Еўракамісія (ЕК) прыняла прапанову аб перасяленні 54 тысяч сірыйскіх бежанцаў з Турцыі ў краіны Еўрасаюза. Аб гэтым паведаміла прэс-служба ЕК.
“У сувязі з пагадненнем, заключаным 18 сакавіка паміж ЕС і Турцыяй, Еўракамісія прымае прапанову аб унясенні змяненняў у рашэнне Савета па размеркаванні людзей, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне, з Італіі і Грэцыі ў іншыя краіны ЕС. З улікам гэтай папраўкі 54 тысячы месцаў, якія былі прадугледжаны для размеркавання, цяпер даступныя для перасялення сірыйцаў з Турцыі ў ЕС”, — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве.
У ёй таксама падкрэсліваецца, што краіны — члены ЕС павінны прадаставіць неабходную колькасць месцаў для размеркавання. “Колькасць пераселеных сірыйцаў будзе вылічана з квот па перамяшчэнні іншых краін-членаў”, — адзначае Еўракамісія. Як заявіла на прэс-канферэнцыі прадстаўнік ЕК Наташа Берто, перасяленне сірыйскіх бежанцаў з Турцыі ў ЕС пачнецца 4 красавіка.
Двухдзённы саміт Еўрасаюза 17—18 сакавіка пазапланава ператварыўся ў чарговую доўгую сустрэчу лідараў ЕС і Турцыі, якія з лістапада мінулага года спрабуюць знайсці выйсце з міграцыйнага крызісу, што абвастраецца. Сустрэча завяршылася заключэннем пагаднення па міграцыі, якое прадугледжвае, у прыватнасці, абмен мігрантамі па схеме “адзін за аднаго”. Гэта азначае, што ЕС будзе вяртаць у Турцыю ўсіх нелегальных мігрантаў, якія прыбылі ў Грэцыю з турэцкай тэрыторыі, але прымаць пры гэтым сірыйскіх бежанцаў з гэтай краіны. Пагадненне ўступіла ў сілу 20 сакавіка. Акрамя таго, Брусель паабяцаў Анкары 6 млрд еўра, адмену візавага рэжыму да лета і адкрыццё новай главы ў перагаворах па ўступленні краіны ў саюз у абмен на скарачэнне Турцыяй патоку бежанцаў у Еўропу.