Кожнае дзіця мае права на асаблівы клопат і дапамогу з боку грамадства. Але ёсць дзеці, псіхафізічныя асаблівасці якіх патрабуюць большай увагі і псіхолага-педагагічнай карэкцыі. Мы завіталі ў ЦКРНіР Мастоўскага раёна, якому належыць каардынуючая роля ў спецыяльнай адукацыі раёна. Спецыялісты цэнтра адказваюць за арганізацыю навучання і выхавання 568 дзяцей з АПФР, якія сёння ўключаны ў базу даных раёна. Аб гэтым расказала дырэктар установы Святлана Антонаўна Бярозава.
Нагадаем, што ЦКРНіР — гэта ўстанова спецыяльнай адукацыі, у якой рэалізуюцца адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, а таксама праграма выхавання і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Таксама тут рэалізуюцца адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, праграмы выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні.
У бягучым навучальным годзе ў цэнтры праведзены рамонт, умацавана яго матэрыяльна-тэхнічная база, набыты спецыялізаваны транспарт. Тут размяшчаюцца 2 вучэбныя класы, 2 дашкольныя групы, кнігасховішча, з якога забяспечваюцца падручнікамі і дапаможнікамі ўстановы адукацыі раёна, што рэалізуюць праграмы спецыяльнай адукацыі. Ёсць зала адаптыўнай фізкультуры, кабінет ранняй комплекснай дапамогі, сенсорны пакой, кабінет масажу і кабінет сацыяльна-бытавой адаптацыі (па падрыхтоўцы дзяцей да самастойнага жыцця, фарміраванні ў іх неабходных бытавых уменняў і навыкаў). У асобным памяшканні праходзіць дыягностыка дзяцей для вызначэння іх будучага адукацыйнага маршруту. Абследаванне праводзяць спецыялісты псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Кабінет абсталяваны люстэркам Гезела і ўбудаванай вэб-камерай. Галоўная ўмова якаснай дыягностыкі — атмасфера даверу і камфорту. Ва ўстанове створана ўніверсальнае безбар’ернае і тактыльнае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу, дзённага адпачынку з улікам патрэб дзяцей, што дапамагае навучэнцам прыстасоўвацца да навакольнай рэчаіснасці і асвойваць сацыяльныя правілы.
Адукацыйны працэс ва ўстанове арганізуецца для 16 навучэнцаў з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі: дашкольная група (3 выхаванцы ад 3 да 8 гадоў), 4 і 8 класы (13 навучэнцаў). Педагогі цэнтра шчыра радуюцца кожнаму маленькаму кроку ў развіцці выхаванцаў, разумеючы, як няпроста ім усё даецца. У рабоце з дзецьмі спецыялісты кіруюцца пэўнымі правіламі і падыходамі, якія яны прадэманстравалі і агучылі: “Гадаваць, вучыць і выхоўваць дзіця — гэта значыць расці, вучыцца і мяняцца самому”, “У душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны, калі крануць іх умелай рукой, яны прыгожа загучаць”, “Калі я чымсьці на цябе не падобны, гэтым я не абражаю цябе, а, наадварот, — адорваю”, “Калі дзіця не можа вучыцца так, як мы яго вучым, мы павінны вучыць яго так, як яно можа”.
Каманда спецыялістаў аказвае раннюю комплексную дапамогу дзецям з АПФР ва ўзросце да 3 гадоў па спецыяльна распрацаваных індывідуальных праграмах. Работа ладзіцца сумесна з бацькамі. Наступны напрамак работы — карэкцыйна-педагагічная дапамога, якую аказваюць настаўнікі-дэфектолаг і ў форме карэкцыйных заняткаў індывідуальна, з групай або падгрупай дзяцей, а таксама сацыяльная рэабілітацыя асоб з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі, якая прадастаўляецца ў комплексе мерапрыемстваў, накіраваных на ўзмацненне адаптыўных магчымасцей арганізма, узроўню самаразвіцця, творчай і рухальнай актыўнасці. Выхаванцы цэнтра з’яўляюцца дыпламантамі ІІІ ступені абласнога этапу XII Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” (2019), удзельнікамі абласнога фестывалю “Свет маіх захапленняў”, раённага этапу рэспубліканскага фестывалю па развіцці рухальнай актыўнасці навучэнцаў “Усе разам”.
Калектыў установы аказвае метадычнае суправаджэнне метадычных фарміраванняў Мастоўскага раёна і арганізуе работу творчай групы педагогаў, якія працуюць з навучэнцамі з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі. Сацыяльна-педагагічная падтрымка і псіхалагічная дапамога аказваецца бацькам у рамках сямейнага клуба “Кантакт”. Сустрэчы праходзяць у форме круглага стала, забаўляльных гульняў, псіхалагічных трэнінгаў, свят. Наладжана сувязь з валанцёрамі ўстаноў адукацыі раёна.
У 2019 годзе сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа ва ўстанове была рэалізавана ініцыятыва “Рука дапамогі” ў праекце “Сацыяльная інтэграцыя, інклюзія і актыўны ўдзел сацыяльна ўразлівых сем’яў у жыцці грамадства”. Установа брала ўдзел у рэалізацыі экалагічнай ініцыятывы сумесна з Мастоўскай раённай арганізацыяй ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”. Летам мінулага года ў перыяд аздараўленчай кампаніі быў рэалізаваны праект “Зялёны гарадок”.
Вырашаючы праблему стварэння адаптыўнай адукацыйнай прасторы ва ўстанове, спецыялісты ЦКРНіР шукаюць новыя формы і метады вырашэння адукацыйных задач, выкарыстоўваюць сучасныя псіхолага-педагагічныя тэхналогіі і методыкі, ствараюць умовы для забеспячэння комплекснай сістэмы псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі дзецям з АПФР.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.