Новы фармат міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння

- 11:59Актуально, Апошнія запісы

У рамках візіту ў нашу краіну дэлегацыі рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы прайшоў Першы Беларуска-турэцкі форум.У ім прынялі ўдзел міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка, старшыня Савета па вышэйшай адукацыі Турэцкай Рэспублікі Екта Сарач, рэктар РІВШ В.А.Гайсёнак, рэктары сталічных і рэгіянальных навучальных устаноў вышэйшай адукацыі.

Як адзначыў у сваім прывітальным слове міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка, мэта форуму выгадная для абодвух бакоў — забяспечыць развіццё супрацоўніцтва ў сферы навукі, інавацый і адукацыі на ўзроўні партнёрскага ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі Беларусі і Турцыі. Сёння дзелавое супрацоўніцтва паміж краінамі  ў сферы адукацыі развіваецца ў адпаведнасці з тымі дамоўленасцямі, якія былі дасягнуты ў час сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, дзе было адзначана, што Беларусь нацэлена на далейшае прадукцыйнае ўсебаковае ўзаемадзеянне з Турэцкай Рэспублікай.

  — Галоўным складнікам супрацоўніцтва паміж краінамі з’яўляецца эфектыўнае ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, — падкрэсліў кіраўнік адукацыйнай галіны нашай краіны.— Сведчаннем узаемнай зацікаўленасці ў актывізацыі кантактаў з’яўляецца візіт дэлегацыі рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Турэцкай Рэспублікі. Я спадзяюся, што наша сустрэча адкрые новую старонку ў адносінах паміж дзвюма краінамі ў сферы адукацыі.

  І.В.Карпенка адзначыў, што першачарговая задача на дадзеным этапе адносін дзвюх краін — фарміраванне адпаведнай нарматыўнай прававой базы як на міжурадавым, міжведамасным, так і міжуніверсітэцкім узроўні. У пачатку гэтага года было падпісана між­урадавае пагадненне ў адукацыйнай сферы, вядзецца работа над пагадненнем аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі. Вялікае значэнне адводзіцца супрацоўніцтву ў сферы вышэйшай адукацыі, праграма якога была падпісана ў хо­дзе сустрэчы.  Гэтым дакументам прадугледжваюцца акадэмічныя і навуковыя абмены, выкананне сумесных праектаў, садзейнічанне акрэдытаваным установам адукацыі дзвюх краін, падпісанне прамых дагавораў аб узаемадзеянні паміж установамі вышэйшай адукацыі.

— Сёння дзейнічаюць 45 прамых дагавораў паміж УВА дзвюх краін, — паведаміў Ігар Васільевіч Карпенка. — У адпаведнасці з імі ствараюцца сумесныя адукацыйныя праграмы, забяспечваецца інфармацыйны абмен па актуальных напрамках адукацыйнай, навуковай, інавацыйнай дзейнасці. Неабходна, каб і новыя дагаворы, якія будуц­ь заключаны паміж нашымі ўніверсітэтамі, былі напоўнены канкрэтным зместам.

У Турцыі зараз дзейнічаюць інфармацыйна-адукацыйныя цэнтры беларускіх устаноў вышэйшай школы. У сваю чаргу ў Беларусі адкрыты цэнтры турэцкай мовы і культуры, у рабоце якіх прымаюць удзел выкладчыкі з Турэцкай Рэспублікі. Паміж краінамі працягваецца навуковае супрацоўніцтва, у тым ліку ўзаемадзеянне паміж тэхнапаркамі шэрага ўніверсітэтаў дзвюх краін.

— Усе гэтыя напрамкі сумесных дзеянняў пацвярджаюць перспектыўнасць і вялікі патэнцыял універсітэцкага ўзаемадзеяння, — зазначыў І.В.Карпенка. — Прафесійнае абмеркаванне актуальных тэм узаемнага супрацоўніцтва, азнаямленне з адукацыйным і навуковым рэсурсам беларускіх і турэцкіх універсітэтаў дазволіць вызначыць новыя вектары і фарматы міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння, выйсці на канкрэтныя сумесныя адукацыйныя і навуковыя праекты.

У сваім выступленні Екта Сарач высока ацаніў значэнне праведзенага  форуму, які надасць яшчэ адзін імпульс эфектыўнаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і Турцыяй, адкрые новыя шляхі ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі дзвюх краін.

— Мы гатовы да любых форм супрацоўніцтва з сяброўскай краінай, — заявіў кіраўнік турэцкай дэлегацыі. — І чым мацнейшымі будуць нашы сувязі ў сферы адукацыі, тым бліжэйшымі стануць нашы краіны і народы.

У ходзе сустрэчы былі падпісаны праграма развіцця супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Турэцкай Рэспублікай, мемарандумы аб узаемаразуменні паміж шэрагам нашых і турэцкіх універсітэтаў.

У рамках форуму прайшоў дзелавы савет устаноў вышэйшай адукацыі дзвюх краін. У час размовы былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў, прызнання і эквівалентнасці дыпломаў, абмену студэнтамі і выкладчыкамі, распрацоўкі сумесных навукова-даследчых праектаў. Пад эгідай форуму была разгорнута выстава навуковых дасягненняў беларускіх УВА. У ліку іх БДУ прадставіў 20 навуковых распрацовак у сферы космасу, інфармацыйных тэхналогій, медыцыны, сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці. У цэлым БДУ развівае між­універсітэцкае супрацоўніцтва з 9 турэцкімі ўстановамі вышэйшай адукацыі.

У ходзе візіту госці з Турцыі наведалі сталічныя ўніверсітэты, азнаёміліся з вучэбным працэсам, пагутарылі з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.