Харчаванне па-новаму: вопыт школы № 1 Шчучына пераймаюць іншыя ўстановы адукацыі Гродзеншчыны

- 17:09Новости

Сярэдняя школа № 1 Шчучына ў ліку першых у рэспубліцы ўключылася ў рэалізацыю праекта па арганізацыі харчавання навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Назіраючы за дзецьмі падчас абеду, загадчыца сталовай Ірына Віктараўна Арабчык з радасцю заўважае: “Хлопчыкі і дзяўчынкі сталі лепш есці, значна менш ежы застаецца на талерках. Менавіта на гэта і быў накіраваны праект — увесці ў школьнае меню больш смачныя і карысныя стравы і тым самым паменшыць коль­касць адходаў. І ўсё ж вельмі хочацца, каб дзеці елі яшчэ лепш”.

Ірына Віктараўна працуе ў гэтай школе з 2016 года. У дзяцінстве яна вельмі любіла гата­ваць, што і прадвызначыла выбар прафесіі. Адразу пасля школы паступіла ў Гродзенскае гандлёва-кулінарнае вучылішча. Атрымаўшы любімую спецыяльнасць, ніколі яе не мяняла. Ра­зам з Ірынай Арабчык ежу для школьнікаў гатуюць яшчэ тры кухары. У іх усё атрымліваецца хутка і зладжана, кожны ведае свой участак работы і спраўляецца са сваімі абавязкамі, хоць у свой час няпроста было пачынаць новую справу. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Уладзіміраўна Бароўская, усе кухары вельмі добрыя і адказна ставяцца да сваёй работы.

Яшчэ да пачатку рэалізацыі праекта пры падтрымцы Шчучынскага райвыканкама для школы было набыта новае халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне, кухонны інвентар, посуд для харчаблока і сталовай. Быў складзены новы графік харчавання дзяцей, павялічана колькасць пасадачных месцаў у сталовай. Калі да эксперымента ў школе адначасова абедалі каля 120 чалавек, то цяпер — больш за 200. Каб ежа не астывала і трапляла на сталы гарачай, пачалі выкарыстоўваць сервіравальныя каляскі.

Меню складалася з улікам пажаданняў вучняў і бацькоў, выяўленых падчас анкетавання. Ход рэалізацыі эксперымента абмяркоўваўся на агульнашкольных і бацькоўскіх сходах, на сайце ўстановы адукацыі і ў сацыяльных сетках.

— Спачатку было няпроста, прыходзілі на работу вельмі рана і сыходзілі позна, — успамінае Ірына Віктараўна. — Дапамагалі ўсе: пачынаючы ад дырэктара школы і намеснікаў да тэхнолагаў і педагогаў. Дзякуючы такой зла­джанасці ў нас усё атрымалася. Тэхнолагі распрацавалі новае меню, а мы перабудавалі сваю работу па гатаванні страў. З часам нешта мянялі ў залежнасці ад пераваг дзяцей. І сёння можна з упэўненасцю сказаць, што эксперымент атрымаўся. Дзеці і дарослыя адзначаюць, што стравы сталі больш смачнымі. Школьнікі пачалі лепш есці. Вядома, як і ў дарослых людзей, у кожнага дзіцяці свае смакавыя перавагі, камусьці хочацца адно, іншаму — другое. Але мы стараемся дагадзіць ім, заўсёды пытаем у дзяцей, што ім падабаецца, а што не і чаму.

З мэтай папулярызацыі праекта і новых страў быў створаны відэаблог “Гатуем дома”. Дзеці разам з бацькамі, выкарыстоўваючы распрацаваныя тэхнолагамі тэхналагічныя карты, дома гатавалі новыя стравы са школьнага меню і сваімі поспехамі дзяліліся ў блогу. У школе нават прыдумалі слоган “Вашай увазе — новае харчаванне” і выкарысталі яго ў афармленні абедзеннай залы.

Актыўна праявілі сябе самі школьнікі. Яны ўключыліся ў анкетаванне, выказвалі свае пажаданні. Шчырую ацэнку стравам давалі адразу: выходзячы са сталовай, з дапамогай QR-кодаў адказвалі на пытанне, спадабаўся ім абед або не. Дарэчы, дзецям было прапанавана 36 новых страў. Больш за ўсё ім спадабаліся катлеты “Класныя”, гняздзечкі са свініны з агароднінай, фаршыраваныя вяндлінай і сырам блінцы, піца “Школьная з сырам”. А выхавальнікі груп прадоўжанага дня аддалі свае галасы за ватрушкі з тварагом, пернікі па-хатняму, шніцаль курыны “Сонейка” і піражкі печаныя з яблычным фаршам.

Як адзначыла Т.У.Бароўская, дзякуючы эксперыменту ўдалося скарэкціраваць асновы харчовых паводзін дзяцей.

Зваротная сувязь паказала, што навучэнцам і іх бацькам падабаецца быць уцягнутымі ў працэс арганізацыі харчавання ў школе. Дзецям спадабаліся новыя стравы, магчымасць карэкціраваць меню.

Як вынік, адбылося зніжэнне харчовых адходаў з 34% у пачатку эксперымента да 6% у цяперашні час. Добра адгукаюцца аб якасці харчавання не толькі школьнікі, але і іх бацькі.

— Падчас эксперымента мы атрымалі каласальны вопыт арганізацыі харчавання ва ўстанове адукацыі, які дазволіў апрабаваць новыя тэхналогіі, прынцыпы і падыходы да ўдасканалення школьнага харчавання, улічваючы смакавыя перавагі навучэнцаў, — падкрэсліла дырэктар сярэдняй школы № 1 Шчучына Марына Паўлаўна Адашчык.

Сёння вопыт школ, якія першымі апрабавалі новыя падыходы ў харчаванні школьнікаў, пераймаюць іншыя ўстановы адукацыі Гродзеншчыны. І ўжо ў сярэднюю школу № 1 Шчучына калегі звяртаюцца па падтрымку і парады.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара