Па дарозе, усыпанай зоркамі

- 10:37Адукацыйная прастора, Рознае

З 4 па 9 верасня ў Маскве па ініцыятыве мэра расійскай сталіцы Сяргея Сабяніна адбылася Маскоўская міжнародная алімпіяда школьнікаў буйных гарадоў і сталіц свету. Каманда школьнікаў Мінска заняла другое агульнакаманднае месца і атрымала кубак ІІ ступені. Паспяхова выступілі ўсе ўдзельнікі: восем медалёў — у васьмі беларускіх навучэнцаў (тры залатыя, адзін сярэбраны і чатыры бронзавыя).

Па хіміі залатыя медалі заваявалі навучэнец гімназіі № 29 Мінска Аляксей Гарахоўскі і навучэнка гімназіі № 12 Настасся Волчак; па матэматыцы залатым і бронзавым медалём узнагароджаны навучэнцы гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага Алексей Васілеўскі і Уладзіслаў Сявец; па фізіцы сярэбраным медалём адзначаны Мар’юш Сарока з гімназіі № 5 Мінска, бронзавым — навучэнец гімназіі № 13 Мінска Максім Басаў; па інфарматыцы бронзавыя медалі заваявалі навучэнец сярэдняй школы № 191 Станіслаў Кахноўскі і Ілья Марозаў з гімназіі № 50.

Першае месца на спаборніцтвах падзялілі каманды з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Бялграда.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел школьнікі з 18 краін свету — прадстаўнікі 22 мегаполісаў, сярод якіх Абу-Дабі, Астана, Бялград, Берлін, Будапешт, Мілан, Пекін, Мінск, Рыга і іншыя буйныя гарады. Агульная колькасць удзельнікаў алімпіяды — 176. У журы міжнародных спаборніцтваў увайшлі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Казахстана, Калумбіі, Паўднёвай Карэі, Латвіі, Расіі, Сербіі, Славакіі і Чэхіі.

Алімпіяда мегаполісаў — гэта камандны турнір па чатырох дысцыплінах: “Матэматыцы”, “Інфарматыцы”, “Фізіцы” і “Хіміі”, праграмы якіх максімальна блізкія ў розных краінах і гарадах свету. У склад кожнай каманды ўваходзілі 8 чалавек (па два ўдзельнікі на кожны прадмет) і тры кіраўнікі, якія ўдзельнічалі ў працэсе перакладу заданняў на мову каманды, таму павінны былі валодаць англійскай мовай і быць спецыялістамі па прадметах, па якіх праходзілі спаборніцтвы.

Спаборніцтвы па фізіцы і хіміі ўключалі тэарэтычны і эксперыментальны туры. Што тычыцца матэматыкі і інфарматыкі, то абодва туры падразумявалі рашэнне задач. Заданні адпавядалі ўзроўню і фармату традыцыйнай міжнароднай алімпіяды. Напрыклад, тэматыка задач па матэматыцы была вытрымана ў духу Усерасійскай алімпіяды школьнікаў, турніру гарадоў, Маскоўскай матэматычнай алімпіяды. Задачы выбіраліся з розных галін школьнай матэматыкі, галоўным чынам з геаметрыі, тэорыі лікаў, алгебры і камбінаторыкі. Яны не патрабавалі ведання вышэйшай матэматыкі і часта мелі прыгожае і кароткае рашэнне.

Усе спаборніцтвы праходзілі ў сталічных установах адукацыі: школах №№ 2030 і 1329, на базе ліцэя № 1560 і гімназіі № 1514.

Асабістая падтрымка мэра Мінска Андрэя Шорца дала магчымасць камандзе школьнікаў Мінска прыняць удзел у гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах. У склад каманды ўвайшлі навучэнцы — пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Прычым наша каманда была адной з самых маладых, бо сярод удзельнікаў іншых каманд былі і студэнты. Кіраўнікамі беларускай каманды выступілі начальнік аддзела матэматычных і тэхнічных дысцыплін Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Зык, настаўніца хіміі гімназіі № 37 Кацярына Георгіеўна Рагойжа, асістэнт кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМіІ БДУ Павел Аляксандравіч Іржаўскі.

Акрамя асноўных выпрабаванняў, школьнікі прынялі ўдзел у захапляльным міждысцыплінарным бліцтурніры. На ім удзельнікі адначасова рашалі задачы па матэматыцы, інфарматыцы, хіміі і фізіцы. Для правядзення бліцтурніру каманды дасылалі па 2 задачы па кожным з чатырох прадметаў алімпіяды. Складанасць заданняў адпавядала ўзроўню школьнага выпускнога экзамену. Вынікі бліцтурніру не падсумоўваліся з вынікамі алімпіяды і не ішлі ў агульны залік.

Акрамя навуковых спаборніцтваў і лекцый, для ўдзельнікаў арганізатары падрыхтавалі цікавую культурную праграму. Для школьнікаў была арганізвана квест-прагулка па Маскве. Яны пазнаёміліся з гісторыяй горада і культурнай спадчынай Расіі, наведалі музеі, выставы.

Урачыстае закрыццё алімпіяды прайшло ў вялікай канцэртнай зале Маскоўскага палаца піянераў на Вараб’ёвых гарах. У мерапрыемстве прыняў удзел мэр Масквы Сяргей Сабянін. Прадстаўнікі каманд ганарова прайшлі праз арку, якая сімвалізуе адзін з чатырох напрамкаў навукі, па дарозе, сімвалічна ўсыпанай зоркамі.

“Чаму алімпіяда мегаполісаў і чаму менавіта ў Маскве? — звярнуўся да школьнікаў са сцэны Сяргей Сабянін. — Мы добра з вамі ведаем, што сусветныя гарады адыгрываюць усё большае і большае значэнне ў эканоміцы свету, у іх канцэнтруецца ўсё больш дасягненняў навукі, тэхналогій і адукацыі. Калі шчыра, нам стала цікава, што ж адбываецца ў гэтых вялікіх гарадах, наколькі яны канкурыруюць адзін з адным, наколькі цесна ўзаемадзейнічаюць у тых праблемах і працэсах, што адбываюцца ў свеце. Таму мы і вырашылі запрасіць нашых сяброў з розных гарадоў правесці не проста міжнародную алімпіяду, а алімпіяду мегаполісаў свету. Гэта першыя падобныя спаборніцтвы, і я спадзяюся, што яны ўдаліся. У нас ёсць свае пераможцы, і я перакананы, што ва ўсіх прысутных ёсць шансы перамагчы на наступных спаборніцтвах. Мы аб’яўляем алімпіяду мегаполісаў штогадовай і запрашаем усіх у наступным годзе!”

Наталля КАЛЯДЗІЧ.