся парадамі і сакрэтамі, з чаго пачаць, куды звяртацца, гатовы і бясплатна праводзіць семінары. Перакананы, чым больш нашы людзі будуць ве­даць гісторыю свайго роду, чым больш звестак падымуць з глыбіні вякоў, тым лепш. Гэта моцны падмурак, карані, якія дазволяць утрымацца ў складаныя часы і адчуць падтрымку мінулых пакаленняў, з якімі мы звязаны назаўсёды. Менавіта так фарміруецца любоў да Радзімы, і чалавек становіцца патрыётам. 

— Упэўнена, вам не раз задавалі пытанне: навошта вы займаецеся гэтай справай? 

— Галоўная мэта, якую я стаўлю для сябе, — мець магчымасць памаліцца за душы сваіх продкаў. Гэта неабходна ім, ды і нам не менш. А каб ведаць, за каго маліцца, неабходна папрацаваць. 

— Вы задаволены сваёй работай? 

— Канечне! Вынік атрымліваецца вельмі цікавы. Ты знаходзіш дакладныя даты нараджэння сваіх продкаў, іх імёны, прозвішчы, імёны па бацьку. Усе памята­юць галоўную гераіню серыяла “Багатыя таксама пла­чуць”. Аказваецца, Марыяна было адным з самых распаўсю­джаных імён сярод сялянак у XVII—XVIII стагоддзях. Шмат было Апалінарый, Катаржын. У майго прапрапрадзеда Адама быў сынок, якога звалі Геацынт. Праўда, пражыло дзіця ўсяго тры гады. Прапрапра­дзе­ду, хоць ён і быў простага паходжання, уладальнікі вёскі Задвея Мержыеўскія даверылі стаць хросным свайго дзіцяці. Пражыў Адам 90 гадоў, пахавалі яго каля касцёла, які, на жаль, не захаваўся. 

— А што ў планах далей? 

— Яшчэ многа ўсяго недаследаванага! Як кажуць, я толькі ўвайшоў у смак. На Навагрудчыне фарміравалася Вялікае Княства Літоўскае. Кожны кавалачак зямлі, кожнае дрэва — гэта непаўторная гісторыя. Вывучаць ёсць што! 

Марына ЖДАНАВА.