Па крыгах

- 11:49Адукацыйная прастора

13 студзеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся паўфінал ХХVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2018” у намінацыі “Фота”.

Гэта была даволі сімвалічная, трэба нават сказаць, сюррэалістычная карцінка: балетная зала НЦМТДіМ ператварылася на Стары Новы год, акурат у той дзень, калі ў Беларусі ўдарылі-такі першыя маразы, у адмысловую раку: па ёй плыў у сваю шчаслівую будучыню “Млын моды”, а на паверхні празрыстай і чыстай вады ўжо ўтвараліся крыгі — шматлікія фота мадэлей ва ўзросце 6—8, 9—12, 13—16, 17—25 гадоў. І праз гэтыя крыгі перабягаючы, пераступаючы, пераскокваючы, прабіраліся, каб іх ацаніць, члены журы ХХVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2018”: галоўны дызайнер кампаніі “Ачоса”, удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх паказаў і дэфіле, сябар Саюза дызайнераў Беларусі Эльвіра Жвікава, цырульнік-стыліст міжнароднага ўзроўню, суддзя міжнароднага класа, дырэктар студыі прыгажосці “ЛяКуліс” Алена Бурак, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Коршунава, вядучы мастак-мадэльер ААТ “Світанак”, мнагакратны прызёр фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”, сябар Саюза дызайнераў Беларусі Міхаіл Мытнік, прафесійныя фатографы Аляксандр Канатоп і Яўгенія Мужава, сябар Міжнароднай асацыяцыі дызайнераў, Гільдыі рэкламных фатографаў Расіі, Беларускага саюза дызайнераў, творчага саюза “Фотамастацтва” Міхаіл Маруга.

Як паведаміў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” адзін з арганізатараў ХХVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2018” кіраўнік подыум-школы Fashion Style НЦМТДіМ Ігар Іваноў, усяго да паўфіналу ў намінацыі “Фота” дайшло 40 удзельнікаў з розных рэгіёнаў нашай краіны. Фіналісты — фатографы і мадэлі — атрымаюць заданне ад журы на тэму “Запрашаем у Беларусь — краіну спорту і крэатыву”, на падрыхтоўку ў іх будзе каля трох месяцаў. А іх конкурсныя работы можна будзе ўбачыць у фае Палаца спорту перад пачаткам гала-канцэрта “Млына моды — 2018”. “Узровень работ штогод павышаецца, — адзначыў Ігар Іваноў. — Прычым, што цікава, з аднаго боку, яны працуюць пад уплывам такіх сусветных брэндаў, як Vogue, Elle, Esquire і інш., а з другога — адлюстроўваюць менавіта сваю ментальнасць, тэрытарыяльнасць, карацей кажучы, тое непасрэднае месца, дзе яны жывуць, развіваюцца, вучацца. І ў выніку атрымліваецца ўнікальны мікс. Мы бачым на фотаздымках не толькі твары, але і ландшафт. Наш, беларускі”.

“Настаўніцкая газета” пацікавілася таксама і меркаваннем некаторых сяброў журы.

Міхаіл Маруга: “Конкурс усё больш прыцягвае ўдзельнікаў. Я не сказаў бы, што сусветныя брэнды неяк ціснуць на канкурсантаў. Наадварот, гэта добра, што яны імі цікавяцца, што яны шукаюць для сябе нейкія арыенціры. Мне асабіста вельмі прыемна, што тут мноства фатаграфій менавіта ў стылі fashion — стыльных, модных. Я тут сустрэў некалькі калекцый фота, гатовых для моднага часопіса, — бяры і друкуй. Гэта — прафесіяналізм. Гэта прыгожа, чыста, акуратна. А яшчэ парадавала тое, што сёння фатографы працуюць у камандзе. Раней жа як было? Фатограф прыдумаў для сябе нейкую гісторыю — і мучаецца адзін. Гэта вельмі цяжка, нават непад’ёмна. А сёння фотамастакі працуюць у звязцы з прафесійнымі дызайнерамі, стылістамі, візажыстамі, цырульнікамі. Усе дапамагаюць адно аднаму — і ў выніку атрымліваюцца цудоўныя фота”.

Аляксандр Канатоп: “Узровень работ фатографаў “Млына моды” з году ў год павышаецца. Нават у параўнанні з мінулым годам я ўбачыў намнога менш шаблонных фатаграфій і намнога больш тых, якія набліжаюцца да мастацтва, з багатым унутраным светам. Шчыра кажучы, для мяне асабіста гэта вялікая перазагрузка — паглядзець, што робіць моладзь. Усе фатографы вельмі розныя. Гэта тым больш радуе, калі разумееш, што ў фотамастацтве ўсё ўжо было. Але ж само фота будзе жыць вечна. Мяне фатаграфія прыцягвае за кошт менавіта эмоцый, а не выразнай пастаноўкі сюжэта. Можна фатаграфаваць людзей на дакументы, але і тут усе фотаздымкі будуць розныя, таму што людзі — розныя! І тут — тое ж самае. Калі ў фатографа атрымліваецца перадаць характар мадэлі — фатаграфія будзе ўнікальная. Таму што ўсе мадэлі — розныя. Я не скажу, што ўсе прадстаўленыя тут фота мне падабаюцца. Але нават тыя, якія не падабаюцца, мяне чапляюць. Значыць, фатограф трапіў у цэль”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.