Новы турнір па біятлоне сярод юнакоў і дзяўчат

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Беларуская федэрацыя біятлона заснавала новы турнір сярод юнакоў і дзяўчат — Кубак БФБ.

Спаборніцтвы пройдуць у чатыры этапы. Першыя тры запланавана правесці 28—29 снежня, 16—17 і 27—28 студзеня: яны адбудуцца ў спарткомплексе Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Фінальны этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона 17—18 лютага прыме РЦАП “Раўбічы”.

Удзельнічаць у спаборніцтвах будуць спартсмены, якія прайшлі рэгіянальны адбор. Яны ўвойдуць у каманды Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, Мінска. Акрамя таго, выступіць каманда Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, прадстаўленая біятланістамі эксперыментальнай групы.

“Ад кожнай каманды ва ўзроставых групах 2001— 2002, 2003—2004, 2005—2006 гадоў нараджэння будуць выступаць па два юнакі і дзве дзяўчыны, а ва ўзроставай групе 1999—2000 гадоў нараджэння — па тры юнакі і тры дзяўчыны. Біятланісты будуць змагацца за першае месца як у асабістым, так і камандным заліку. Пераможца сярод каманд зможа атрымаць павялічаную квоту на чарговы сезон і прадставіць у спаборніцтвах наступнага Кубка Беларускай федэрацыі біятлона па адным дадатковым удзельніку ў кожнай узроставай групе”, — расказалі ў БФБ.

Біятланісты старэйшай узроставай групы ў асабістых гонках першага, другога і трэцяга этапаў Кубка Беларускай федэрацыі біятлона будуць змагацца за права выступіць на юніёрскім першынстве свету па біятлоне, які з 26 лютага па 4 сакавіка пройдзе ў эстонскім Отэпя.