У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі адбылося ўрачыстае адкрыццё дзвюх ІТ-лабараторый, якія ўвайшлі ў структуру гарадскога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, — лабараторыі робататэхнікі “STEAM-акадэмія” і лабараторыі інтэлектуальных сістэм і тэхналогій “ЛІСТ”. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел начальнікі і спецыялісты ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму раёнаў Мінска, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, рэсурсных цэнтраў, педагогі-практыкі.
Адкрыццё гарадскіх адкрытых ІТ-лабараторый было прымеркавана да Дня горада, каб падкрэсліць важнасць гэтай падзеі не толькі для развіцця інстытута, сістэмы павышэння кваліфікацыі і ўкаранення новых тэхналогій у адукацыйны працэс, але і ў цэлым для развіцця ўсёй рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Па словах рэктара Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Т.І.Мароз, новыя лабараторыі, якія былі аснашчаны ў межах міжнароднага праекта TEMPUS Inovest “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у межах інклюзіўнага навучання” з’яўляюцца лагічным працягам развіцця ідэй інфарматызацыі ў сталіцы, укаранення найноўшага абсталявання ў адукацыйны працэс, а таксама азнаямлення педагогаў з тымі навінкамі, якія ў найбліжэйшы час з’явяцца або ўжо працуюць у сістэме адукацыі. Таццяна Іванаўна выказала ўпэўненасць, што лабараторыі дадуць магчымасць інтэграваць прадметы прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, выконваць задачы па прафарыентацыйнай рабоце, арганізоўваць сумесную даследчую дзейнасць паміж педагогам і навучэнцам, весці падрыхтоўку да інтэлектуальных конкурсаў, канферэнцый і ў цэлым работу з высокаматываванымі дзецьмі, якія ў далейшым выберуць для сябе тэхнічныя спецыяльнасці. А метадычная служба інстытута дапаможа кожнаму зацікаўленаму.
— Перад намі пастаўлена задача навучыць школьнікаў працаваць у інфармацыйным асяроддзі, свабодна валодаць інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. У сучасным грамадстве запатрабаваны тэхнічна граматныя людзі, і мы павінны арыентаваць дзяцей на атрыманне інжынерных спецыяльнасцей. Гэтыя задачы і дапамогуць вырашыць новыя ІТ-лабараторыі, — дадала намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Паўлаўна Харужая.
Лабараторыя робататэхнікі “STEAM-акадэмія” арганізавана з мэтай адкрыцця доступу педагогам і навучэнцам да сучасных дасягненняў у галіне кібернетыкі і авалодання імі асновамі работы з робататэхнікай з дапамогай набораў LEGO. Гэтыя наборы арыентаваны на вывучэнне асноўных механічных прынцыпаў і элементарных тэхнічных рашэнняў, якія ляжаць у аснове ўсіх сучасных канструкцый і прылад. LEGO з’яўляецца і самастойным сродкам развіццёвага навучання, і найбольш пераважным наглядным дапаможнікам. Навучэнцы знаёмяцца з тэхналогіяй стварэння пэўнай мадэлі робата і кіравання пабудаванай мадэллю. Сабраная канструкцыя далучаецца да мікракамп’ютара, які ўяўляе сабой праграмуемы блок LEGO, што функцыянуе як аўтаномны камп’ютар. Мадэль ажыццяўляе рухі і ўключае розныя кіруемыя элементы зыходзячы з паказанняў датчыкаў.
— Чаму для назвы лабараторыі мы выбралі абрэвіятуру STEAM? — заўважыла яе кіраўнік намеснік начальніка аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Таццяна Сяргееўна Дыбоўская. — У дзейнасці нашай лабараторыі мы абапіраемся на інтэграваны падыход да вывучэння прадметаў, паколькі ў працэсе работы з адукацыйнай робататэхнікай неабходны веды з розных галін. Заняткі ў лабараторыі разлічаны на вучняў 1—8 класаў, а таксама на педагогаў. Задачы лабараторыі — арганізацыя адукацыйнай прасторы, дзе педагогі і навучэнцы маглі б у творчай атмасферы спасцігаць тэхналогіі адукацыйнай робататэхнікі, арганізацыя даследчай дзейнасці і распаўсюджванне эфектыўнага педвопыту. А паколькі вучэбна-даследчая дзейнасць будзе займаць адно з вядучых месцаў, то хацелася б, каб у выніку атрымаўся сумесны даследчы праект: ці то гэта ўдзел у LEGO-фестывалі, які зараз становіцца вельмі папулярным, ці то арганізацыя факультатыўнай і гуртковай дзейнасці на базе ўстановы адукацыі, якая ў рэшце рэшт павінна прывесці да павышэння якасці адукацыі.
Асноўныя напрамкі дзейнасці лабараторыі: арганізацыйна-метадычны, інавацыйны, навукова-метадычны. У працэсе работы плануецца праводзіць павышэнне кваліфікацыі, навучанне на платнай аснове, кансультацыйную дзейнасць. У найбліжэйшы час мяркуецца хаця б па адным педагогу з кожнай установы адукацыі горада пазнаёміць з магчымасцямі робататэхнікі.
Мэта другой лабараторыі — лабараторыі інтэлектуальных сістэм і тэхналогій “ЛІСТ” — павышэнне кваліфікацыі педагогаў Мінска ў сферы выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў навучання, асваення новых лічбавых лабараторый, прымянення перадавых тэхналогій работы з адоранымі дзецьмі.
— Лабараторыя аснашчана сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, якія выпускаюцца і ў нашай краіне, і за яе межамі: інтэрактыўнай дошкай, мультыбордам, лінейкай сучасных лічбавых лабараторый па прадметах і інш., — адзначыў кіраўнік лабараторыі “ЛІСТ” начальнік аддзела прыродазнаўча-матэматычных і тэхнічных дысцыплін Цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Зык. — Дастаткова складанай застаецца задача падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў, якія гатовы працаваць з новым абсталяваннем. Таму супрацоўнікамі інстытута распрацавана серыя семінараў, дзе мы пастараемся пазнаёміць педагогаў прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін з навінкамі, тэхнічнымі сродкамі і лічбавымі лабараторыямі. У далейшым плануецца аснасціць лабараторыю тэхнічнымі прыладамі кабінетаў біялогіі, хіміі, геаграфіі. А вось пазнаёміцца з сучасным абсталяваннем кабінета фізікі і асвоіць работу з ім можна ўжо зараз.
Удзельнікі цырымоніі адкрыцця лабараторый мелі магчымасць наведаць майстар-класы ў ІТ-лабараторыях.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.