Нёманская сярэдняя школа імя Ільі Гурскага рыхтуецца адзначыць 160-годдзе

- 13:01Новости

Нататкі карэспандэнта «Настаўніцкай газеты» з камандзіроўкі ў Нёманскую сярэднюю школу імя пісьменніка-земляка Ільі Гурскага, якая рыхтуецца адзначыць 160-годдзе. Першая частка матэрыялу тут.

Панямонскія традыцыі дабрыні

…Над Нёманам, у плыні дабрыні

Дзівосны лёс ізноў мяне люляе,

І пругкае бруенне з глыбіні

Зямлю і Неба хвалямі яднае…

Аж да вершаваных радкоў — пра вярхоўе Нёмана, пра калыханне душы на хвалях узвышанага і зямнога — і цяпер узнімаецца настрой, калі згадваю той імпэт, з якім гаварыла пра калег-аднадумцаў, пра родную школу Любоў Анатолеўна. Размова ж перацякла ў спробу акрэсліць словамі невымоўнае. Разважалі: высокі ўзровень сапраўднай культуры, маральнасці ў школе нельга стварыць з наскоку, за год альбо два. На тое працуюць пакаленні настаўнікаў. Бо такія далікатныя парасткі любові і дабрыні ўбіраюцца ў сілу паступова і марудна растуць. Сёння «глеба» ў школе, добра ўробленая за 160 гадоў, дае добрыя ўраджаі. Вядомыя людзі, у тым ліку акадэмікі, дактары навук з яе сцен пайшлі ў вялікі свет. Высокі працэнт паступлення (50—70!) выпускнікоў школы ва ўніверсітэты, іншыя УВА і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Паспяхова ўдзельнічаюць вучні ў творчых конкурсах, прадметных алімпіядах, віктарынах рознага ўзроўню.

«А мае вучні з Яршоў, сям’я Суднік, — працавітыя хлебаробы, работнікі сельскай гаспадаркі», — сказала Любоў Собаль, калі праязджалі праз тую вёску.

І духоўныя, побытавыя традыцыі мясцовыя на карысць справе. І, безумоўна, Нёман у педагагічнай наднёманскай сімфоніі гучыць моцнай дамінантай. Прыгажосць і сіла рэчкі, уся навакольная прырода самі па сабе выхоўваюць і прасвятляюць прынёманцаў, іх душы. Дарэчы, і талент Якуба Коласа ў лясістым Панямонні пачынаў праяўляцца. Згадаем радкі: «Нiхто з дамашнiх не згадае,/ Чым рэчка Костуся займае,/ Якая iх звязала сiла/ I чым яна так хлопцу мiла»

Можна б і не пытаць, што прывабіла маладую настаўніцу ў Магільна. Аднак дадзім ёй слова. «Вядома ж, блізкасць Нёмана, роднай маёй рэчкі, — гэты быў важкі аргумент, — усміхаецца Любоў Собаль. — Калі агледзелася, пабачыла: людзі працавітыя, таленавітыя, добрыя, і дух месца, скажам так, высакародны. Парасткі беларускасці тут вельмі моцныя. Радавала, што трапіла ў цудоўны калектыў, аднадумцаў знайшла, зацікаўленых і адданых справе. Той моцны касцяк педкалектыву складалі дырэктар — Георгій Іосіфавіч Мацавіла, беларусазнавец, настаўніца хіміі Людміла Аляксандраўна Цыбульская, геаграфіі — Рома (Ромця) Аляксандраўна Фурманава. Плюс яшчэ вельмі моцны матэматык Яніна Іванаўна Майсюк. Я па гэты час працую як філолаг-беларусазнавец, працавалі А.М. Шкуратава, А.І. Каладзінская — настаўнікі пачатковых класаў, Л.К. Абрамчык — настаўнік французская мовы. Пазней у школу прыйшлі С.А. Армонік — працаваў завучам, В.В. Стахно — матэматык і былы дырэктар, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры Н.І. Ус, таксама былы дырэктар. Пры мне дырэктараў 7—8 памянялася, а касцяк застаўся да гэтае пары».

Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся

Зладжанасці педагогаў, безумоўна, спрыяе і тое, што пераважная большасць з іх — людзі мясцовыя, адно аднаго, як кажуць, і без слоў разумеюць: «Тут вучыліся, набылі педадукацыю і дадому вярнуліся працаваць. Так і злажыўся дружны калектыў аднадумцаў, зацікаўленых у тым, каб школа квітнела і каб вучні мелі гордасць за сваю школу, за тое, што вучацца тут і жывуць».

Малады спецыяліст Любоў Казак прыкіпела да новай вёскі, нікуды больш не паехала. Выйшла замуж за майстра лесу Мікалая Собаля, выгадавалі яны двух сыноў. Яўген, дарэчы, скончыў Нясвіжскі педкаледж, стаў настаўнікам пачатковых класаў і музычным кіраўніком: цудоўна іграе на гітары. У Нёманскай школе два гады быў педагогам-арганізатарам, «але хацеў ратаваць людзей — і пайшоў у ратавальнікі. Скончыў Камандна-інжынерны інстытут МНС, цяпер у Мінску, на адказнай пасадзе, прычым і першая прафесія дапамагае яму ў працы». Яе мужа год назад не стала, і цяпер улетку свае клопаты бабуля Люба пасвячае ўнукам.

Мела магчымасць Любоў Анатолеўна папрацаваць на кіруючай пасадзе. Расказваючы пра тое, згадвае з усмешкай жывое Коласава слоўца, цытуе: «Пані Мар’я была кіроўнічыха». Ну а спадарыня Любоў гадоў 7 ці 8 пабыла намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У школе кіпела жыццё. Рабілі шмат змястоўных і патрэбных спраў, якія былі цікавымі ў першую чаргу для вучняў і настаўнікаў (інтэлектуальныя гульні, канцэрты мастацкай самадзейнасці, пастаноўкі экатэатра, работа школьнага лясніцтва). Вядома ж, імкнулася пашыраць рэчышча роднае мовы: «Школа ў нас беларуская, і ўсе імпрэзы, сустрэчы, лінейкі праходзілі толькі на роднай мове. Потым усе дырэктары такую традыцыю прадаўжалі. На лінейках я часта казала: «Выконвайце правілы, паважайце законы школы, яе статут — і майце гонар, што вы беларусы і вучні Нёманскай сярэдняй школы!»

Мудрасць своечасовасці

Кажуць, мудрасць настаўніка — у своечасовасці. Ва ўменні, калі трэба, і пацярпець, і нават перацярпець, моцна сцяўшы зубы, ведаючы: ніяк не адмяніць наканаванае, але ўсяму прыйдзе свой час. Прарошчванне зярнятак разумнага, добрага, вечнага ў душах юных не варта прыспешваць, неяк штучна гэты працэс «мабілізоўваць», упэўнена Любоў Анатолеўна: «Найперш я імкнуся раскрыць вучням вочы душы. Навучыцца бачыць у свеце, вакол нас гармонію і прыгажосць: у самых розных праяўленнях. У гуках мовы, у фарбах і лініях, у зносінах паміж людзьмі, рысах іх твараў і прыродных з’явах, кветках, дрэвах, хвалях рэчкі… У лепшых узорах літаратуры, музыкі, мастацтва тое можна чуць і бачыць. Далей падводжу дзяцей да таго, што і сваю душу, свядомасць на такую хвалю — гармоніі, прыгажосці — увесь час трэба паднастройваць. Вось гэта галоўнае! Ну а калі абудзіцца душа, памкнецца да святла, то ўжо можна і ўсё астатняе падключаць: увесь арсенал нашых сродкаў адукацыі, выхавання… Інакш, калі душу не абудзіш, то, як у народзе кажуць, усё будзе не ў каня корм. Добры паказчык таго, што ў школе ёсць спрыяльныя ўмовы для раскрыцця здольнасцей, талентаў, — тое, што дзеці нашы пішуць вершы. Можам пахваліцца, што ў нас выдадзены 4 зборнікі вучнёўскай паэзіі, а работа па развіцці талентаў прадаўжаецца».

Гартаем зборнік юных наднёманцаў. Ёсць таленты! А што калі б выдаць да юбілею школы? Спонсары знойдуцца. Будзе добры стымул для творчасці як для паэтаў-пачаткоўцаў, так і для іншых. Дарэчы, з ліку вучняў, гурткоўцаў Любові Собаль нямала таленавітых выпускнікоў выбралі педагогіку: «Насця Цыбульская скончыла педуніверсітэт, папрацавала настаўніцай, а цяпер працуе ў музеі. Вольга Каробка — філолаг па адукацыі. Вераніка Быліна пасля філфака працуе лагапедам у раённым карэкцыйным цэнтры і піша вершы. Вера Каладзінская дапамагае школе ў набыцці мэблі, інтэрактыўнай тэхнікі».

Вясна ў Касцяшах. У гасцях у былой настаўніцы пачатковых класаў Марыі Дзмітраўны Дземідовіч

Згадвае Любоў Анатолеўна добрым словам сябра па інстытуце выкладчыка педуніверсітэта Міколу Шабовіча, якога летась не стала. З ім ды іншымі выкладчыкамі, студэнтамі філфака вучні Нёманскай школы сустракаліся ў Мінску: гэта быў праект «У сталіцу — па веды». Ініцыіравала яго Любоў Собаль, і наша газета пра гэта пісала.

«Мікола даваў майстар-клас маім выхаванцам, раіў старшакласнікам да іх паступаць, ісці ў настаўнікі. Ніна Нямковіч, мая аднагрупніца і выкладчыца, дапамагла зладзіць сустрэчу. Міколу спадабаліся вершы юных паэтаў, а вучням — яго вершы, якія яны чыталі на памяць, разважалі над імі, нешта разбіралі. Ну такая цудоўная, цёплая, сяброўская атмасфера была!» — працягвае Любоў Анатолеўна.

З такіх сустрэч, упэўнена яна, усім шмат карысці: гэткая творчая прафарыентацыя. Плюс раскоша чалавечых зносін.

Майце гонар!

«Майце гонар!» З шэрага самых розных жыццёвых арыенціраў, якія нам прапануюцца, Любоў Собаль выбрала для сваіх выхаванцаў і ўзвысіла вось гэты: высакародны і патрыятычны. І тыя зярняты ў сэрцах вучняў прараслі. Своеасаблівы чып здаровага патрыятызму, ёю прывіты, і цяпер у іх свядомасці, у душах пастаянна спрацоўвае. А яна з усмешкай згадвае, што калі ў былых вучняў школы часам пытаюць, якія словы, чый голас памятаюць з мінулага, то ўсе па гэты час і голас Любові Анатолеўны памятаюць, і яе просьбу-запавет: «Майце гонар!».

Напрыканцы сустрэчы Любоў Анатолеўна сказала: «Мы, настаўнікі, у сваю чаргу ганарымся сваімі выпускнікамі. Яны нашы дзеці. Дзе б яны ні працавалі — у сельскай ці лясной гаспадарцы, у медыцыне ці педагогіцы, на заводзе альбо на калгаснай ферме — усюды з гонарам нясуць высокае званне выпускніка Нёманскай сярэдняй школы імя нашага земляка-пісьменніка Ільі Гурскага. Ім пашанцавала, што на пачатку жыццёвага шляху сустрэлі сапраўдных настаўнікаў, цікавых людзей, якія навучылі, выхавалі, натхнілі на выбар прафесіі, аддалі цяпло сэрцаў любімым вучням».

***

Нёманская сярэдняя школа рыхтуецца да юбілею: у 2024 г. будзе адзначаць 160-годдзе. І таму настаўнікі запрашаюць усіх землякоў, хто мае родавыя карані на святой уздзенскай зямлі, да падрыхтоўкі святочнай імпрэзы, да перадсвяточнай талакі далучыцца. Свята пройдзе пад паэтычным дэвізам: «Нёман збірае дачок і сыноў: з розных краёў — сцежкі дамоў».

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Нёманскай сярэдняй школы