Па асобных індыкатарах Беларусь — добры прыклад для іншых краін

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ). Размова аб гэтым ішла на сустрэчы віцэ-спікера Савета Рэспублікі Марыяны Шчоткінай з прадстаўніком ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэдам Мустафой Сарварам, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва, умовы выканання краінай праграмы на 2016—2020 гады.

Марыяна Шчоткіна адзначыла, што Беларусь зацікаўлена ў далейшым узаемадзеянні з ЮНІСЕФ, у тым ліку ў галіне дасягнення Мэт устойлівага развіцця (МУР), накіраваных на абарону і выкананне правоў дзяцей, захаванне іх здароўя. “Ваша арганізацыя нясе дабро і працуе на дасягненне Мэт устойлівага развіцця, — заявіла яна. — Мы зацікаўлены ў далейшым развіцці нашага партнёрства”.

У сваю чаргу Рашэд Мустафа Сарвар станоўча ацаніў эфектыўнасць работы краіны па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. “Па асобных індыкатарах МУР Беларусь — добры прыклад для іншых краін”, — лічыць ён.

Беларусь з’яўляецца членам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Дзейнасць фонду накіравана на падтрымку нацыянальных планаў і праграм у сферы развіцця і здароўя дзяцей у раннім узросце, на паляпшэнне становішча дзяцей і падлеткаў, уключаючы дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, дзяцей-сірот, дзяцей-бежанцаў, а таксама на прафілактыку шкодных звычак, ВІЧ/СНІДу сярод дзяцей і моладзі, падтрымку і абарону правоў дзіцяці.