Па аўтарскай мадэлі «4К»: Ірына Леўкавец — пра асаблівасці падрыхтоўкі навучэнцаў да конкурсаў даследчых работ

- 13:29Интервью

У мінскай гімназіі № 61 склалася эфектыўная сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, пра што яскрава сведчаць іх перамогі на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Пра асаблівасці падрыхтоўкі гімназістаў да конкурсаў даследчых работ расказвае дырэктар установы Ірына Леўкавец.

— Адным з найважнейшых спосабаў пазнання чалавекам навакольнага свету выступае даследаванне. На працягу ўсяго жыцця яно дапамагае развіццю і адаптацыі асобы ў пастаянна зменлівым свеце, — адзначае Ірына Уладзіміраўна. — Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў з’яўляецца неад’емным напрамкам у рабоце сучаснага педагога. У стандартах агульнай сярэдняй адукацыі раскрываюцца патрабаванні да абавязковага зместу адукацыі, у якіх вялікая роля надаецца фарміраванню творчых здольнасцей навучэнцаў, навыкаў пошукавай і даследчай дзейнасці.

Работа па фарміраванні інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў можа даць адчувальны вынік, калі яна носіць сістэмны характар, калі будуць створаны адпаведныя ўмовы для гэтага. Лічу, што развіццё любой установы адукацыі немагчыма без новых ідэй, падыходаў, мадэлей, без сумеснай дзейнасці навучэнцаў, педагогаў і бацькоў.

Азіраючыся назад, мы бачым, якая каласальная работа праведзена ўсім калектывам гімназіі. З 2017 года мы пачалі выбудоўваць уласную адукацыйную мадэль па арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў, якая аб’ядноўвае высокаматываваных і здольных навучэнцаў. Сёння арганізацыя даследчага навучання на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуецца па мадэлі “4К”, якая грунтуецца на прынцыпах індывідуалізацыі, бесперапыннага і творчага падыходу да авалодання ведамі, каштоўнасных арыентацый, супрацоўніцтва навучэнца і педагога.

— Ірына Уладзіміраўна, што ўяўляе сабой аўтарская мадэль “4К”? Як яна працуе? Чаму атрымала такую назву?

— Асновай мадэлі “4К” у гімназіі з’яўляецца дзейнасць чатырох добраахвотных адукацыйных аб’яднанняў, клубаў з выразнай траекторыяй развіцця: “Квант” для аматараў фізікі, гісторыка-турыстычны клуб “Краязнавец”, клуб інтэлектуальных гульняў “Кола ведаў”, навуковае таварыства навучэнцаў “Калідус”. Менавіта ў такім спалучэнні творчыя аб’яднанні знахо­дзяцца ў цеснай сувязі адно з адным, дапаўняюць і пашыраюць веды вучняў і ўяўляюць інавацыйную адукацыйную ма­дэль навукова-даследчага ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. 

Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў праводзіцца праз работу названых творчых аб’яднанняў, задачай якіх з’яў­ляецца паглыбленне вучняў у даследаванне, эксперымент, прапаганда навуковых ведаў і дасягненняў, стварэнне ўмоў для развіцця каштоўнаснага, інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу наву­чэнцаў. Паэтапнае далучэнне вучняў да даследчай дзейнасці ажыццяўляецца па наступных адукацыйных трэках або траек­торыях: даследчы, эксперыментальны, гісторыка-турыстычны, інтэлектуальны.

— Ахарактарызуйце, калі ласка, работу, якая вядзецца па кожным адукацыйным трэку.

— Па характары траекторыі самаразвіцця асобы мэтазгодна адносіць навуковае таварыства “Калідус” да даследчага трэка. Дзейнасць навучэнцаў у ім ажыццяўляецца ў фармаце творчых майстэрань, праз засваенне складанага інструментарыю навуковых адкрыццяў і стварэнне фінальнага навуковага праекта. Гэты кірунак рэалізуецца ў рамках выканання даследаванняў як на базе гімназіі, так і з дапамогай навуковых рэсурсаў вышэйшай школы. Пераемнасць у арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў на ўсіх ступенях навучання ва ўстанове, а таксама супрацоўніцтва “гімназія — УВА” вызначае, на наш погляд, яе паспяховую рэалізацыю. Актыўнымі членамі таварыства з’яўляюцца не толькі педагогі і навучэнцы, але і іх законныя прадстаўнікі, якія ўдзельнічаюць у стварэнні банка тэм даследчых работ, дапамагаюць у правя­дзенні эксперыментаў. 

Ідэя “інтэлект небяспечны без сумлення” кладзецца ў аснову гісторыка-турыстычнага трэка, які ўвасабляецца праз дзейнасць клуба “Краязнавец”. Мэтай клуба з’яўляецца далучэнне вучняў да духоўных і культурных каштоўнасцей, традыцый беларускага народа. Зручнае транспартнае і геаграфічнае становішча Мінска дае магчымасць наведаць шматлікія куткі нашай Радзімы. За час работы клуба “Края­знавец” намі распрацаваны і пракладзены самастойныя маршруты па забытых, але вельмі знакавых мясцінах Беларусі. Сустрэчы, новыя знаёмствы і ўражанні далі новы імпульс краязнаўчаму руху: удзел у праек­це “Таямніцы на мяжы” ў аграгарадку Друя, правядзенне экскурсій нашымі навучэнцамі для турыстаў, якія наведва­юць аграгарадок; супрацоўніцтва з прыходам у аграгарадках Дастоева і Высокае, дзе нашы навучэнцы аказваюць дапамогу ў аднаўленні архітэктурна-гістарычных аб’ектаў; актыўная дзейнасць па археалагічным даследаванні гарадоў Беларусі. Дзякуючы плённай рабоце нашых гімназістаў, у 2021 годзе ім прысвоены статус удзельнікаў клуба “Аматары археалогіі Беларусі”.

Займальная ідэя мае цэнтральнае месца ў добрым даследаванні. Пытанні, якія ўзнікаюць у нашых навучэнцаў падчас падарожжаў па беларускім краі, пачынаючы ад сустрэч і гутарак са святарамі, знойдзеных рэчаў пры раскопках Мінскага гарадзішча, а таксама каларытных месцаў, якія мы наведалі, і нараджаюць тую самую ідэю, якая з’яўляецца ядром усіх наступных даследчых дзеянняў. Такім чынам, вынікі інтэграцыі элементаў гісторыка-культурнай спадчыны ў адукацыйную прастору нашай установы даюць плён. Мы ганарымся перамогамі навучэнцаў і педагогаў у раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях па вывучэнні гісторыі і культуры роднага краю.

— Лагічным працягам урочнай і пазакласнай работы з’яўляецца дзейнасць, якая звязана з вывучэннем прадметаў, але выходзіць за рамкі вучэбнай праграмы?

— Гэта сапраўды так. Не менш важным элементам мадэлі “4К” з’яўляецца клуб “Квант” для аматараў фізікі, у аснове якога ляжыць эксперыментальны трэк. Гэты клуб з’яўляецца адукацыйным брэндам гімназіі. Мэта яго дзейнасці — павышэнне цікавасці да фізікі праз практычную і эксперыментальную дзейнасць. Клуб аб’ядноўвае вучняў 8—9 класаў. Яго пасяджэнні праводзяцца ў шосты школьны дзень і выклікаюць шырокі станоўчы рэзананс сярод навучэнцаў. Формы правя­дзення пасяджэнняў клуба разнастайныя: брэйн-рынг, мазгавы штурм, фізічны бой, тэхнічная лабараторыя, дзе навучэнцы мадэлююць, канструююць і эксперыментуюць. Падчас правядзення фізічнага доследу ўдзельнікам прадастаўляецца магчымасць праявіць свае вынаходніцкія здольнасці. Усё гэта спрыяе інтэнсіўнай разумовай дзейнасці — узнікае цікавасць даследчыка. Навучэнцы набываюць навыкі правядзення навуковых даследаванняў у падрыхтоўцы да рэспубліканскага турніру юных фізікаў, які суправаджаецца дэманстрацыяй відовішчных фізічных эксперыментаў. Штогод гімназісты становяцца пераможцамі гарадскога і рэспубліканскага турніраў, конкурсаў работ даследчага характару.

Узаемадзеянне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў фарміраванні і развіцці творчай асобы навучэнца рэалізуецца праз дзейнасць клуба гульняў “Кола ведаў”, які з’яўляецца адным з падраздзяленняў сістэмы вучнёўскага самакіравання гімназіі. Яго мэта — выяўленне і развіццё інтэлектуальна-адораных навучэнцаў. Асноўнымі формамі работы выступаюць паглыбленне ў пэўную тэму, работа з рознымі крыніцамі інфармацыі, правядзенне інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, квестаў. Раз у чвэрць навучэнцам 8—11 класаў прадастаўляецца магчымасць прадэманстраваць свае прадметныя веды, праявіць інтэлектуаль-
ныя здольнасці, раскрыць шматграннасць сваіх інтарэсаў. Адзначу, што з году ў год расце колькасць жадаючых папоў­ніць свой інтэлектуальны багаж.

Дзякуючы мадэлі “4К”, даследчая дзейнасць у нашай гімназіі сёння з’яўляецца самастойным кампанентам адукацыйнага працэсу, а навыкі, набытыя ў ёй навучэнцамі, абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, дапамогуць стаць паспяховымі і запатрабаванымі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ