“Абітурыент-2019 — будзь з намі” — пад такім дэвізам прайшоў Дзень універсітэта ў ГрДУ. У гэты дзень, які завяршаў серыю мерапрыемстваў з нагоды святкавання 79-й гадавіны стварэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, навучальная ўстанова адчыніла дзверы сваёй будучыні — той моладзі, якая хоча звязаць сваё студэнцкае жыццё з ГрДУ.
Кожны з пятнаццаці факультэтаў арганізаваў прэзентацыйную пляцоўку, дзе студэнты і выкладчыкі расказвалі аб прафесіях і жыцці факультэта.
А спачатку будучыя абітурыенты сабраліся ў актавай зале і даведаліся пра гісторыю і дасягненні ўніверсітэта, магчымасці, якія адкрывае перад маладымі людзьмі вучоба тут.
Вітаючы старшакласнікаў, прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Бялых выказаў надзею, што 1 верасня сярод студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы апынуцца тыя, хто ў гэты дзень наведаў установу. Наблізіць мару многіх пра студэнцкае жыццё дапамагла і латарэя. Два самыя ўдачлівыя ўдзельнікі пры дапамозе “шчаслівых” лічбаў на сваіх праграмках атрымалі сертыфікаты “Рэпетытар-бліц” на адны бясплатныя заняткі па вучэбным прадмеце на выбар. А вось самай шчаслівай аказалася праграмка з нумарам 13. Яе ўладальнік — навучэнец гімназіі № 9 Гродна Антон — выйграў індывідуальную адукацыйна-прафарыентацыйную экскурсію з дэканам любога факультэта на выбар. І тут жа са сцэны хлопец абвясціў, што хоча бліжэй пазнаёміцца з юрыдычным факультэтам.
Шмат цікавага Антон мог убачыць і на пляцоўцы юрыдычнага факультэта. Прадстаўнікі мытнага паста “Прывалка” прэзентавалі тэхнічныя магчымасці складання фотаробата і дактыласкапіравання.
Работа ўсіх пляцовак была арганізавана такім чынам, каб школьнікі маглі акунуцца ў сваю будучую прафесію, атрымаць кансультацыі па ўдзеле ў цэнтралізаваным тэсціраванні і правілах паступлення ва ўніверсітэт, новых спецыяльнасцях. Дарэчы, у гэтым годзе ў ГрДУ іх будзе тры: “Камп’ютарная фізіка” — для выпускнікоў школ, “Транспартная лагістыка” і “Гісторыя і археалогія” для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
У найбліжэйшы час Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт правядзе такія азнаямленчыя мерапрыемствы ў Шчучыне і Слоніме.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.