Новы фармат турыстычнай карты

- 12:00Краязнаўства

Гімназія № 1 Дзятлава ўжо другі год рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны”, таму ініцыіравала правядзенне інтэрнэт-праекта, прапанаваўшы яго ўдзельнікам больш глыбока азнаёміцца з гісторыяй, культурнымі традыцыямі роднага краю праз вывучэнне легенд і паданняў. Праект быў невыпадкова названы “Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі”.

Каб прывіць нашым дзецям любоў да малой радзімы, неабходна арганізаваць яго даследаванне, вывучэнне. Праект “Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі” быў накіраваны на фарміраванне ў дзяцей цікавасці да свайго народа, яго гісторыі, культуры, пашырэнне і ўзбагачэнне ведаў падрастаючага пакалення праз вывучэнне роднага краю, развіццё практычных навыкаў даследчай дзейнасці і творчых здольнасцей навучэнцаў падчас работы з краязнаўчым матэрыялам. У праекце прынялі ўдзел 14 каманд з Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Узрост удзельнікаў — ад 10 да 17 гадоў.

Праект рэалізоўваўся ў 5 этапаў. На першым этапе камандам было прапанавана знайсці легенды пра паходжанне назваў населеных пунктаў сваёй вобласці, нанесці маркеры населеных пунктаў, пра паходжанне назваў якіх знойдзены легенды, на агульную Google-карту з абавязковым прымацаваннем легенды (у выглядзе дакумента, відэароліка, аўдыяфайла). Потым удзельнікі павінны былі азнаёміцца з сабранымі матэрыяламі іншых каманд і скласці класіфікацыю назваў населеных пунктаў (падзяліць на групы па паходжанні). На этапе “Тапанімічныя легенды” была сабрана 101 легенда.

Беларусь — край тысяч рэк і азёр, таму другі этап “Сінявокая Беларусь” быў прысвечаны збору легенд і паданняў пра паходжанне назваў рэк і азёр. Было сабрана 95 легенд. Пазнаёміўшыся з усімі сабранымі матэрыяламі, удзельнікі каманд адказалі на пытанні віктарыны. Пошукам легенд, звязаных з храмамі сваёй мясцовасці, удзельнікі праекта займаліся на трэцім этапе “Святыні малой радзімы”. У выніку былі не толькі сабраны легенды, але і створаны фотаальбомы 139 храмаў.

Падчас выканання заданняў чацвёртага этапу каманды знайшлі 156 легенд, звязаных з помнікамі прыроды (камянямі, дрэвамі і г.д.) сваёй мясцовасці, стварылі фотаальбомы абраных аб’ектаў. Усе яны нанесены на агульную Google-карту з абавязковым прымацаваннем легенды і фотаальбома. Пяты этап называўся “Турыстычнае агенцтва запрашае…”. Каманды стваралі віртуальную карту — турыстычны маршрут па месцах, звязаных з легендамі малой радзімы, і медыяпрадукт з рэкламай свайго маршруту.

На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, якая стала партнёрам праекта, адбыўся вочны этап (фінал) праекта. Каманды абаранялі распрацаваныя маршруты. Каманда “Сузор’е” сярэдняй школы № 8 Ліды прапанавала гледачам стаць удзельнікамі ток-шоу “На скрыжаваннях часу”. На экскурсію па храмах Мінска з замежнымі гасцямі запрасіла каманда “Мы з Менска” сталічнай сярэдняй школы № 191. Каманда “Даследчыкі” гімназіі № 1 Дзятлава парадавала журы цудоўнымі вершаванымі легендамі. Неардынарна падышлі да прэзентацыі прадстаўнікі каманды “Гараднічанка” гімназіі № 6 Гродна (самыя маленькія ўдзельнікі праекта): на імправізаванай сцэне дзеці нібыта сустрэліся з заснавальнікам Гродна. А экскурсію па Іўеўшчыне, якую распрацавала каманда “Спадчына” Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, нібыта правялі легендарныя княгіня Ева, графіня Яніна Умястоўская, граф Уладзіслаў Умястоўскі і Барбара Радзівіл.

Пераможцамі інтэрнэт-праекта сталі каманда “Спадчына” Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна і каманда “Сузор’е” сярэдняй школы № 8 Ліды. Дарэчы, каманда “Спадчына” стала пераможцай анлайн-галасавання і атрымала прыз сімпатый гледачоў. Усяго дыпломамі I, II і III ступені былі ўзнагароджаны 7 каманд. Усе каманды атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў.

Створаная ў рамках праекта Google-карта з прымацаванымі легендамі, паданнямі, фота- і відэаматэрыяламі можа быць выкарыстана настаўнікамі і класнымі кіраўнікамі на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Сабраныя камандамі матэрыялы лягуць у аснову аднайменнага электроннага зборніка.

Наталля КЛІМЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Дзятлава.