Дзесяць стэндаў з інфармацыяй аб Элізе Ажэшка з’явілася на вуліцах Гродна. Так пазначаны месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю сусветна вядомай пісьменніцы. Таблічкі, а таксама новы турыстычны маршрут “Шляхі жыцця і творчасці Ажэшка” створаны ў выніку рэалізацыі міжнароднага праекта “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Элізы Ажэшка і Людвіка Заменгофа ў Гродне і Беластоку”. Пра мэты і вынікі праекта расказвае дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы В.Р.КАРНЯЛЮК.
— Віталь Рыгоравіч, раскажыце, калі ласка, якія мэты ставіліся пры рэалізацыі праекта?
— Міжнародны праект “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Элізы Ажэшка і Людвіка Заменгофа ў Гродне і Беластоку” ажыццяўляўся ў межах Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна на 2014—2020 гг.” Партнёрам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў філалагічны факультэт Універсітэта ў Беластоку. Тэма праекта была распрацавана прафесарам Святланай Мусіенка разам з дацэнтамі Святланай Ганчар і Аленай Нялепка.
Постаць Элізы Ажэшка назаўсёды звязана з Гродна. Свой след у нашым горадзе пакінуў і доктар Людвік Заменгоф — стваральнік мовы эсперанта. Таму праблема захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны гэтых асоб для Гродна і гродзенцаў, бясспрэчна, актуальная. Стварэнне новых прывабных турыстычных форм — лагічны крок у развіцці нацыянальнай турыстычнай індустрыі. А навуковыя магчымасці ГрДУ імя Янкі Купалы і Універсітэта ў Беластоку аказаліся тут вельмі дарэчы.
— Што зроблена за час рэалізацыі праекта?
— Супрацоўнікі ГрДУ правялі шэраг мерапрыемстваў, кожнае з якіх скіравана на папулярызацыю мясцін, звязаных з імем Элізы Ажэшка. Так, былі ўсталяваны інфармацыйныя стэнды ў дзесяці месцах Гродна, гістарычна звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітай пісьменніцы.
Такімі месцамі сталі тэрыторыя каля Дома-музея Э.Ажэшка на вуліцы, якая носіць яе імя, месца каля помніка Э.Ажэшка, раён скрыжавання вуліц М.Васілька і Д.Карбышава, дзе ў розныя перыяды ХІХ стагоддзя ў тагачасных дамах Шлегеля і Ахмата пражывала Э.Ажэшка.
Таксама пазначаны адрасы К. Маркса,24 — месца былога дома Камеліі Гладкай, дзе пісьменніца пачынала сваю творчую дзейнасць, і К.Маркса, 11, дзе пэўны час знаходзілася культурна-асветніцкае таварыства “Муза” — там пісьменніца займалася актыўнай дабрачыннай дзейнасцю.
Два інфармацыйныя стэнды размешчаны на вуліцы Парыжскай Камуны. Тут у Бернардзінскім храме Эліза ў 1858 годзе ўзяла шлюб з Пятром Ажэшкам. На гэтай жа вуліцы пісьменніца жыла падчас пажару 1885 года, калі праявіўся яе талент арганізатара і самаахвярнаць у дапамозе пагарэльцам.
Стэнд на вуліцы Вішнявецкай нагадвае нам пра Элізу Ажэшка — землеўладальніцу вёскі Гнойніца (цяпер — Вішнявец), а стэнд у Румлёўскім парку — пра маёнтак ХІХ стагоддзя, якім валодалі Канстанцін Відацкі і Францыска Відацкая (Паўлоўская) — маці пісьменніцы. Вядома, што Эліза таксама бывала ў гэтым доме.
Ну і нарэшце, інфармацыйны стэнд пры ўваходзе на старыя каталіцкія могілкі інфармуе пра знаходжанне тут магілы Э.Ажэшка.
Па маршруце быў зняты відэафільм на беларускай, польскай і англійскай мовах. Таксама ў межах праекта створаны сайт “Эліза Ажэшка”. Цяпер у Гродне з’явілася асобная інтэрнэт-пляцоўка, дзе з цягам часу можна будзе знайсці максімум інфармацыі пра пісьменніцу і яе творчую спадчыну.
— Супрацоўнікі двух універсітэтаў праводзілі таксама навуковыя даследаванні, якія прадстаўлялі на сумесных канферэнцыях. Якія гэта былі мерапрыемствы?
— Падчас рэалізацыі праекта былі праведзены анлайн навуковы круглы стол і навуковая канферэнцыя. На круглым стале “Эліза Ажэшка і Людвік Заменгоф: Памежжа і свет. Аспекты і меркаванні” польскія калегі пазнаёмілі прысутных з турыстычнымі месцамі Беластока, звязанымі з імем Л.Заменгофа. Удзельнікі міжнароднай навуковай канферэнцыі “Эліза Ажэшка і Людвік Заменгоф у эстэтычнай прасторы памежжа” расказалі пра розныя аспекты навуковых даследаванняў, якія датычацца як Э.Ажэшка, так і Л.Заменгофа. Па выніках канферэнцыі запланавана выдаць ва Універсітэце Беластока калектыўную манаграфію.
Гэты праект здольны павысіць турыстычную прывабнасць Гродна, звязаную з імёнамі знакамітых дзеячаў нашай гісторыі і культуры. Наша гісторыя, як “брама ў будучыню”, чарговы раз дэманструе, што можна знайсці незлічоную колькасць спосабаў узаемаразумення і разнастайнага супрацоўніцтва.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.