Новы крок у супрацоўніцтве

- 10:59Адукацыйная прастора, Рознае

На Магілёўшчыне працягваецца развіццё ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі Беларусі і Расіі. Днямі пагадненне аб усебаковым супрацоўніцтве падпісалі цэнтр адукацыі № 40 імя І.А.Дзяменцьева Тулы і сярэдняя школа № 34 Магілёва.

Расійская Тула і беларускі Магілёў — гарады-пабрацімы. Сяброўскія і дзелавыя ўзаемаадносіны паміж рэгіёнамі доўжацца ўжо шмат гадоў. Даволі актыўна вядзецца эканамічнае супрацоўніцтва, цесную сувязь падтрымліваюць ветэранскія арганізацыі, установы культуры. Новы крок на шляху да ўмацавання гэтага ўзаемадзеяння быў зроблены ў сферы адукацыі.

Як паведаміў старшыня Магілёўскага гарадскога Савета ветэранаў Фёдар Мацькоў, упор у двухбаковым узаемадзеянні робіцца на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

— Моладзь павінна захаваць памяць пра подзвігі і гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны. Не павінны забываць маладыя людзі і аб адзінстве сваіх народаў. У сувязі з гэтым не так даўно быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж нашым абласным кадэцкім вучылішчам і адной з кадэцкіх школ Тулы. Цяпер мы стараемся ўсяляк развіваць узаемаадносіны ў гэтым ключы, — патлумачыў Фёдар Мікалаевіч.

Дарэчы, установы адукацыі, якія працягнуць эстафету супрацоўніцтва, былі выбраны невыпадкова. Тульскі цэнтр адукацыі № 40 носіць імя Героя Савецкага саюза Івана Дзяменцьева, які ўдзельнічаў у баях за Беларусь. А ў сярэдняй школе № 34 горада на Дняпры грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў надаюць асаблівае значэнне. Да таго ж у 34-й школе функцыянуе сапраўды ўнікальны музей баявой славы.

Тульская дэлегацыя азнаёмілася з экспазіцыямі музея і магілёўскай школай у цэлым. Намеснік дырэктара Галіна Бяляева падрабязна расказала расійскім калегам пра асаблівасці работы, якая праводзіцца ў школе па патрыятычным выхаванні навучэнцаў, а таксама пра дзейнасць непасрэдна музея. Як аказалася, ён функцыянуе з 1984 года і прысвечаны 290-й Магілёўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава II ступені стралковай дывізіі.

На сённяшні дзень у музеі налічваецца амаль тры тысячы экспанатаў. Экспазіцыі ўсебакова выкарыстоўваюцца падчас урокаў і факультатываў, у арганізацыі навукова-даследчай і пошукавай дзейнасці вучняў, правядзенні экскурсій. Адметна, што на экскурсію сюды можна трапіць не толькі рэальна, але і віртуальна. Сіламі навучэнцаў была распрацавана спецыяльная камп’ютарная праграма, якая дазваляе наведаць музей і школу дыстанцыйна. Дастаткова толькі зайсці на афіцыйны сайт установы.

Дарэчы, свой электронны рэсурс школа імкнецца выкарыстоўваць па максімуме. Перыядычна на сайт у адкрытым доступе дабаўляюцца факты, здабытыя навучэнцамі ў ходзе даследчай або пошукавай работы. Такі падыход дазваляе людзям свабодна атрымліваць інфармацыю пра сваякоў. У школу рэгулярна прыходзяць падзячныя лісты ад грамадзян Беларусі, Расіі і многіх іншых краін.

Убачаным у магілёўскай сярэдняй школе № 34 тульскае прадстаўніцтва было ўражана.

— У плане патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў гэтай установе праводзіцца проста грандыёзная работа. За вашы справы, за вашу памяць хочацца выказаць вялікую падзяку, — адзначыў туляк ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пятровіч Лаўроў.

Завяршэннем сустрэчы стала падпісанне двухбаковага дагавора аб супрацоўніцтве. Як заўважыла дырэктар цэнтра адукацыі № 40 імя І.А.Дзяменцьева Святлана Гнідзіна, у найбліжэйшы час яны чакаюць магілёўскую дэлегацыю ў сябе з візітам у адказ. На яе думку, такі візуальны маніторынг дазволіць найбольш дэталёва вызначаць, у якіх кірунках весці сумесную работу.

— У найбліжэйшы час мы плануем знайсці агульныя пункты судакранання і распрацаваць праграму ўзаемадзеяння. Думаю, што гэта будзе супрацоўніцтва ў плане абмену вопытам па арганізацыі патрыятычнага выхавання, даследчай і пошукавай дзейнасці, удзелу ў міжнародных алімпіядах Саюзнай дзяржавы. Але адназначна, што ўсе распрацаваныя мерапрыемствы будуць накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі нашых навучэнцаў, — падкрэсліў дырэктар сярэдняй школы № 34 Ігар Якіменка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.