Па патрыятызм і новыя формы работы — у школьны музей

- 10:26Адукацыйная прастора

Рэспубліканскі семінар “Музей установы адукацыі як цэнтр пошукавай, даследчай і прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі” сабраў на Магілёўшчыне прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі, навуковых супрацоўнікаў музеяў.

Праца ўдзельнікаў семінара была накіравана на ўдасканальванне дзейнасці музеяў устаноў адукацыі, прыцягненне ўвагі шырокіх колаў грамадства да яе шматграннасці, стымуляванне творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў. У праграму ўвайшлі пленарнае пасяджэнне, прэзентацыя музеяў устаноў адукацыі і праектаў Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава, інтэрактыўная пляцоўка “Крок у прафесію”, тэматычны круглы стол.

На думку выступоўцаў, роля школьных музеяў у рэалізацыі рэгіянальнага кампанента ў адукацыі і выхаванні сучаснай моладзі даволі высокая: дзякуючы іх функцыянаванню вучні не толькі знаёмяцца з гісторыяй і культурай сваёй малой радзімы, але і становяцца больш ініцыятыўнымі, развіваюць самастойнае мысленне і здольнасць да даследчай дзейнасці.

— Тэма семінара вельмі актуальная, бо музеі ўстановы адукацыі сапраўды з’яўляюцца цэнтрамі пошукавай, даследчай і прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, — падкрэсліла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Васільеўна Драпакова. — Сёння склалася сістэма супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і музейных устаноў культуры. Яна рэалізуецца праз розныя формы работы: правядзенне сумесных праектаў, акцый, конкурсаў, свят і фестываляў, выязных міні-выстаў, прэзентацый, майстар-класаў, лекцый. Назапашваецца станоўчы вопыт, які трансліруецца і ўкараняецца ў музейна-педагагічныя праграмы. Вопыт, набыты ў Магілёўскай вобласці, таксама ляжа ў аснову метадычных рэкамендацый, якія будуць выдадзены па выніках семінара.

Аб пошукавай, даследчай і прафарыентацыйнай дзейнасці музеяў устаноў адукацыі Прыдняпроўскага рэгіёна падрабязна расказала загадчык аддзела краязнаўства і пошукавай работы абласнога Цэнтра творчасці ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Святлана Анатольеўна Барысенка.

— У сістэму адукацыі Магілёўскай вобласці ўваходзяць 194 музеі, з якіх 171 знаходзіцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, 14 — прафесійна-тэхнічнай, 9 — ва ўстановах, якія рэалізуюць праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — адзначыла спецыяліст. — Самаму старэйшаму музею ў Старасельскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна ў наступным годзе споўніцца 70 гадоў, самаму малодшаму — музею сацыялістычнага побыту ў Княжыцкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна — усяго паўгода.

Багаты вопыт работы Святланы Анатольеўны паказвае, што музеі з’яўляюцца важным звяном у сістэме выхаваўчай работы ўстановы адукацыі. На іх базе праводзяцца прадметныя ўрокі, масавыя мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, школьныя канферэнцыі, семінары, вядзецца карпатлівая навукова-даследчая і пошукавая работа, працуюць клубы, факультатывы і аб’яднанні па інтарэсах, выпускаюцца інфармацыйныя бюлетэні, складаюцца схемы размяшчэння помнікаў гісторыі і культуры сваёй мясцовасці, тапанімічныя слоўнікі, банкі даных аб знакамітых земляках.

У многіх раёнах Магілёўскай вобласці музеі ўстаноў адукацыі сталі каардынацыйнымі цэнтрамі пошукавай работы. Саветы музеяў вывучаюць невядомыя старонкі гісторыі і баявога мінулага свайго рэгіёна, устанаўліваюць лёсы загінуўшых абаронцаў Бацькаўшчыны, увекавечваюць памяць байцоў.

Напрыклад, саветам гісторыка-краязнаўчага музея Гадылёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна апрацаваны 36 баявых данясенняў аб беззваротных стратах, устаноўлены імёны 1734 воінаў, якія не значацца ў спісах пахаванняў раёна. З іх 88 прозвішчаў адсутнічаюць у электроннай базе даных Магілёўскай вобласці. У працэсе апрацоўкі дакументаў устаноўлена 10 няўлічаных пахаванняў. За актыўную пошукавую работу, а таксама ўмацаванне супрацоўніцтва паміж расійскім і беларускім народамі савет музея ўзнагароджаны граматамі і падзячнымі лістамі адміністрацыі Краснагорскага раёна Бранскай вобласці.

Пошукавым атрадам “Памяць” пры музеі Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна разам з клубам “Віккру” ўстаноўлены больш як 200 імёнаў воінаў 20-га механізаванага корпуса, які ўдзельнічаў у абароне Магілёва, і месцы іх пахаванняў. Больш за тое, падтрымліваецца перапіска з роднымі загінуўшых.

Саветамі музеяў добраўпарадкоўваюцца воінскія пахаванні, ускладаюцца кветкі да падножжа мемарыялаў, аказваецца адрасная дапамога ветэранам вайны і працы, праводзяцца патрыятычныя акцыі, ствараюцца банкі даных “Галасы Перамогі”, “Дзеці вайны” і інш. Працягваюцца традыцыі правядзення паходаў па месцах воінскай славы.

У школьных музеях вобласці вядзецца актыўная даследчая работа. Так, савет народнага гісторыка-этнаграфічнага музея Горскай сярэдняй школы Горацкага раёна надае вялікую ролю вывучэнню і папулярызацыі асаблівасцей культуры і побыту сваёй малой радзімы. Увагі заслугоўвае калекцыя мяккай этнаграфіі з фондаў музея, якой зацікавіліся спецыялісты музея этнаграфіі і фальклору пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У дар установе культуры перададзены камплект народнага жаночага касцюма Горы-Горацкага ладу. А вось пры музеі народнай творчасці сярэдняй школы № 21 Бабруйска дзейнічае фальклорны тэатр і аб’яднанне па інтарэсах “З народных вытокаў”. Там вывучаюць традыцыі саломапляцення і работы з прыродным матэрыялам мясцовых майстроў. Савет музея прымае ўдзел у запісе серыі перадач на мясцовым радыё аб каляндарна-абрадавым цыкле нашых продкаў.

— Цэлы шэраг школьных музеяў Магілёўшчыны актыўна супрацоўнічае з праваслаўнай царквой, — адзначыла Святлана Анатольеўна. — Напрыклад, на базе валанцёрскага атрада пры музеі баявой славы Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна пад кіраўніцтвам маладога педагога Сяргея Лукашэнкі дзейнічае ўнікальны праект “Бясплатны друк праваслаўнай літаратуры”, які накіраваны на дапамогу сельскім святарам з розных дыяцэзій Беларускай Праваслаўнай Царквы. За гэты час створаны 15 парафіяльных бібліятэк, 22 відэатэкі, падрыхтавана і раздадзена каля 10 тысяч кніг і брашур.

Яркім прыкладам таго, як школьны музей можа ператварыцца ў сучасны культурна-адукацыйны цэнтр, стаў музей баявой славы сярэдняй школы № 34 Магілёва, які ўдзельнікі семінара наведалі пасля пленарнага пасяджэння. Перадавым вопытам з імі дзялілася намеснік дырэктара навучальнай установы, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, аўтар шматлікіх адукацыйных праектаў Галіна Мікалаеўна Бяляева. Дзякуючы яе намаганням, на базе школы адкрылася і паспяхова працуе рэспубліканская інавацыйная пляцоўка “Укараненне аўтарскай праграмы выхавання вучняў сродкамі музейнай педагогікі”, распрацаваны электронныя праграмы рэгіянальнага напрамку “Гісторыя Магілёва”, “Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні”, “Гербы Магілёўшчыны”, “Кастрычніцкі раён: 50 гадоў развіцця”, “Этнаграфічны слоўнік” і інш.

Падчас семінара яго ўдзельнікі звярнулі ўвагу і на вялікую колькасць практычных навыкаў, якія набываюць навучэнцы ў працэсе рэалізацыі розных відаў музейнай дзейнасці. Так, шырокае поле для вынаходніцкай і тэхнічнай творчасці дае дзецям неабходнасць вырабу абсталявання для музея, распрацоўкі і стварэння экспазіцый. Яны атрымліваюць магчымасць авалодаць навыкамі сталярнай і слясарнай справы, навучыцца працаваць з рознымі матэрыяламі. Пра гэта ўдзельнікам семінара расказвалі ў Магілёўскім дзяржаўным ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага.

Завяршыла праграму семінара адкрыццё выставы, прысвечанай жыццю і дзейнасці Канстанціна Міхайлавіча Сіманава, а таксама наведванне створанага рукамі навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа музейнага комплексу пад адкрытым небам, прысвечанага вызваленню пасёлка Буйнічы пад Магілёвам у 1944 годзе.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.