Менавіта такі яслі-сад атрымалі юныя жыхары мікрараёна Індустрыяльны ў Лідзе. А назва ў яго яшчэ і смачная — “Карамелька”.

Яслі-сад разлічаны на 230 дзетак. Яго агульная плошча — амаль пяць тысяч квадратных метраў. Будуць працаваць 12 груп, у тым ліку і група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У новым яслях-садзе ёсць гімнастычная, трэнажорная, музычная і ўніверсальная залы, па-сучаснаму абсталяваны медпункт, кабінеты эстэтычнага развіцця і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій з мультыбордам, у музычнай і актавай залах ёсць аўдыясістэмы, абсталяваны сенсорны пакой. Заняткі фізічнай культурай будуць праводзіць і ў басейне, дзе ёсць месца ў тым ліку для сухога плавання, што дазволіць дзецям хутка атрымаць першыя навыкі.
Удзел у адкрыцці новай дашкольнай установы прынялі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Міцкевіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік. Яны перадалі загадчыцы садка Тамары Дрывіцкай сертыфікаты на набыццё развіццёвых гульняў, камп’ютарнага класа, мультымедыйнай сэнсарнай устаноўкі, гукавой апаратуры і электронных піяніна.
Пасля ўрачыстага пераразання чырвонай стужкі госці і бацькі з дзецьмі пабывалі на экскурсіі ў новым яслях-садзе.
— Добрыя ўмовы створаны і для здаровага харчавання дзетак, арганізацыі іх прагулак на свежым паветры, — расказвае Тамара Дрывіцкая. — Харчаблок абсталяваны ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналагічнымі патрабаваннямі, набыта праграма “Меню”. На тэрыторыі, акрамя групавых пляцовак, створана кальцавая дарожка, на якой дзеці будуць вучыцца правілам дарожнага руху, летам — ездзіць на веласіпедах, а зімой — катацца на лыжах.
А нядаўна каля ясляў-сада № 41 у Лідзе пасадзілі ліпавыя прысады, каб дзецям у “Карамельцы” было яшчэ ўтульней.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Вольгі КАПЦЭВІЧ.