Новыя кіраўнікі ў АБСЕ прыступілі да работы

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Генеральным сакратаром Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) з 18 ліпеня стаў былы пастаянны прадстаўнік Швейцарыі пры гэтай структуры Томас Грэмінгер. Аб гэтым паведамілі ў штаб-кватэры арганізацыі ў Вене.

Як адзначылі ў аўстрыйскім старшынстве, сваё рашэнне Савет міністраў АБСЕ зацвердзіў у выніку завяршэння так званай пяцідзённай працэдуры змаўчання. Пастаянны савет АБСЕ 12 ліпеня афіцыйна прадставіў на зацвярджэнне міністраў замежных спраў 57 краін-членаў імёны службовых асоб — кандыдатаў на замяшчэнне чатырох вакантных кіруючых пасад. Назначэнне ўступіла ў сілу, паколькі з боку кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў не паступіла пярэчанняў да крайняга тэрміну, у якасці якога было абазначана 18 ліпеня.

Таксама з 18 ліпеня пачалі выкананне сваіх абавязкаў новыя кіраўнікі трох найважнейшых інстытутаў АБСЕ. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) узначаліла экс-міністр замежных спраў Ісландыі Інгіб’ёрг Сольрун Гісладоцір, вярхоўным камісарам па справах нацыянальных меншасцей стаў былы генеральны сакратар АБСЕ Ламберта Заньер, прадстаўніком АБСЕ па свабодзе СМІ — былы французскі дзяржсакратар па еўрапейскіх справах і знешнім гандлі Арлем Дэзір.

З 1 ліпеня АБСЕ працавала без дзеючага генеральнага сакратара. Паўнамоцтвы былога генеральнага сакратара Ламберта Заньера завяршыліся, а новы адміністрацыйны кіраўнік яшчэ не быў назначаны, паколькі краіны-ўдзельніцы не прыйшлі да кансэнсусу па новай кандыдатуры. Працэс назначэння генеральнага сакратара залежыць ад 57 дзяржаў-удзельніц, якія павінны прыйсці да агульнага рашэння. З самага пачатку на пасаду генеральнага сакратара былі вылучаны былы пастаянны прадстаўнік Швейцарыі пры гэтай арганізацыі Томас Грэмінгер, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Алена Купчына, былы міністр замежных спраў Казахстана Ерлан Ідрысаў, экс-кіраўнік Парламенцкай асамблеі АБСЕ былы кіраўнік МЗС Фінляндыі Ілка Канерва, былы еўракамісар Штэфан Фюле.