Нішто не заменіць жывыя зносіны

- 15:54Гомельшчына

Калектыў “Настаўніцкай газеты” чарговы раз адправіўся ў прэс-тур. Цяпер журналісты на чале з кіраўніком выдання падарожнічалі па Гомельскай вобласці.

Па новым крузе

Адзначым, што ў такім фармаце калектыў рэдакцыі ўжо другі раз сустракаецца з педагагічнай грамадскасцю Гомельшчыны і знаёміцца з установамі адукацыі рэгіёна.

— Шэсць гадоў назад было прынята рашэнне, што газета мае патрэбу ў істотнай мадэрнізацыі, а менавіта ў змяненні падыходу да кантэнту выдання і планамернага ператварэння газеты з нейкага інфармацыйнага весніка ў пляцоўку для абмену прафесійным вопытам, — адзначыў на сустрэчы з педагогамі галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў.

Безумоўна, гэта немагчыма было зрабіць без непасрэднага ўдзелу людзей, якія працуюць у сістэме адукацыі. Наколькі б таленавітымі і высокапрафесійнымі ні былі журналісты, аднак з улікам спецыфікі выдання без дапамогі педагогаў, іх не толькі чытацкага, але і аўтарскага дачынення да газеты, не абысціся.

Першая задача, якая стаяла перад рэдакцыяй, — стаць бліжэйшымі да кожнага настаўніка, выхавальніка, выкладчыка, кіраўніка. Была відавочна неабходнасць рухацца ў рэгіёны. Так нарадзіўся праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў галіне адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, які стартаваў напрыканцы 2012 года. Зыходнай кропкай стала менавіта Гомельшчына. Да практычнай рэалізацыі праекта актыўна падключылася галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, і ўжо праз год адкрыўся першы карэспандэнцкі пункт, а за ім былі створаны карпункты і ў шасці астатніх рэгіёнах краіны. Прысутнасць уласных карэспандэнтаў на месцах дазволіла больш шырока прадстаўляць на старонках выдання кожную вобласць як у сэнсе інфармацыйнай напаўняльнасці, так і ў сэнсе пашырэння колькасці пазаштатных аўтараў-педагогаў.

Што тычыцца прэс-тураў, то яны сталі адным з важных складнікаў рэалізацыі вышэйназванага рэгіянальнага праекта. Пачатак гэтаму новаму кірунку быў пакладзены на Гомельшчыне больш за два гады назад і прысвячаўся 30-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Апрабацыя прайшла на Палессі, “Настаўніцкая” пазнаёмілася з педагогамі і ўстановамі адукацыі Нараўлянскага і Мазырскага раёнаў, наведала Гомельскі абласны ліцэй і спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. А сёлета шлях ляжаў у тры буйныя раёны вобласці — Рэчыцкі, Светлагорскі і Жлобінскі. Журналістыкі ўвогуле не можа быць без прамога кантакту з людзьмі, а калі размова ідзе пра галіновае выданне — тым больш. І калі мінулы раз ідэя прэс-туру заключалася ў тым, каб педагогі паказалі, а журналісты паглядзелі, то гэты раз у аснове ляжалі інтэрактыўныя сустрэчы з педагагічнымі калектывамі, што завяршаліся майстар-класамі ад намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Народная асвета” Святланы Мазурынай.

Дэмакратычнасць як аснова сістэмы кіравання

Сустрэча з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі — абавязковы пункт у праграме прэс-туру. Нягледзячы на занятасць, Сяргей Парошын вылучыў гадзіну свайго часу на прыём дэлегацыі “Настаўніцкай”. Размова ішла пра самыя хвалюючыя пытанні ў галіне адукацыі, пра дасягненні педагогаў і навучэнцаў, абмяркоўваўся нават стыль кіравання.

Вядома, што кожнае ўпраўленне адукацыі курыруе абсалютна ўсе пытанні, якія тычацца адукацыі і выхавання, таму можна сказаць, што ў рэгіёнах гэтыя ўпраўленні ператвараюцца ў своеасаблівыя міні-міністэрствы. Нагрузка сапраўды вялікая. На пытанне, як удаецца з усім спраўляцца, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі кажа, што многае, калі не ўсё, залежыць ад палітыкі кіравання.

— Сёння наша палітыка заключаецца ў тым, каб было больш даверу на месцах, — расказаў Сяргей Іванавіч. — Неабходна, каб настаўнікі і выхавальнікі адчувалі павагу і сваю значнасць, тады не трэба іх вучыць адказнасці, яны ведаюць яе і імкнуцца не падвесці сваіх калег. Тое ж тычыцца і начальнікаў аддзелаў, і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Калі яны атрымліваюць ад вышэйшай інстанцыі толькі ўказанні: “Выканай”, “Дай справаздачу” і гэтак далей — тады няма ніякіх ініцыятыў, ніякай творчасці ў рабоце, няма і самастойнасці ў прыняцці нейкіх важных рашэнняў.

Кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення адукацыі лічыць, што ўменне выслухаць і зразумець людзей, якія займаюцца навучаннем і выхаваннем дзяцей на месцах — лепшы рухавік. Неабходна толькі знаходзіць тую залатую сярэдзіну, якая дазваляе трымаць баланс самастойнасці і адказнасці. У вобласці ўжо даўно арганізацыя розных адукацыйных, метадычных і выхаваўчых мерапрыемстваў перадаецца на месца — у пэўны раён ці пэўную ўстанову. Гэта дае магчымасць людзям паказаць свой прафесіяналізм, узровень ведаў і таленты дзяцей.

— Калі не будзе дэмакратычнасці і павагі ў адносінах, сістэма кіравання будзе разбурацца, — упэўнены Сяргей Парошын. — І, вядома, сам механізм павінен працаваць вельмі зладжана. Задача кіраўніка — стварыць каманду, дзе ёсць разуменне, што ўсе разам і кожны паасобку робяць адну справу.

Развітваючыся, Сяргей Іванавіч адзначыў, што такая форма ўзаемадзеяння са сваімі чытачамі, як прэс-тур, вельмі важнае мерапрыемства для педагогаў рэгіёна. На яго думку, гэта дае ім разуменне, што “Настаўніцкая газета” не аддаленая ад іх, бо кіраўніцтва рэдакцыі, карэспандэнты выдання прыязджаюць у рэгіён, каб пазнаёміцца, наладзіць жывыя зносіны, пачуць, што турбуе мясцовых прафесіяналаў.

— Потым гэта друкуецца на старонках газеты, і кожны хоча пачытаць пра сябе, сваю школу, — тлумачыць С.І.Парошын. — Так педагогі становяцца бліжэйшымі да галіновага выдання, пачынаюць вывучаць вопыт сваіх калег, у іх узнікае жаданне дзяліцца асабістым вопытам. Дзякуючы “Настаўніцкай газеце”, раскрываюцца таленты, на вуліцы пачынаюць пазнаваць людзей, якіх бачылі на старонках газеты, мы даведваемся нешта новае пра сваіх калег, іх дасягненні, пэўныя распрацоўкі. Гэта вельмі каштоўна.

Праграмаванне ці інфарматыка?

Тры раёны мяжуюць паміж сабой і жывуць вельмі дружна. Тым не менш кожны з іх асаблівы, у тым ліку ў адукацыйна-выхаваўчым сэнсе. Аднак ёсць тое, што робіць іх падобнымі, — прафесіяналізм педагогаў.

Ад карэспандэнцкага пункта ў Гомелі да Рэчыцы на аўтамабілі дабірацца гадзіну.

Галоўны рэдактар нашай газеты Вадзім Кнышаў, яго намеснік Вераніка Клютчэня, мае калегі — рэдактар аддзела рэгіянальнай адукацыі Генадзь Ешчанка, загадчык аддзела агульнай сярэдняй адукацыі Наталля Калядзіч, рэдактар аддзела праблем выхавання Ігар Грэчка, рэдактар аддзела навукі і вышэйшай школы Галіна Сідаровіч, фотакарэспандэнт Алег Ігнатовіч — у суправаджэнні начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Наталлі Сапрыка імчаць па ўжо крыху заледзянелай дарозе ў цёплым мікрааўтобусе. Першая наша сустрэча адбудзецца з педагагічнай грамадскасцю Рэчыцкага раёна.

У горадзе нафтавікоў мы спыняемся каля маляўнічага будынка. Што гэта Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, здалёк паведамляе яскравы вясёлкавы лагатып установы. Наведаць Рэчыцу і не зазірнуць сюды для нас было б недаравальна. У райцэнтры гэтая ўстанова даўно стала тэрыторыяй, на якой ствараюцца і ўкараняюцца ў практыку цікавыя інавацыйныя праекты. Тут не баяцца рэформ, таму што хочуць прапанаваць выхаванцам і іх бацькам адукацыю, якая адпавядае сённяшнім патрабаванням, а для выхавання выбіраюць кірункі, прывабныя і зразумелыя для сучасных дзяцей.

Творчасць — тое, што заўсёды нясе добры настрой і натхняе, таму пасля знаёмства з працай цэнтра і экскурсіі па ўтульных студыях і творчых майстэрнях мы былі ўпэўнены: наперадзе ў нас — плённы працоўны дзень. З такім настроем рэдакцыйны калектыў і адправіўся ў Рэчыцкі раённы ліцэй, дзе сустрэчы з намі чакалі педагогі розных устаноў адукацыі.

Рэчыцкі ліцэй — своеасаблівы дом мары, які адміністрацыі і педагогам установы ўдалося зрабіць рэальнасцю. Тут можна па-добраму зайздросціць многаму: прафесійнаму ўзроўню настаўнікаў, неверагоднай дабрыні і паразуменню дырэктара і намеснікаў, ініцыятыўнасці тых, хто працуе і вучыцца ў ліцэі. Але больш за ўсё здзіўляе тая любоў і шчырасць паміж педагогамі і ліцэістамі, якая пануе ў гэтых сценах.

Нам лёгка пачынаць размову, бо не толькі Рэчыцкі ліцэй, але і наогул установы Рэчыцкага раёна шырока прадстаўлены на старонках “Настаўніцкай газеты”: шмат педагогаў, якія друкуюцца ў выданні, дзеляцца вопытам, расказваюць пра дасягненні сваіх калег і навучэнцаў. І калі не кожнага ведаем у твар, то многія прозвішчы на слыху.

Як ужо адзначалася, у гэтым прэс-туры мы арыентаваліся не толькі на тое, каб паглядзець, але і шчыра пагаварыць на актуальныя ў адукацыі тэмы, паразважаць над пытаннямі, якія сёння, магчыма, сталі набалелымі ці рашэнне якіх педагогам на месцах бачыцца іншым.

Гутарка пачалася з абмеркавання інфармацыйных тэхналогій і ўзроўню пранікнення ў іх навучэнцаў. Каго сёння неабходна рыхтаваць — карыстальніка ці ўсё ж праграміста? На якім узроўні зараз выкладанне інфарматыкі? Ці трэба знаходзіцца мяняць падыходы да павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-інфарматыкаў? Для рэчыцкіх педагогаў менавіта гэтая тэма аказалася найбольш цікавай і хвалюючай.

Настаўнік матэматыкі ліцэя Лілія Арыстава катэгарычна ставіцца да пытання. На яе думку, сёння карыстальнік не патрэбен, патрэбен праграміст, які потым пойдзе ў ІТ-сферу, дастаткова добра развітую ў Беларусі. Лілія Станіславаўна акцэнтавала ўвагу на тым, што неабходна вырошчваць будучых праграмістаў не для замежжа, а знаходзіць сродкі зацікавіць навучэнцаў, якія застануцца ў краіне. Але гэта меркаванне настаўніка, які працуе выключна з навучэнцамі 10—11 класаў. У яе калегі, настаўніка матэматыкі адной са школ райцэнтра, супрацьлеглае меркаванне. Калі браць малодшых школьнікаў, з 5 класа, то ім яшчэ вельмі далёка да праграмавання. Пры вывучэнні ўсіх іншых прадметаў гэтым дзецям патрэбны карыстальніцкія навыкі. У працяг тэмы прагучала яшчэ адна думка ад настаўніка інфарматыкі. У 6 класе, калі пачынаецца вывучэнне гэтага прадмета, дзеці далёкія ад прасунутых карыстальнікаў, насамрэч іх яшчэ многаму даводзіцца вучыць. Наколькі гэта рэальна, калі дадзена ўсяго 1 гадзіна ў тыдзень? Іншая справа, калі б вывучэнне прадмета пачыналася з 1 класа — тады у дзяцей паступова фарміраваліся б неабходныя навыкі, а не простае ўменне ціснуць на клавішы.

Закранулі педагогі таксама пытанні электроннай школы і электроннага журнала. Тут якраз погляды сышліся. Па-першае, усе электронныя распрацоўкі трэба ўводзіць у адукацыйны працэс асцярожна, улічваючы, што яны створаны для таго, каб разгрузіць настаўніка, у нейкай ступені аблягчыць яго працу, а не наадварот. Па-другое, уводзячы электронную школу, трэба падумаць, як гэта будзе працаваць, а значыць, праграміст якога ўзроўню павінен прыйсці сёння ў школу і ці зможа ён у ёй застацца. Але ж самае галоўнае — на якім узроўні тэхнічныя магчымасці ўстаноў адукацыі (абсталяванне, доступ да інтэрнэту і г.д.)?

Вучыць дзяцей, вучыцца самім

Натхнёныя размовай з педагагічнай грамадскасцю Рэчыцкага раёна, мы адправіліся далей — на Светлагоршчыну. Месцам сустрэчы з настаўнікамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна была вызначана гімназія.

Гімназія Светлагорска — адна з наймацнейшых устаноў Гомельскай вобласці, якая ўзгадавала не аднаго пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах. Ёсць тут і свае стабальнікі. Канечне, у дасягненнях навучэнцаў — вялікая заслуга настаўнікаў, іх жаданне развіваць здольнасці і таленты кожнага дзіцяці, іх творчы падыход да справы. Адказ на пытанне, у чым сакрэт поспехаў гэтай установы, ляжыць на паверхні: у стабільнасці. Светлагорская сярэдняя школа № 7, якая потым стала гімназіяй, была адкрыта ў далёкім 1974 годзе. За 44 гады існавання тут змяніліся ўсяго два кіраўнікі. Чатыры дзясяткі гадоў педагагічным калектывам школы кіраваў Пётр Міхайлавіч Кулакоўскі. Сёлета ён пайшоў на заслужаны адпачынак, гімназію ўзначаліла Алена Мішчанка. Яна стала трэцім дырэктарам установы.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама Жанна Чэркас прызнаецца, што вызначыцца з новым кіраўніком было няпроста.

— Гімназія павінна не толькі трымаць той узровень, якога дасягнула, але і развівацца далей, — падзялілася думкамі Жанна Васільеўна. — Мне прыйшлося добра ўзважыць сваё рашэнне. Алена Віктараўна да гэтага часу ўзначальвала адну са светлагорскіх школ, гэта вопытны кіраўнік, і я ўпэўнена, што яна абярэ правільны курс для далейшага руху ўстановы.

Дыялог са светлагорскімі педагогамі таксама атрымаўся цікавым. Тут працягнулася размова пра развіццё ў школьнікаў навыкаў праграмавання і пра выкарыстанне медыярэсурсаў на ўроках. Настаўнікі лічаць, што дзеці прасунуты ў выкарыстанні гаджэтаў на ўзроўні цацак, а калі размова ідзе пра сур’ёзнае карыстанне камп’ютарам як сродкам навучання, тут ёсць праблемы. Была агучана і іншая праблема: відавочна, што функцыяналу вучыць сёння неабходна і саміх настаўнікаў, бо адна справа — мець камп’ютар для агульнага карыстання, і зусім іншая — выкарыстоўваць яго як сродак выкладання.

Такім чынам, тэма інфармацыйных тэхналогій актуальная і з пункту гледжання павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Зараз існуе мноства форм, якія дазваляюць павышаць прафесійнае майстэрства ў розных кірунках. Што выбраць — кожны вырашае сам. У разважаннях пра гэта вопытныя настаўнікі адзначылі: дыстанцыйнае навучанне — гэта, канечне, зручна, аднак асноўныя базавыя веды, на іх думку, лепш атрымліваць вочна, паколькі гэта дае больш практычных навыкаў, а таксама не пазбаўляе ўзаемадзеяння з калегамі і дазваляе абменьвацца вопытам. У той жа час маладыя педагогі — за дыстанцыйнае навучанне, калі можна паралельна працаваць і павышаць кваліфікацыю.

Закранулі настаўнікі светлагорскіх школ і пытанне выніковага ацэньвання вучняў. Кажуць, што яны, як і педагогі, гатовы асвойваць такое новаўвядзенне. А вось што тычыцца бацькоў навучэнцаў, то для іх гэта пэўны стрэс, і неабходна вялікая тлумачальная работа.

Дзве гадзіны зносін з педагагічнай грамадскасцю Светлагорска былі вельмі насычанымі. Прыемна ўсведамляць, што нас чытаюць і што ёсць запатрабаванасць ва ўсіх тэмах, якія асвятляюцца на старонках газеты.

Як ужо зразумела, навучанне дзяцей інфармацыйным тэхналогіям сёння — адна з самых актуальных тэм у адукацыі. Тут, у Светлагорску, гэтую праблему добра вырашаюць на мясцовым узроўні. Дзеці атрымліваюць веды ў галіне асноў інфарматыкі, інфармацыйнай культуры, камп’ютарнай графікі, інтэрнэт-тэхналогій і іншым у Камп’ютарным цэнтры дзяцей і моладзі, якім кіруе выдатны педагог Руслан Сідарэнка. Падрабязней пра гэтую ўстанову дадатковай адукацыі вы можаце прачытаць у матэрыяле майго калегі.

Апошнім прыпынкам падарожжа “Настаўніцкай газеты” па Светлагоршчыне стала Чыркавіцкая сярэдняя школа імя П.М.Стэфаноўскага. Атрымалася душэўная, сардэчная сустрэча з настаўнікамі і кіраўніком установы Людмілай Маісеевай. Чыркавіцкая школа можа служыць добрым прыкладам выхавання дзяцей, у аснову якога пакладзены дасягненні землякоў, ушанаванне чалавека працы і беражлівыя адносіны да гісторыі малой радзімы. Педагагічны калектыў установы невялікі і здзіўляе сваёй дружнасцю і гарманічнасцю. Побач з вопытнымі педагогамі працуюць маладыя, яны вучацца адно ў аднаго і маюць агульную мэту выхаваць кожнае дзіця дастойным чалавекам.

Ёсць прапанова — трэба спрабаваць

У другі дзень супрацоўнікі рэдакцыі ў суправаджэнні рэктара Гомельскага абласнога ІРА Віктара Леанідавіча Акуленкі накіраваліся ў Жлобінскі раён. Педагагічны актыў рэгіёна здзівіў сваім лёгкім падыходам да розных змен у адукацыйным працэсе. Здаецца, тут кіруюцца дэвізам: калі нешта прапануецца — неабходна спрабаваць. Напрыклад, тэма актыўнай ацэнкі, якая турбуе многіх, не падаецца жлобінскім настаўнікам праблемнай. А ў сярэдняй школе № 13 ужо на працягу трох гадоў самастойна займаюцца ўкараненнем актыўнай ацэнкі. У нагу з часам ідзе і раённы вучэбна-метадычны кабінет. Сёлета ў рэгіёне арганізаваны пастаянна дзеючы семінар па тэме “Актыўная ацэнка”. Сабралі творчых педагогаў і разам вучацца. Ужо прайшло два пасяджэнні, і пакуль не ўзнікла думкі, што гэта не патрэбна.

Лаяльныя адносіны ў многіх настаўнікаў да гаджэтаў у руках навучэнцаў: тэлефоны і планшэты павінны быць і актыўна прымяняцца на ўроках. А тое, што дзеці на занятках “сядзяць” у гульнях, неабходна разглядаць перш за ўсё як праблему настаўніка, які не можа прапанаваць правільнае выкарыстанне гаджэтаў, каб зацікавіць вучняў. Аднак ёсць і іншае меркаванне. У дзяцей не хапае медыяадукаванасці. Калі настаўнік дае заданне знайсці нейкі адказ у інтэрнэце, вучні чапляюцца за першую крыніцу і ў іх не ўзнікае пытання наконт яе дакладнасці. Вывад: спачатку неабходна навучыць школьнікаў працаваць з інтэрнэт-рэсурсамі. У цэлым жа розныя погляды на адны і тыя ж рэчы ніяк не перашкаджаюць працы жлобінскіх педагогаў і сучасным падыходам да выкладання. Кожны настаўнік выбірае для сябе тую методыку, якая яму зразумела і адпавядае патрабаванням сённяшняга дня.

Не засталася па-за ўвагай педагогаў і журналістаў тэма цэнтралізаванага тэсціравання і рэалізацыі новай тэхналогіі паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Пакуль што прыхільнікаў рэйтынгавай сістэмы ацэнкі, якая была раней, больш, але ёсць і прыхільнікі новай методыкі ацэньвання. Чарговы раз настаўнікі адзначылі, што яны ведаюць сваю справу і гатовы да змен, аднак акцэнтуюць увагу на тым, што вынікі ЦТ — гэта не вынікі навучання ў школе.

На сустрэчах з педагагічнай грамадскасцю Гомельскай вобласці абмяркоўваўся не толькі вучэбны працэс, шмат гаварылася і пра выхаваўчую дзейнасць. Форм і кірункаў гэтай работы мноства, і ва ўстановах адукацыі не толькі выкарыстоўваюць тыя, што ўжо ўстаяліся, але і вынаходзяць новыя. Узяць, напрыклад, тую ж праблему прыхільнасці падлеткаў да гаджэтаў. Многія педагогі выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі ў выхаванні школьнікаў: ствараюць разам з дзецьмі ці наведваюць ужо існуючыя віртуальныя музеі, праводзяць інтэлектуальныя анлайн-гульні і інш. Праўда, прагучала і меркаванне, што сёння шмат размоў ідзе пра сацыялізацыю дзяцей, а яна, вядома, адбываецца ў рэальным свеце, а не ў віртуальным. Тут якраз дапамогуць даўно апрабаваныя формы, заснаваныя на творчасці, інтэлектуальных, патрыятычных мерапрыемствах, уцягванні бацькоў у выхаваўчую работу ва ўстановах адукацыі.

Дарэчы, па словах настаўнікаў, узаемадзеянне з сем’ямі навучэнцаў — адзін з найважнейшых кірункаў. У выхаваўчай рабоце бацькі з’яўляюцца для педагогаў добрай падмогай і апорай.

Развітваючыся са Жлобінскім раёнам і Гомельшчынай, удзельнікі прэс-туру наведалі мемарыял дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку Чырвоны Бераг, дзе ўсклалі кветкі каля помніка дзяўчынцы-падлетку, і прагуляліся па прасторных пакоях сядзібы Козел-Паклеўскіх.

* * *

Варта адзначыць, што, наведваючы рэгіёны па праграме прэс-туру, мы, журналісты, атрымліваем пацвярджэнне ўсяму, пра што гаварыў начальнік галоўнага ўпраўлення Сяргей Парошын. Па кіраўніках аддзелаў адукацыі і ўстаноў, па людзях, з якімі мы сустракаліся, відаць, што яны адчуваюць сябе вольна, ведаюць сваю справу і ўпэўнены ў асабістым прафесіяналізме, могуць свабодна выяўнасць свае думкі наконт розных праблем. І пры гэтым, несумненна, у кожнага ёсць мера адказнасці за свой участак работы. Мець зносіны з такімі людзьмі вельмі прыемна, бо не адчуваецца нейкай дыстанцыі, у іх ёсць уласны прафесійны пункт гледжання, а таксама шчырасць. Спадзяёмся, што мы таксама пакінулі ў педагогаў Гомельшчыны прыемныя ўражанні, а наша супрацоўніцтва стане яшчэ больш цесным.

А пытанні, якія актыўна абмяркоўваліся на сустрэчы, знойдуць сваё адлюстраванне на старонках “Настаўніцкай газеты” не толькі ў рамках матэрыялаў аб прэс-туры, але і ў далейшай рабоце журналістаў галіновага выдання.

Рэдакцыя газеты выказвае шчырую падзяку галоўнаму ўпраўленню адукацыі Гомельскага аблвыканкама і гаспадарам усіх нашых сумесных рабочых пляцовак.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.