Новая школа адкрыецца 1 верасня ў аграгарадку Сеніца

- 16:06Образование

Новая школа на 720 месцаў адкрыецца 1 верасня ў аграгарадку Сеніца Мінскага раёна. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

— Падрыхтоўка школ да новага навучальнага года — гэта не імгненны працэс, а мэтанакіраваная, сістэмная дзейнасць па правядзенні рамонтных работ, падборы кадраў, арганізацыі адукацыйна-выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі. Да новага навучальнага года ўстановы адукацыі пачынаюць рыхтавацца яшчэ са студзеня, — адзначыла С. Філістовіч.

На падрыхтоўку ўстаноў да новага навучальнага года ў вобласці запланавана накіраваць больш за 55 млн рублёў, у тым ліку на правядзенне бягучага і капітальнага рамонту, набыццё абсталявання. Мінскім абласным выканаўчым камітэтам выдзелены сродкі на набыццё 118 камп’ютарных класаў.

У будынках устаноў адукацыі зараз поўным ходам ідуць работы: абнаўляюцца фасады, дахі, мяняюцца аконныя блокі, добраўпарадкоўваюцца прышкольныя тэрыторыі. Капітальны рамонт праводзіцца ў 31 установе адукацыі.

Новая школа на 720 месцаў адкрыецца 1 верасня ў аграгарадку Сеніца Мінскага раёна. У Барысаве расчыніць дзверы і другое кадэцкае вучылішча. У яго праведзены набор — 140 будучых кадэтаў сядуць за парты ў новым навучальным годзе. У 2023—2024 гг. плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 дашкольныя ўстановы адукацыі — у Мінскім, Смалявіцкім раёнах і Лагойску.

С. Філістовіч паведаміла, што ў рэгіёне праведзена аптымізацыя сеткі ўстаноў. Закрыты або рэарганізаваны школы з невысокай напаўняльнасцю ў сельскай мясцовасці. Усе педагогі працаўладкаваны, будзе арганізаваны падвоз навучэнцаў.

1 верасня 504 установы агульнай сярэдняй адукацыі гасцінна расчыняць дзверы для навучэнцаў ў прысталічным рэгіёне. За парты сядуць каля 18 тыс. першакласнікаў, у 10-я класы прыйдуць каля 8 тыс. навучэнцаў. Працягваецца работа па арганізацыі профільнага навучання. Будзе пашырана колькасць профільных класаў — педагагічных, аграрных, спартыўна-педагагічных і інш. Павялічыцца колькасць ваенна-патрыятычных класаў.

Каля 1000 маладых спецыялістаў прыйдуць працаваць у школы, з іх каля 250 — тыя, хто вучыўся па мэтавых накіраваннях.

— Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да 1 верасня прадугледжвае работу з бацькамі і навучэнцамі па арганізаваным пачатку навучальнага года. Усе ўстановы адукацыі ўжо вызначыліся з другім элементам школьнай формы. Актыўна працуюць на тэрыторыі вобласці школьныя кірмашы. Каля 20 тыс. мнагадзетных сем’яў, дзе выхоўваецца больш за 42 тыс. дзяцей школьнага ўзросту, атрымаюць дзяржаўную дапамогу да пачатку новага навучальнага года, адзначыла С. Філістовіч.

У межах стварэння бяспечных умоў для навучэнцаў ва ўсіх ўстановах адукацыі Міншчыны выстаўлены пасты аховы, праводзіцца іх аснашчэнне сродкамі бяспекі. Усе ўстановы маюць сродкі відэаназірання, трывожныя кнопкі. Школьныя аўтобусы будуць падвозіць больш за 12 тыс. дзяцей. Сёлета для абнаўлення парка Мінаблвыканкамам былі закуплены і перададзены раёнам 44 адзінкі транспарту.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара