Па поклічы сэрца

- 12:59Актуально, Апошнія запісы

Рэспубліканскі цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху, што ў Мінску, мае ўжо больш чым паўвекавую гісторыю — адкрылі яго ў 1963 годзе. Менавіта гэтая ўстанова стала адным з аб’ектаў, дзе падчас рэспубліканскага суботніка працавалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Каманду добраахвотных памочнікаў узначаліў міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.

— У кожнай вобласці самі вызначалі аб’екты, дзе неабходна папрацаваць, — патлумачыў Міхаіл Анатольевіч. — Мы ў міністэрстве вырашылі, што гэты цэнтр найбольш актуальны для нас, цікавы з пункту гледжання добраўпарадкавання, наладжвання быту дзяцей з праблемамі слыху. Таму па поклічы сэрца мы сёння тут.
Акрамя таго, супрацоўнікі міністэрства наводзілі парадак і ў будынку міністэрства і вакол яго, працавалі ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.А.Ахрэмчыка. Як запэўніў міністр, працаваць падчас рэспубліканскага суботніка выйшлі работнікі ўсіх падведамасных міністэрству ўстаноў. Хтосьці пры гэтым працаваў на сваім рабочым месцы, бо для сістэмы адукацыі пачалася гарачая пара — уступная кампанія.
— Усе адгукнуліся на заклік папрацаваць на суботніку, ніхто не ўхіліўся, — дадаў М.А.Жураўкоў. — Акрамя таго, мы пералічым наш дзённы заробак у фонд суботніка.
А ў Рэспубліканскім цэнтры для дзяцей з парушэннем слыху супрацоўнікі міністэрства прыбіралі тэрыторыю, абкопвалі дрэвы, фарбавалі надворнае абсталяванне. І дзецям, і бацькам, якія наведваюць цэнтр, такая чысціня і парадак, безумоўна, прыйдуцца даспадобы.
— Да нас прыязджаюць дзеці з усёй краіны, уключаючы хлопчыкаў і дзяўчынак з кахлеарнымі імплантамі, — расказала дырэктар установы Ала Вячаславаўна Вераценнікава. — Адзін з напрамкаў нашай работы — ранняя дапамога дзецям, таму мы бяром малых ва ўзросце ад паўгода. Маці і бацькі прывозяць іх на кансультацыйныя заняткі. Радуе, што шмат дзяцей ужо на ўзроўні дашкольнай адукацыі ідуць па месцы жыхарства і ў інтэграваныя, і ў агульнаадукацыйныя групы.
Нагадаю, што згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 красавіка 2015 года № 270 “Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2015 годзе” 50% грошай, заробленых на ім, застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.