Новыя гарызонты супрацоўніцтва

- 7:06Інфармацыйная гадзіна

Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.

“Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва. Вам даволі добра вядомы трактары “Беларус”. Цяпер яшчэ адно наша вялікае прадпрыемства — Мінскі аўтамабільны завод — пачынае асвойваць егіпецкі рынак, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Важна, што мы не толькі прадаём беларускую тэхніку, але і гатовы прыходзіць сюды са сваімі тэхналогіямі і спецыялістамі, ствараць тут узорна-паказальныя прадпрыемствы, паказваць, як мы можам працаваць, і вучыць егіпецкіх людзей вырабляць гэтую прадукцыю”.

На думку кіраўніка дзяржавы, у Егіпце можна арганізаваць новыя сумесныя зборачныя прадпрыемствы, у прыватнасці па выпуску кар’ернай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі.

“Сёння ў свеце ўзнікае вялікая цікавасць да выкарыстання беларускіх тэхналогій геолагаразведкі, бурэння глыбакаводных свідравін, ачысткі сцёкавых вод. Нашы спецыялісты гатовы падзяліцца з егіпецкімі партнёрамі набытымі ведамі і практычным вопытам, — сказаў прэзідэнт. — У аграпрамысловай сферы мы можам сумесна рэалізоўваць праекты аж да стварэння дэманстрацыйных гаспадарак і перапрацоўчых прадпрыемстваў”.

Прэзідэнт заклікаў прадстаўнікоў бізнесу абедзвюх краін актыўней выкарыстоўваць у наладжванні двухбаковых сувязей магчымасці беларуска-егіпецкай гандлёвай камісіі, рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва і сферы прамысловасці. “Уносьце свае аргументаваныя прапановы і будзьце ўпэўнены ў падтрымцы на самым высокім узроўні. З боку майго калегі і сябра Прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха аль-Сісі вы сустрэнеце аналагічны падыход”, — выказаў упэўненасць беларускі лідар.

“На працягу першага квартала бягучага года павінна быць падрыхтавана дарожная карта нашага супрацоўніцтва. Трэба за тры месяцы сфарміраваць гэты план дзеянняў і прывязаць яго да зямлі. Мы там дакладна павінны прапісаць, якія вытворчасці і сумесныя прадпрыемствы трэба стварыць на тэрыторыі Егіпта”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што менавіта такую прапанову агучыў егіпецкі бок. І Беларусь падтрымала яе. “Ад нас хуткасць руху да зададзенай мэты залежаць не будзе. Мы будзем рухацца настолькі хутка, наколькі захоча гэтага Егіпет, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я папрасіў бы членаў урада і кіраўнікоў нашых найбуйнейшых прадпрыемстваў заўсёды аб гэтым помніць. Мы заўсёды былі людзьмі абавязковымі, і за гэта нас у свеце цанілі і цэняць”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівую значнасць цяперашняга дзелавога форуму: “Бізнесмены павінны мець рэгулярныя стасункі, а палітыкі — ствараць для гэтага спрыяльныя ўмовы. Мы вас будзем падтрымліваць, тым больш што размова ідзе аб такіх узаемадапаўняльных адна адну краінах, як Беларусь і Егіпет. Мы ж ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў ваеннай сферы не канкурэнты. Мы дапаўняем адно аднаго, і ў эканоміцы гэта найважнейшы элемент”.

“Эканамічны патэнцыял нашай дзяржавы грунтуецца на машынабудаванні, металаапрацоўцы, хімічнай і нафтахімічнай, лёгкай, харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтыцы і мікрабіялогіі. Я сёння расказваў прэзідэнту, што ў нас ёсць тэхналогіі, заснаваныя на глыбокіх навуковых даследаваннях. І гэта зацікавіла яго. Ён адразу ж прапанаваў, каб нашы вучоныя сустрэліся ў Беларусі. Прэзідэнт паставіў задачу падвесці пад наша супрацоўніцтва глыбокую навуку і тэхналогіі. І гэта правільна”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь спецыялізуецца на выпуску грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў і спецтэхнікі і з’яўляецца буйным вытворцам сельскагаспадарчых машын. У краіне выпускаецца 30 працэнтаў ад усіх, што вырабляюцца ў свеце, цяжкіх кар’ерных самазвалаў (“БелАЗ”) і 17 працэнтаў камбайнаў. Мінскі трактарны завод уваходзіць у васьмёрку найбуйнейшых сусветных вытворцаў колавых трактароў. “Беларусь вырабляе хімічныя валокны, паліва, калійныя, азотныя і комплексныя ўгнаенні, якія карыстаюцца павышаным попытам за межамі краіны. Сярод еўрапейскіх дзяржаў Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў галіне высокіх тэхналогій. Упэўнены, што многія з вас ужо выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне нашых распрацоўшчыкаў, такое, напрыклад, як дадатак Viber”, — заўважыў прэзідэнт.

Аграпрамысловы комплекс, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, таксама з’яўляецца адным з найважнейшых сегментаў беларускай эканомікі. На сусветным рынку Беларусь прызнана адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў малочнай прадукцыі.

“Важна і тое, што ў Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу: гарантавана абарона прыватнай уласнасці і інвестыцый, забяспечана права на рэпатрыяцыю прыбытку. Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі разам з Сусветным банкам укараняюцца сучасныя падыходы да прыватызацыі, адкрытыя і зразумелыя замежным кампаніям. Мы садзейнічаем рэалізацыі любых узаемавыгадных праектаў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.