Новы адрас дзіцячай творчасці

- 10:53Адукацыйная прастора

У Клецку ўрачыста адкрыты новы будынак цэнтра дзіцячай творчасці, што стала радаснай падзеяй для ўсіх творчых і цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак горада і раёна.

Гісторыя Клецкага ЦДТ налічвае ўжо больш за паўстагоддзя. За гэты час адбылося мноства значных для ўстановы падзей. І адна з іх — зусім нядаўна: цэнтр творчасці атрымаў новае месца жыхарства. Раней выхаванцы цэнтра займаліся ў некалькіх кабінетах на базе гімназіі Клецка. Памяшканні былі мала прыстасаваныя для творчых заняткаў, месца не хапала, таму кіраўніцтва і выхаванцы цэнтра марылі пра ўласныя квадратныя метры. І вось мары здзейсніліся — кіраўніцтвам Клецкага райвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму было прынята рашэнне размясціць Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці ў былым будынку гарадскога кінатэатра. Будынак быў незапатрабаваны і некалькі гадоў пуставаў. Вясной быў створаны праект і пачата рэканструкцыя памяшканняў, восенню цэнтр святкуе наваселле.

У будынку зрабілі новы дах, уцяплілі фасады, памяшканні перапланавалі і адрамантавалі. Сёння тут дзейнічаюць два адміністрацыйныя кабінеты, кабінет харэаграфіі, два кабінеты дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці. У хуткім часе выхаванцаў прымуць кабінеты выяўленчага мастацтва, камп’ютарных тэхналогій, майстэрня тэхнічнай творчасці і дрэваапрацоўкі. Актавая зала зможа змясціць сто чалавек, праводзіць тут будуць не толькі мерапрыемствы ЦДТ, але і раённыя і гарадскія культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы.

Сёння на базе Клецкага цэнтра дзіцячай творчасці функцыянуюць 34 аб’яднанні па інтарэсах, у якіх займаюцца 510 навучэнцаў. Яшчэ каля 1000 дзяцей — выхаванцы аб’яднанняў цэнтра, якія дзейнічаюць на базе ўстаноў адукацыі горада і раёна. Вельмі запатрабаваныя ў клецкіх школьнікаў заняткі па харэаграфіі, тэхнічнай творчасці, а таксама звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. У гэтым навучальным годзе пачынаюць работу новыя перспектыўныя аб’яднанні па інтарэсах: “Ментальная арыфметыка”, “Робататэхніка”, “Танцавальны серпанцін”, “Цуды танца”. З дзецьмі працуюць 45 педагогаў, якія ў сваёй рабоце выкарыстоўваюць інавацыйныя падыходы, укараняюць новыя выхаваўчыя тэхналогіі і методыкі.

— У любой дзейнасці можна дасягнуць поспехаў, калі ёсць педагогі, якія ўмеюць працаваць, калі ёсць дзеці, якія хочуць узяць усё лепшае, што дае ім настаўнік, і калі ёсць зацікаўленыя ў поспехах сваіх дзяцей бацькі, — дзеліцца думкамі дырэктар Клецкага цэнтра дзіцячай творчасці Дзмітрый Мікалаевіч Маляўка. — Галоўнымі ў рабоце нашага цэнтра з’яўляюцца менавіта гэтыя тры складнікі. Упэўнены, што рознабаковы і шматузроўневы характар адукацыйных праграм, якія рэалізуюцца ў нашым цэнтры, дазваляе задаволіць шырокае кола патрэб дзяцей з рознымі здольнасцямі і захапленнямі.

У 2014 і 2015 гадах Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці ўдастойваўся звання лепшай установы дадатковай адукацыі ў Мінскай вобласці, двойчы ўстанова станавілася лаўрэатам гэтага абласнога спаборніцтва. Упэўнены, новыя ўмовы прынясуць выхаванцам і педагогам цэнтра новыя дасягненні.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Клецкім ЦДТ.