Новы сад пладова-ягадных дрэў з’явіўся ў школе № 12 Рэчыцы дзякуючы рэспубліканскай акцыі «Сады надзеі»

- 13:15Школьный участок

Адметнасцю прышкольнага ўчастка тут лічацца не толькі пладовыя дрэвы, але і буякі, якія сталі пачаткам будучай фруктовай зоны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагогі ўспамінаюць, што калісьці на тэрыторыі рэчыцкай школы рос сад, але ён быў даволі стары і дрэвы не давалі пладоў ужо некалькі гадоў. Рашэнне закладкі новага саду ў рамках рэспубліканскай акцыі “Сады надзеі” сімвалічнае ўдвая.

— Дрэвы ўвасабляюць адзінства пакаленняў, якія вучацца і будуць вучыцца ў сценах школы. Яблыні — сімвал ведаў, мудрасці, сонечнага цяпла, міру і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — лі­чыць дырэктар сярэдняй школы № 12 Рэчыцы Галіна Чувашава.

Закладка саду стала сапраўднай падзеяй. Узброіўшыся рыдлёўкамі, саджанцамі, добрым настроем, педагогі, навучэнцы ўсіх класаў разам з бацькамі з задавальненнем пасадзілі дрэвы і ягадныя кусты.

— Удзел у такім высакародным праекце — прызнанне ў светлых пачуццях сваёй малой радзіме, прымнажэнне яе зялёнага багацця, — працягвае дырэктар. — Дзякуючы гэтаму, наш свет стане яшчэ больш чыстым, прыгожым, а таксама дасць старт новым здзяйсненням і добрым справам на карысць нашай Радзімы. Навучэнцы будуць даглядаць сад, ягаднік, а педагогі абавязкова дапамогуць ім у гэтай добрай справе. Хочацца, каб дзеці зразумелі і адчулі, што можна ад любой працы атрымліваць задавальненне. Тут хлопцы і дзяўчаты змогуць не толькі любавацца дрэвамі і ягаднымі кустамі, агароднінай, але і праводзіць назіранні за раслінамі, далучацца да сельскай гаспадаркі. Плануем сур’ёзна заняцца арганізацыяй працы на прышкольным участку: пасадкай ягадных кустоў, набыццём цяпліц і пашырэннем працоўнай дзейнасці па вырошчванні расады агародніны і кветак.

Дарэчы, адметнасцю пры­школьнага ўчастка лічыцца расліна буякі. Калі педагогі задумаліся аб выбары ягадных кустоў, захацелася чагосьці новага, таму спыніліся на прыгожых квітнеючых раслінах, якія сімвалізуюць дабрыню, пяшчоту і чысціню. Яны сталі пачаткам стварэння будучай фруктовай зоны.

— Ідэя вырошчвання буякоў не новая, і для навучэнцаў нашай установы адукацыі яна стала неверагодна цікавай, — адзначае Галіна Уладзіміраўна. — Так, вядома, справа гэтая працаёмкая, бо ягада патрабуе дадатковых клопатаў (падрыхтоўкі месца пасадкі, грунту, закіслення глебы і інш.), але мы думаем, што ў нас усё атрымаецца і гэтую ідэю яшчэ запазычаць іншыя ўстановы адукацыі нашага раёна.

Прышкольны ўчастак — не толькі біялагічная лабараторыя пад адкрытым небам, дзе можна праводзіць мноства ўрокаў, практычных заняткаў, пазакласныя мерапрыемствы, але і месца, дзе навучэнцы могуць набыць навыкі апрацоўкі глебы і догляду раслін, навучыцца шанаваць тое, што зроблена іншымі, далучыцца да гістарычных каранёў продкаў.

— Мы павінны прывіваць любоў да працы на роднай зямлі, выхоўваць пачуццё датычнасці да ўсяго таго, чым жыве наша краіна, — абазначае мэты ініцыятывы суразмоўніца. — Таму ў нашай школе ўзнікла ідэя стварэння прышкольнага ўчастка і цяпліцы на ім. На зіму пасадзілі цыбулю, якую вясной раздалі мнагадзетным сем’ям нашай школы і сем’ям, дзе непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пачынаючы з лютага навучэнцы з вялікай цікавасцю сеялі ў скрынкі насенне таматаў, перцаў, агуркоў, кветак, якія да вясны стая­лі на вокнах вучэбнага кабінета. Трапятліва даглядалі расаду. Цяпер наша цяпліца поўная расады агародніны і зеляніны.

Сельскагаспадарчая праца лёгкай ніколі не была. Каб атры­маць добры ўраджай, трэба нямала папрацаваць. Пры планаванні работ на прышкольным участку ўлічваецца ўсё: як апрацаваць зямлю, якія ўгнаенні ўнесці, каб глеба была ўрадлівай, што і колькі са­джаць, як сабраць ураджай. Праца ў цяпліцы дае дзецям вялізны вопыт, а паколькі некаторыя хлопцы не маюць уяўлення, як праца­ваць з інвентаром, педагогі імк­нуцца іх гэтаму навучыць.

— У перыяд летніх канікул за цяпліцай будуць сачыць навучэнцы падуліковай катэгорыі і з мнагадзетных сем’яў. Частку прадукцыі, вырашчанай на прышкольным участку, хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць забраць сабе, — акцэнтуе ўвагу Галіна Уладзіміраўна. — Таксама вырашчаную агародніну навучэнцы будуць выкарыстоўваць на ўроках працоўнага навучання па тэме “Кансерваванне”, а сабранае насенне — для атрымання расады. Работа на прышкольным участку абавязкова прынясе плён! Цяпер у нас ёсць свой, няхай і не зусім вялікі, агарод, які стане сімвалам таго, што наша школа будзе жыць яшчэ доўга, бо мы змаглі закласці падмурак добрых традыцый не на адно пакаленне наперад.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 12 Рэчыцы