Новы механізм удасканалення

У Слуцку прайшоў Рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, органаў кіравання адукацыяй Мінскай вобласці, іншых рэгіёнаў, кіраўнікі навучальных устаноў. Галоўнай тэмай, якая разглядалася на пасяджэнні савета, стала ўзаемадзеянне навучальных устаноў прафесійнай адукацыі з заказчыкамі кадраў. Таксама абмяркоўваліся пытанні, якія ўзніклі ў ходзе вызначэння новых напрамкаў развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі падчас праведзенага Рэспубліканскага педагагічнага савета з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Невыпадкова Рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі было вырашана правесці на базе Слуцкага дзяржаўнага каледжа, які, без перабольшання, даўно лічыцца флагманам айчыннай прафесійнай адукацыі, што назапасіў вялікі вопыт у сваёй дзейнасці і заўсёды гатовы падзяліцца са сваімі калегамі. І на гэты раз асноўная частка пасяджэння была прысвечана трансляцыі тых напрацовак калектыву ўстановы, якія тычацца ўзаемасувязі з заказчыкамі кадраў. Удзельнікі нарады маглі назіраць гэтае ўзаемадзеянне падчас наведвання слуцкіх сыраробнага камбіната, хлебазавода, цукрарафінаднага камбіната і шэрага іншых прадпрыемстваў.

У час сустрэчы дырэктар каледжа Б.Б.Блахін пазнаёміў удзельнікаў пасяджэння з дзейнасцю навучальнай установы.

Каледж з’яўляецца шматпрофільнай, шматфункцыянальнай установай прафесійнай адукацыі, у якой сёння займаецца каля тысячы навучэнцаў па 8 спецыяльнасцях узроўню прафесійна-тэхнічнай і па 3 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі на дзённай і завочнай формах навучання.

Рэалізацыя практыка-арыентаваных падыходаў у прафесійным навучанні, дасканалая адпрацоўка і замацаванне навыкаў на дзеючым абсталяванні ва ўмовах рэальнай вытворчасці ажыццяўляецца па ўсіх спецыяльнасцях.

Базай для навучання па спецыяльнасцях тэхналогій хлебапякарнай і малочнай вытворчасці сталі вытворчыя цэхі хлебазавода і сыраробнага камбіната. Для тых навучэнцаў, якія засвойваюць спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” і “Гандлёвая справа” дзейнічаюць сучасна абсталяваныя лабараторыі і майстэрні непасрэдна на базе каледжа, а таксама і ў арганізацыях. Заняткі праводзяцца па схеме “вучэбны кабінет — вучэбная лабараторыя — цэх арганізацыі грамадскага харчавання”.

— Мы даўно пераканаліся, што толькі цесная ўзаемасувязь з заказчыкамі кадраў дазваляе хутка і эфектыўна вырашаць задачы па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, — заявіў Барыс Браніслававіч Блахін. — Гэтыя сувязі мы напрацоўвалі гадамі, і сёння вельмі дасканала вывучаем запыты вытворчасці і ўлічваем іх у арганізацыі адукацыйнага працэсу. Такі аналіз запытаў вытворчасці ўплывае не толькі на змест падрыхтоўкі, але і на прыём навучэнцаў і пералік спецыяльнасцей.

Спецыялісты базавых арганізацый прымаюць удзел у выніковай атэстацыі, размеркаванні і працаўладкаванні выпускнікоў, запрашаюцца ў каледж у якасці выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін. Практычна 100% навучэнцаў праходзяць вытворчую практыку ў арганізацыях — заказчыках кадраў на рабочых месцах з далейшым працаўладкаваннем.

Барыс Браніслававіч назваў яшчэ адзін напрамак узаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі, гэта рэалізацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, у межах якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў прадпрыемстваў і арганізацый. За апошнія пяць гадоў на аддзяленні дадатковай адукацыі дарослых прайшлі навучанне 1 888 чалавек па 24 прафесіях.

Таксама ажыццяўляецца рэалізацыя адукацыйнай праграмы вучэбных курсаў, якая арганізавана па заяўках арганізацый—заказчыкаў кадраў як з выездам на прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці нашай краіны, так і на базе самога каледжа. Высокая эфектыўнасць праграмы вучэбных курсаў дасягаецца за кошт інтэграцыі тэарэтычнай падрыхтоўкі і практычнага засваення ўменняў, а ў далейшым замацавання навыкаў на вытворчасці.

За пяць гадоў па адукацыйнай праграме вучэбных курсаў прайшлі навучанне больш за 1 тысячу чалавек па 8 кірунках.

Ужо 8 гадоў ва ўстанове функцыянуе рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па прафесіі “Кухар”. Вучэбна-вытворчымі пляцоўкамі цэнтра з’яўляюцца вучэбныя лабараторыі, кулінарныя студыі “Гурман” і “Справа густу”, кандытарскі і хлебапякарны цэхі, вытворчыя цэхі сталовай і кафэ, у якіх створаны рэальныя вытворчыя ўмовы для адпрацоўкі і замацавання прафесійных навыкаў. Адначасова на гэтых пляцоўках педагогі і навучэнцы выпускаюць уласную прадукцыю, даходы ад продажу якой папаўняюць пазабюджэтныя сродкі каледжа.

У рэсурсным цэнтры павышаюць узровень кваліфікацыі кухары, якія працуюць у санаторыях, рэстаранах і гасцініцах Беларусі. Рэгулярна праводзяцца майстар-класы, вучэбныя трэнінгі, сэрвіс-трэнінгі, семінары-трэнінгі для спецыялістаў сферы грамадскага харчавання краіны, педагогаў і навучэнцаў. Майстар-класы праводзяцца вядучымі спецыялістамі арганізацый грамадскага харчавання і шэф-кухарамі з Расіі, Украіны, Германіі і Беларусі.

Ажыццяўляецца павышэнне кваліфікацыі (стажыроўка) па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” для педагогаў навучальных устаноў прафесійнай адукацыі Рэспублікі Казахстан, Расійскай Федэрацыі. Гэты напрамак работы дае каледжу дадатковыя даходы, якія накіроўваюцца на развіццё каледжа, і з’яўляецца вельмі перспектыўным.

Крыніцамі паступлення пазабюджэтных сродкаў з’яўляюцца таксама даходы ад вытворчага навучання навучэнцаў у арганізацыях; платныя адукацыйныя паслугі; даходы ад дзейнасці аб’ектаў грамадскага харчавання.

Заробленыя сродкі накіроўваюцца на стварэнне ўмоў для таго, каб навучэнцам каледжа было цікава вучыцца, зручна і ўтульна жыць, рэалізоўваць свае творчыя здольнасці і інтарэсы. У пазаўрочны час выхаванцы каледжа могуць наведаць гісторыка-краязнаўчы музей, этнаграфічную майстэрню “Скарбніца”, музей малака, зімовы сад, кулінарныя студыі.

— Асноўная задача нашага педагагічнага калектыву выхаваць прафесіянала, грамадзяніна і патрыёта, — падкрэсліў Барыс Браніслававіч Блахін.— І ўсе нашы падыходы ў дзейнасці каледжа спрыяюць фарміраванню патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі нашых навучэнцаў, развіццю цікавасці да будучай прафесійнай дзейнасці.

Калектывы прадпрыемстваў Слуцка ў сваёй большасці сфарміраваны з выпускнікоў каледжа. Яны працуюць на розных пасадах, у тым ліку кіраўніцкіх. Сярод іх намеснік генеральнага дырэктара Слуцкага сыраробнага камбіната выпускнік каледжа М.А.Маліноўскі. Ён у 2006 годзе атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю ў гэтай установе і прыйшоў працаваць на камбінат спецыялістам сярэдняга звяна. Але на гэтым не спыніўся, а завочна атрымаў вышэйшую адукацыю і за 10 гадоў працы на камбінаце вырас да кіраўніка.

— Наша прадпрыемства настолькі цесна супрацоўнічае з каледжам, што нават немагчыма ўявіць, як можна працаваць без яго і дасягаць высокіх вынікаў, — заявіў Максім Анатольевіч.

Сёння відавочна, што якасць кадраў залежыць як ад навучальнай установы, так і ад вытворчасці. Гэта ўзаемны працэс. Прадпрыемства павінна дапамагаць навучальнай установе ў арганізацыі вытворчай практыкі, падчас якой навучэнцы ўдасканальваюць прафесійныя навыкі і адаптуюцца да вытворчасці.

— Час імкліва бяжыць, і тэхналагічныя працэсы перапрацоўчай прамысловасці пастаянна ўдасканальваюцца за кошт сучаснага абсталявання, якое ўкараняецца на нашым прадпрыемстве, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара сыраробнага камбіната. — Таму адукацыйны працэс павінен абнаўляцца, каб навучэнцы засвойвалі новую тэхніку і прыходзілі працаваць ужо падрыхтаванымі да новаўвядзенняў на прадпрыемстве. Змест прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе фарміравацца ў залежнасці ад развіцця той ці іншай галіны, ад інтэнсіўнасці яе развіцця, ад таго, якія прафесіі ёй патрэбны сёння і спатрэбяцца ў найбліжэйшай перспектыве. Таму ў адукацыйны працэс трэба ўносіць сугучныя з гэтым змяненні.

Як вядома, сёння на ўзроўнях ПТА і ССА прэвалюе практыка-арыентаванае навучанне. Напрыклад, 40% вучэбнага часу ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі займае авалодванне практычнымі навыкамі па той ці іншай прафесіі, а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў частцы існуючых спецыяльнасцей нават 50% ад дысцыплін прафесійнага кампанента.

Як адзначыла Марына Эдуардаўна Суворава, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства, сёння ставіцца задача па аптымізацыі тэрмінаў падрыхтоўкі кадраў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Для рашэння гэтай задачы далучыліся галіновыя міністэрствы, непасрэдна заказчыкі кадраў, якія праводзяць аналіз узроўню падрыхтоўкі кадраў, адпаведнасць патрэбам атрыманых функцый і выпрацоўваюць прапановы наконт тэрмінаў прафесійнай падрыхтоўкі па той ці іншай спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Магчыма, у ходзе гэтага аналізу згодна з патрэбамі вытворчасці будуць выяўлены тыя дысцыпліны, якія сёння закладзены ў змесце навучання, але ўжо не патрэбны ў падрыхтоўцы кадраў для той ці іншай вытворчасці. Альбо, наадварот, навучанне будзе дапоўнена дадатковым зместам, неабходным на прадпрыемстве.

Сёння вытворчасць імкліва абнаўляецца, з’яўляюцца аўтаматызаваныя лініі, мехатронныя сістэмы, укараняюцца інавацыйныя падыходы, што ўрэшце патрабуе абнаўлення ведаў і прафесійных навыкаў у рабочых і спецыялістаў. Ёсць і такая сітуацыя, калі прафесія (спецыяльнасць) патрабуе глыбокай тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі будучага спецыяліста, пашырэння спектра вучэбных дысцыплін.Безумоўна, змест навучання не павінен быць догмай, а пастаянна абнаўляцца, змяняцца, а навучанне — аптымізавацца згодна з патрэбамі нашай эканомікі. І гэты працэс павінен быць узгоднены паміж сістэмай прафесійнай адукацыі і заказчыкамі кадраў.

— Нам бы не хацелася давучваць выпускніка каледжа ўжо непасрэдна на вытворчасці, — адзначыў М.А.Маліноўскі. — Нам патрэбен гатовы спецыяліст, які павінен быць максімальна навучаны. І чым менш ён атрымае ведаў і навыкаў у каледжы, тым складаней яму будзе працаваць. Па кожнай спецыяльнасці трэба прааналізаваць, наколькі важны кожны вучэбны прадмет і колькі патрэбна дакладна вучэбнага часу, каб яго засвоіць.

Як адзначыў М.М.Куіш, старшыня Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў ПТА і ССА, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі, па многіх спецыяльнасцях сённяшні тэрмін навучання правераны часам і пацверджаны непасрэдна на вытворчасці. Відавочна, у працэсе аптымізацыі падрыхтоўкі трэба разглядаць кожную спецыяльнасць асобна, выбарачна, а не агульна, каб гэта не пашкодзіла якасці прафесійнай падрыхтоўкі.

М.М.Клокель, дырэктар філіяла РІПА “Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж”, паведаміў, што, улічваючы імклівае развіццё эканомікі, яе інавацыйнасць, неабходна мабільна рэагаваць на запыты вытворчасці і рыхтаваць такія кадры, якія былі б запатрабаваны на рынку працы. Магчыма, трэба рыхтаваць кадры па пэўнай спецыяльнасці не кожны год, а з перапынкам у залежнасці ад патрэб рынку працы.

— Галоўнае, каб гэтыя змяненні праходзілі скаардынавана, — адзначыў Міхаіл Мікалаевіч. — Мы павінны пастаянна клапаціцца аб якасці навучання. Калі наш навучэнец будзе добра падрыхтаваны, ён заўсёды будзе запатрабаваны.

М.А.Жгун, дырэктар філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж”, адзначыў, што пытанне аптымізацыі навучання, як было рэкамендавана, разглядалася сумесна з Міністэрствам прамысловасці, непасрэдна з заказчыкамі кадраў, у тым ліку з Мінскім маторным заводам, Мінскім заводам шасцерань і іншымі прадпрыемствамі, якія, безумоўна, зацікаўлены ў высакаякаснай падрыхтоўцы рабочых кадраў для сваёй вытворчасці і з поўнай адказнасцю ставяцца да ўсіх працэсаў, якія адбываюцца ў каледжы. Сярод іх працаўладкаванне выпускнікоў установы, прадастаўленне ім першага рабочага месца і адпаведных сацыяльных гарантый. Цесны кантакт з базавымі прадпрыемствамі дае ў гэтым станоўчы вынік.

Як заўважыў М.А.Жгун, размеркаванне ў каледжы складае 100%, усе выпускнікі атрымліваюць першае рабочае месца на прадпрыемстве. Да кожнага з іх заказчыкі кадраў ставяцца, як кажуць, па-бацькоўску, і маладыя кадры без праблем адаптуюцца на вытворчасці.

Безумоўна, ставіцца задача больш эфектыўнага ўзаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі з заказчыкамі кадраў па фарміраванні заказу на кадры. І як вынік гэтага — стварэнне міжведамаснай групы па фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны. На пасяджэннях групы абавязкова прысутнічаюць прадстаўнікі гэтых структур, органы адукацыі рэгіёнаў краіны, заснавальнікі навучальных устаноў прафесійнай адукацыі і заказчыкі кадраў.

А.Б.Грэцкая, начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, закранула пытанне аб размеркаванні выпускнікоў, якія маю ць асаблівасці ў развіцці і патрабуюць асаблівай сацыяльнай падтрымкі. Магчыма, трэба выйсці з прапановай аб браніраванні месцаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях для сацыяльна неабароненых людзей і ўвесці льготы для тых заказчыкаў кадраў, якія гатовы прадастаўляць рабочыя месцы для гэтай катэгорыі выпускнікоў. Прагучалі і іншыя прапановы і меркаванні наконт далейшага развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У размове прынялі ўдзел рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, прарэктар РІПА Ю.С.Сычова, начальнік Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА А.М.Пятрова, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй рэгіёнаў, дырэктары навучальных устаноў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *